Здароўе нацыі і ідэалогія

- 12:57Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць развіцця спорту ў якасці аднаго з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця зімовых відаў спорту.

“Спорту ў нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага. Пытанні яго развіцця знаходзяцца на пастаянным кантролі. Гэта не толькі здароўе нацыі, але і велізарны пласт нашай ідэалагічнай работы, а значыць, адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Дзякуючы перамогам беларускіх атлетаў, фарміруецца імідж дзяржавы, выхоўваецца патрыятызм”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі створана неабходная інфраструктура для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Што тычыцца зімовых відаў, у кожным рэгіёне ёсць лядовыя арэны, пабудавана па некалькі трас, якія зімой выкарыстоўваюцца для лыжных гонак, а летам — для лыжаролераў. Дадзены даручэнні аб будаўніцтве ўсесезонных аб’ектаў для лыжных трэніровак у Раўбічах і Мінску, што дасць магчымасць арганізаваць круглагадовую падрыхтоўку на снезе.

“Дзяржава выдзяляе значныя сродкі на падрыхтоўку нацыянальных каманд да асноўных стартаў. За чатыры гады на фінансаванне зімовых відаў зрасходавана $10,5 млн, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Разам з тым зімовыя Алімпійскія гульні, якія прайшлі ў Карэі, прынеслі Беларусі толькі тры медалі. Гэта вынік сур’ёзных праблем у рабоце ўсёй спартыўнай галіны”.

Прэзідэнт пры гэтым адзначыў, што ў краіне аддаюць належнае чэмпіёнкам у фрыстайле і біятлоне, аднак не ўсе прадстаўнікі Беларусі паказалі вынікі, якіх ад іх чакалі. “Для любога спартсмена Алімпіяда — найважнейшы старт чатырохгоддзя, а часам і ўсяго жыцця. Тут кожны ўдзельнік абавязаны выступаць на мяжы сваіх магчымасцей, ведаючы, што за яго хварэе краіна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І наогул, на Алімпіяду, чэмпіянаты свету, кантынентальныя чэмпіянаты едуць не для таго, каб нават добра выступіць, як некаторыя нашы функцыянеры прывыклі ў СМІ заяўляць. На такія форумы едуць заваёўваць медалі”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, губернатары сёння павінны займацца развіццём спорту ў рэгіёнах не менш, чым пасяўной кампаніяй. “Гэта іх хлеб і работа. Гэтак жа, як пасяўная кампанія, гэтак жа і спорт, якому мы павінны ўдзяляць сур’ёзную ўвагу”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Адказным службовым асобам ва ўрадзе і Адміністрацыі прэзідэнта даручана вызна­чыць крытэрыі, каб кожная вобласць прадэманстравала сябе ў летніх і зімовых відах спорту. “І мы будзем даваць ацэнку рабоце губернатараў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён папракнуў кіраўнікоў рэгіёнаў, што тыя не праяўляюць патрэбнай ініцыятывы і не займаюцца спартыўнай сферай. “Вы што, самі не бачыце, што гэта мы павінны рабіць, гэта наша работа, здароўе людзей, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Думаю, што гэта будзе апошняя наша размова з губернатарамі на гэтую тэму”.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў многіх гарадах пабудаваны лядовыя арэны і каткі, аднак гэтыя пляцоўкі не выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі маладых спартсменаў. “Чаму на базе гэтых каткоў няма хакейнай школы і каманды, якая ў чэмпіянаце Беларусі гуляла б? Стварайце ўмовы, каб туды прыйшлі добрыя хакеісты. Праз два гады, дрэнна або добра, але іх будуць тысячы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы закрануў на нарадзе сітуацыю ў розных зімовых відах спорту і падняў канкрэтныя праблемныя пытанні.

Пра хакей

“Нягледзячы на беспрэцэдэнтныя ўмовы, створаныя, напрыклад, для падрыхтоўкі хакеістаў, яны наогул не трапілі на Алімпіяду. Правалілі другую запар кваліфікацыю, уступіўшы Славеніі. Вы помніце гэтую ганьбу дома, у Мінску. Апошні чэмпіянат свету ў Парыжы наша зборная завяршыла на грані вылету з вышэйшага дывізіёна”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў параўнаць гульню цяперашняй зборнай Беларусі па хакеі з гульнёй нямецкай каманды. “Калісьці мы наогул сур’ёзна не ўспрымалі нямецкую зборную. Зусім нядаўна, 2—3 гады назад. І дзе сёння немцы, і дзе сёння мы? Скажаце, чагосьці вам не хапіла? З дзесяці мільёнаў не хапіла выбраць 20 чалавек, каб дастойна выглядаць і трапіць на Алімпіяду. Але ж гэты від спорту пастаянна на вачах, для яго нямала зроблена”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што ў краіне пабудавана амаль 40 хакейных арэн. “У параўнанні з самым паспяховым для нас 2002 годам, коль­касць тых, хто займаецца, павялічылася больш як у два разы, штатных трэнераў — амаль у тры разы. А выніку няма. Дакладней, ён ёсць, але б лепш яго не было. І рэальных перспектыў пакуль не відаць. Але пажывём — убачым. На носе чэмпіянат свету”, — папярэдзіў беларускі лідар.

