Здароўе грамадзян заўсёды ў прыярытэце

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася са студэнтамі медыцынскіх ВНУ напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў.

“На нашай сустрэчы прысутніча­юць маладыя людзі з усіх медыцынскіх ВНУ краіны, якія атрымліваюць цудоўную прафесію. Наогул, мне здаецца, што гэта нават не прафесія і не спе­цыяльнасць — гэта прызванне, лад жыцця. Паколькі, па-першае, трэба бязмерна любіць людзей. Па-другое, трэба разумець, што, выбраўшы прафесію ўрача, ты вызначыў яе галоўнай у жыцці. Калі ты як урач любіш людзей, то лічы, што твая прафесія адбылася. Я заўсёды кажу: можна вылечыць часам і словам. Калі ўрач павёў сябе разважліва, натхніў пацыента, то гэта залог поспеху ў яго лячэнні. Акрамя таго, урач павінен вучыцца на працягу ўсяго жыцця”, — сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, што здароўе грамадзян у нашай краіне заўсёды ў прыярытэце. “І, вядома, дзякуючы нашым урачам у нас сёння створана такая добрая сістэма аховы здароўя… У Беларусі ў сістэму аховы здароўя накіроўваюцца значныя сродкі. У нас сацыяльна арыентаваная дзяржава і заў­сёды праводзілася такая палітыка, дзе галоўнае — гэта чалавек, клопат аб ім. І тыя падыходы, якія ўжываюцца пры фарміраванні дзяржаўных пра­грам, чатыры нацыянальныя праграмы дэмаграфічнай бяспекі, што былі прыняты, даюць свае вынікі: павялічваецца працягласць жыцця”.

Наталля Качанава павіншавала студэнтаў з надыходзячым прафесійным святам. “На працягу ўсяго гэтага тыдня мы сустракаемся з медыцын­скімі работнікамі, якія працуюць у сі­стэме аховы здароўя краіны. Дзякуем ім за работу, таму што для любога чалавека яго здароўе, здароўе родных і блізкіх — гэта самае важнае. Хацелася б пажадаць, каб ваш выбар супаў з тым, чым вы будзеце займацца на працягу ўсяго свайго жыцця. Таму што гэта вельмі важна — зрабіць усвядомлены выбар будучай прафесіі, — падкрэсліла яна. — Я хачу пажа­даць вам шчасця, здароўя, любові, каб усе вашы мары спраўдзіліся, каб вы знайшлі сябе ў гэтай прафесіі і рэалізаваліся, выконваючы тую функцыю, якая будзе ўскладзена на вас. А гэта захаванне жыцця і здароўя нашых грамадзян. Урачы суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыцця. Вы даяце жыццё. Таму ўдачы і поспехаў вам у гэтай рабоце. І яшчэ я вельмі хацела б вам пажадаць, каб вы рэалізавалі сябе ў сваёй краіне і зрабілі ўсё для таго, каб наша краіна была такой жа прыгожай, светлай, чыстай, спакойнай, паспяховай. Гэта шмат у чым залежыць ад вас, таму што вы тыя, хто ідзе за намі”.

Мерапрыемства было ініцыіравана Пастаяннай камісіяй па ахове здароўя, спорце і турызме Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным схо­дзе. Традыцыйна сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу.

“Гэта вельмі важнае мерапрыем­ства, паколькі мы працягваем весці барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй і студэнты-медыкі ў тым ліку вельмі актыўна ўключыліся ў барацьбу з гэтым сур’ёзным выклікам для ўсяго свету. У студэнтаў была магчымасць за­даць пытанні наконт арганізацыі работы ўстаноў аховы здароўя ў перыяд пандэміі, размеркавання, рэзідэнтуры, прафарыентацыі. Я лічу, што такі кантакт са спікерам Савета Рэспублікі — магчымасць атрымаць дакладныя і канструктыўныя адказы на ўсе хвалюючыя пытанні”, — сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Уладзіслаў Волчак.