Жыць і памятаць

- 11:34Культура

У суботу ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства былі падведзены вынікі рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Чарнобыль: падзеі, лёсы, памяць” і тэматычнай дэкады. Падчас мерапрыемства прайшло ўзнагароджванне пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага конкурсу “Чарнобыль — погляд скрозь гады” і прэзентацыя выставачнай экспазіцыі “Чарнобыль вачыма дзяцей”.

У рамках праекта ва ўстановах адукацыі з лютага па красавік праходзілі сустрэчы з удзельнікамі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, круглыя сталы, навучэнцы праводзілі даследчую работу, вывучалі лёс пакінутых вёсак і біяграфіі ліквідатараў. Усе гэтыя грамадзянска-патрыятычныя справы сведчаць пра мэтанакіраваную комплексную работу, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі па захаванні памяці пра чарнобыльскую рану Беларусі.

— Колькі б гадоў ні прайшло з дня чарнобыльскай трагедыі, мы будзем памятаць імёны тых людзей, якія цаной свайго здароўя і жыцця здабылі нашу з вамі бяспеку, выканаўшы грамадзянскі абавязак. Па функцыянальных абавязках мне нярэдка даводзіцца сустракацца з ўдзельнікамі ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС. І я ніколі не чула ад гэтых людзей нараканняў. Тыя праблемы, з якімі яны сутыкаюцца па стане здароўя, яны мужна пераадольваюць. Дзякуй ім за тое, што прадухілілі яшчэ большую трагедыю, а дзецям жадаю любіць малую радзіму, вывучаць яе і памятаць пра людзей, якія яе гераічна абаранялі, — адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова.

Мы памятаем герояў Чарнобыля, мужных пажарных, якія прыступілі да тушэння пажару ў першыя хвіліны пасля аварыі. Мы памятаем ваенных, лётчыкаў, якія на працягу пяці сутак залівалі, ахалоджваючы рэактар вадой, засыпалі пяском і тым самым папярэдзілі ўзрыў, катастрофу намнога больш глабальную, чым тая, што адбылася.

— Трагедыя на ЧАЭС прымусіла сусветную грамадскасць па-новаму паглядзець на мірны атам, перагледзець усе сістэмы бяспекі на функцыянуючых атамных электрастанцыях. Дзяржава працягвае выдзяляць вялізныя сродкі на ліквідацыю наступстваў катастрофы. З дапамогай сучасных тэхналогій, тэхналагічных працэсаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі мы навучыліся атрымліваць чыстую прадукцыю ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. Атрыманая прадукцыя самым жорсткім чынам правяраецца і адпавядае ўсім стандартам, яна запатрабавана на экспарт. Да нас прыязджаюць пераймаць вопыт па ліквідацыі наступстваў катастрофы з развітых краін свету, у тым ліку і з Японіі, — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай і арганізацыйна-кадравай работы Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Аляксей Мікалаевіч Чалак.

Падчас мерапрыемства сваімі думкамі адносна аварыі на ЧАЭС і пераадолення яе наступстваў дзяліліся навукоўцы, педагогі, навучэнцы, аднак галоўнымі героямі сустрэчы былі, безумоўна, ліквідатары. Ім (напрыклад, намесніку старшыні праўлення грамадскага аб’яднання “Ветэраны Чарнобыля” Сяргею Віктаравічу Шалькевічу) было няпроста згадваць сваю маладосць, вобразы пакінутых вёсак, пра якія і цяпер, амаль праз 30 гадоў, нельга гаварыць без камяка ў горле. Падзякі заслугоўваюць не толькі мужныя ліквідатары, але і этнографы — спецыялісты, якія ў першыя пасля катастрофы на ЧАЭС гады збіралі прадметы побыту ў выселеных вёсках і тым самым захавалі памяць пра пакінутыя мясціны.

Па словах загадчыка аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі кандыдата філалагічных навук Барыса Андрэевіча Лазукі, пасля катастрофы на ЧАЭС супрацоўнікам інстытута ўдалося здзейсніць шэраг навуковых экспедыцый у выселеныя вёскі з мэтай збірання і захавання той багатай культурнай спадчыны, якую людзі, на жаль, вымушаны былі пакінуць. Сабраныя помнікі этнаграфіі, народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прайшлі неабходную апрацоўку і цяпер складаюць унікальную калекцыю Музея старажытнай беларускай культуры НАН Беларусі. “Нельга забываць пра людзей, якія воляй лёсу пакінулі родныя мясціны, нельга забываць тую спадчыну, якую яны пакінулі пасля сябе. Будзем памятаць, будзем шанаваць — будзем жыць”, — адзначыў Барыс Андрэевіч.

Яскравым пацвярджэннем гэтых слоў сталі работы ўдзельнікаў конкурсу “Чарнобыль — погляд скрозь гады”, якія даследавалі лёсы ліквідатараў, дзяліліся сваімі думкамі пра чарнобыльскую рану, нанесеную нашай сінявокай Беларусі. У намінацыі “Чарнобыльскі шлях — дарога жыцця па роднай зямлі” дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Музеязнаўства” Гадылёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна (кіраўнік Л.М.Папкова), Іван Чухонцаў з сярэдняй школы № 9 Слоніма (кіраўнік С.М.Коваль) і Ірына Карчэўская з Крулеўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна (кіраўнік Н.У.Рандарэвіч). У намінацыі “Чарнобыль вачыма дзяцей” пераможцамі сталі Ангеліна Дзямідава з Навасельскай сярэдняй школы Барысаўскага раёна (кіраўнік А.У.Зубкоўская), Настасся Гос і Дзіяна Варабей з Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці (кіраўнік Т.П.Валевач), Руслан Галушчанка з ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава (кіраўнік М.М.Ржавуцкая) і Таццяна Навумовіч з Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (кіраўнік Ю.У.Клімянкова). Будзем памятаць пра Чарнобыль, каб ён больш ніколі не паўтарыўся.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.