Літаратурна-музычная кампазіцыя “Славуты сын беларускай зямлі”, якая адбылася ў нашай школе, была прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
У актавай зале сабраліся вучні 6 і 7 класаў. Вядучыя запрасілі прысутных у цікавае падарожжа па жыццёвых сцяжынках славутага першадрукара. У выкананні вучняў 7 “В” класа прагучалі ўрыўкі з вершаў М.Лужаніна, Н.Гілевіча, У.Скарынкіна, М.Пазнякова, прысвечаныя вядомым старонкам жыцця і творчасці Ф.Скарыны. На працягу ўсяго мерапрыемства дэманстравалася прэзентацыя, а таксама вучням быў прапанаваны відэаролік “500 гадоў гісторыі беларускага кнігадрукавання”.
З асаблівай цікавасцю вучні глядзелі інсцэніроўку ўрыўка паводле п’есы беларускага пісьменніка Алеся Петрашкевіча “Напісанае застаецца”. Ролі выконвалі вучні 11 “А” класа Дзмітрый Глазуноў (Нунцый — дыпламатычны прадстаўнік Папы Рымскага) і Андрэй Кротаў (Францыск Скарына). Як запавет нашчадкам прагучалі пранікнёныя і мудрыя словы Ф.Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.
Беларускамоўнае свята яшчэ раз пераканала нас у тым, што Скарына — гонар, сумленне і слава Беларусі. Ён пасланы нам, беларусам, на стагоддзі, назаўсёды, навечна!
Таццяна ФАМІНА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Чавус.