Пра біятлон і лыжныя гонкі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у мужчынскім біятлоне вынікі Алімпіяды ў Рэспубліцы Карэя засмучальныя. “Часам глядзіш на нашых мужыкоў, якія бегаюць з вінтоўкамі, і такой ганьбы… Хацелася б куды-небудзь ад яе схавацца — кудысьці пад венік, пад плінтус запаўзці, каб гэтага не бачыць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — У жаночай камандзе не відаць, хто прыйдзе на змену Домрачавай і Скардзіна. І калі нехта ацэньвае выступленне жаночай каманды па біятлоне як паспяховае, то я прапанаваў бы гэтым людзям ачнуцца і паглядзець рэальна на тое, як выступалі нашы біятланісты наогул, дзяўчаты таксама”.

“І наогул павінен сказаць, што наша “золата” на Алімпіядзе хутчэй выпадковае, чым заканамернае. Усё “золата”. Але гэта спорт. Ёсць вынік — нічога не скажаш. Але галоўнае, каб мы за гэтымі вынікамі бачылі праблемы, якія ў нас існуюць. І ў падрыхтоўцы, і ў спартсменах, і ў саміх трэнерах”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“У лыжных гонках дастойнага выніку і блізка не відаць. А гэты від спорту базавы і для біятлона. Але горш, напэўна, у гісторыі яшчэ не было”, — занепакоены прэзідэнт.

Пра канькабежны спорт

“У канькабежным спорце змаглі зрабіць крок наперад. І тут вы мяне супакойваеце, што нашы атлеты тры разы трапілі ў васьмёрку наймацнейшых. Яшчэ раз паўтараю: на Алімпіяду, каб трапіць у васьмёрку, няма чаго ехаць. Адзінае, што можна сказаць, што абстралялі гэтую моладзь, а на будучых Алімпійскіх гульнях яны нам прынясуць медалі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу на шорт-трэк, які з’яўляецца даволі медаляёмістым відам спорту. “Але геаграфія яго развіцця бедная, ня­гледзячы на магчымасці займацца гэтым відам спорту”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра фігурнае катанне

“Фігурыстаў наогул не відаць, хоць у нас больш за тысячу тых, хто займаецца ў спартыўных школах”, — канстатаваў прэзідэнт.

“І ўсе чагосьці чакаюць. Што заўтра прэзідэнт паедзе ў Расію, запросіць пару трэнераў або хаця б адну… і яна прыедзе да нас, выгадуе тут новую Мядзведзеву (расійская фігурыстка Яўгенія Мядзведзева.Заўв. БелТА.)”, — дадаў беларускі лідар.

Пра фрыстайл

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў фрыстайле (акрабатыка) Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў. І ў Карэі была магчы­масць узяць палову медалёў у гэтай дысцыпліне. “Аднак не ўзялі. І віна ў гэтым не толькі спартсменаў. Вядома, ёсць пытанні да аб’ектыўнасці судзейства. Але не менш іх адносна падыходаў трэнерскага штаба”, — лі­чыць Аляксандр Лукашэнка.

“Вельмі сумна, калі ў фрыстайле сёй-той зазнаўся. Трэба своечасова спусціцца на зямлю”, — падкрэсліў ён.

Пра горныя лыжы і снаўборд

Прэзідэнт таксама пацікавіўся перспектывамі развіцця ў Беларусі горных лыж і снаўборда. “Тут што перашкаджае займацца? Зразумела, прорва па горных лыжах, ну а хто перашкаджае снаўбордам займацца? Хоць якім-небудзь відам снаўборда. Па гэтых відах спорту адкрыты аддзяленні ў спартыўных школах, на якія таксама выдзяляюцца дзяржаўныя сродкі. Дзе аддача?” — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Пра выхаванне спартыўнага рэзерву

“Галоўнае пытанне я адрасую кіраўніцтву ўсёй галіны. У першую чаргу федэрацыям па відах спорту: як ідуць справы з выхаваннем спартыўнага рэзерву? Хто будзе выступаць заўт­ра? Якія ў нас перспектывы ў зімовых відах спорту?” — запытаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы даклады і выступленні ўдзельнікаў нарады, паставіў перад адказнымі асобамі адпаведныя канкрэтныя задачы.