Жалезная прыгажосць

- 8:35Сацыяльны ракурс

Сустрэцца з Рамазанам Махмудавым (дзякуючы яму і яго творчаму выставачнаму аб’яднанню “RamzesExpo” у Мінскую абласную бібліятэку імя А.С.Пушкіна прыляцелі крохкія трапяткія стварэнні — матылькі) давялося крыху раней, калі ў гэтай жа прасторы дэманстравалася іншая выстава — “Халодная зброя ўсіх часоў і народаў”. Шчыра кажучы, многае адразу ўразіла мяне ў яго асобе. Ну хоць бы ўжо тое, што ён з’яўляецца прадстаўніком дастаткова рэдкай каўказскай нацыя­нальнасці — табасаранцам. Ці тое, што ён першым у Беларусі пачаў займацца індывідуальнай выставачнай дзейнасцю яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі нават у законе не было графы, якая б рэгламентавала такі занятак. Затое сёння не знойдзецца, мабыць, ніводнага больш-менш буйнога беларускага музея, дзе б не праходзілі выставы “RamzesExpo”.

Яно і нядзіўна. У распараджэнні Рамазана Махмудава на сённяшні момант каля тузіна самых разнастайных выставачных калекцый — ад “Саду камянёў”, дзе прадстаўлены мінералы і горныя пароды, да “Знакамітых каханкаў” з эратычнай скульптурай Андрэя Вараб’ёва. Каб чытачу лягчэй было ўявіць маштаб усіх гэтых калекцый, назаву наступныя лічбы: у калекцыі матылькоў — каля 500 відаў, у “Садзе камянёў” — каля тысячы экспанатаў, у калекцыі ракавін і іншых дарункаў мора — таксама не менш за тысячу… Пры гэтым, адказваючы на пытанне пра агульную колькасць “адзінак захавання” ў сваім “музеі”, Рамазан Магамедавіч толькі загадкава ўсміхаецца і кажа: “Не лічыў… Дый гэта для мяне не галоўнае. Галоўнае — рабіць сваю справу. А справа майго жыцця — калекцыяніра­ваць цікавыя рэчы і спрыяць таму, каб лю­дзі больш ведалі і былі разумнейшымі”.

Мы гутарылі з ім у акружэнні зброі. Сказаць “самай разнастайнай зброі” — нічога не сказаць. Кожны прадмет тут ужо сам па сабе сімвалізаваў нешта вялікае і каранёвае. Хочацца спа­дзявацца, што размешчаныя побач фота­здымкі дадуць чытачу магчымасць хоць у нейкай ступені адчуць гэта. Шкада толькі, што ён не зможа вось проста ў гэты момант, напрыклад, аперазацца шашкай, прымераць на сабе папаху або пагладзіць дагестанскі кінжал. Пра шашку зусім не жартую. Яны, каўказскія, такія гнуткія, што іх можна склад­ваць, як паперу. І папаха вартая таго, каб яе прымераць нават у летнюю спёку: яна, быццам тэрмас, трымае і зімой, і летам тэмпературу 36,6°С.

Кінжалы ж наогул асобная размова. Пра іх філасофію расказваў Рамазан Магамедавіч гадзіну. Што больш за ўсё запомнілася? Той факт, што яму ў васьмігадовым узросце падарыў першы ў жыцці кінжал бацька, і з таго часу пачалася ўся гэтая яго любоў — да кінжалаў, шабляў, шашак, нажоў, пісталетаў… А яшчэ фраза, якую можна пачуць і сёння на Каўказе пра мужчыну, які не мае свайго кінжала і прыйшоў у мужчынскую кампанію: “Што ты голы стаіш сярод мужчын?”.

Асобныя раздзелы на выставе “Халодная зброя ўсіх часоў і народаў” складаюць табасаранскія дываны, пірацкая атрыбутыка, самурайскія даспехі… Ёсць нават такія рэдкія рэчы, як масонскі рытуальны нож, іншая цырыманіяльная зброя.

— Рамазан Магамедавіч, вам добра ў Беларусі?

— Лепей, чым дома, дзе я стараюся бываць хаця б адзін раз на год.

— У чым сэнс жыцця?

— У сям’і, у пераемнасці пакаленняў. У тым, каб не страчваць карані і ў той жа час паважаць тую зямлю, дзе ты жывеш у гэты момант.

— У вас ёсць дзеці?

— Тры дзяўчынкі і адзін хлопец.

— Яму вы ўжо падарылі кінжал?

— Не, ён пакуль маленькі. Яму толькі тры гадкі. Калі будзе восем, падару…

Мікола ЧЭМЕР.
gilevitch@ng-press.by