Жыццярадаснасць — яе адметная рыса

- 11:48"Настаўніцкай газеце" — 70

Гераіня гэтага матэрыялу нават не змагла ўспомніць той фотаздымак у “Настаўніцкай газеце”
30-гадовай даўнасці. А яе маці, Ніна Кірылаўна, хуценька палезла да паліцы, дзе захоўваюцца дарагія яе сэрцу рэчы, і праз хвіліну працягнула дачцэ пажоўклую газету, на якой значылася дата выхаду: 1 мая 1985 года.

І ўспаміны проста нахлынулі на настаўніцу матэматыкі. То быў шосты год яе працы ў Красненскай сярэдняй школе Гомельскага раёна. Людміла Васільеўна прыгадала, як фотакарэспандэнт прасіў яе, нядаўнюю выпускніцу Гомельскага дзяржуніверсітэта, пазіраваць для фотаздымка, а яна адмаўлялася, бо саромелася сваёй квяцістай сукенкі.
— Добра, — згадзіўся той, стомлены ўгаворваннямі, — давайце тады проста для вас асабіста здымак зраблю.
— Гэта іншая справа! — згадзілася маладая настаўніца.
А ён нават не стаў чакаць, пакуль яна будзе рыхтавацца да гэтага адказнага моманту, і тут жа шчоўкнуў затвор. Праз некалькі дзён педагогі сельскай школы з гордасцю перадавалі газету адно аднаму, каб паглядзець на старонку з вялікім фотаздымкам сваёй калегі маладой настаўніцы матэматыкі Людмілы Васільеўны Халадняк.
Красненская школа для Людмілы Васільеўны — гэта жыццё. Тут у 1979 годзе, быў зроблены першы запіс у яе працоўнай кніжцы. І вось ужо 36 гадоў гэты дакумент нязменна знаходзіцца ў асабістай справе Л.В.Халадняк у сейфе той самай школы.
— Памятаю, як я першы раз трапіла ў вёску пасля размеркавання, — дзеліцца ўспамінамі субяседніца. — Мясцовасці не ведаю, праехала свой прыпынак, прыйшлося пешкі вяртацца назад. Зайшла ў школу — цішыня. Мяне адправілі на трэці паверх да дырэктара. Паднялася па лесвіцы — і нейкі знакавы момант! Перада мной адчыняюцца дзверы кабінета 3.1, адкуль выходзіць увесь педагагічны калектыў школы. Стаю, назіраю за ўсімі, нешта думаю, уяўляю… Потым гэты кабінет стаў маім.
Выпускніцу ўніверсітэта прынялі добразычліва. Асабліва важнай для маладой настаўніцы была падтрымка калег-матэматыкаў. Сапраўдным настаўнікам у шырокім сэнсе гэтага слова стала для Людмілы Васільеўны Тамара Сцяпанаўна Капкова. Чалавек, які прайшоў вайну, меў за плячыма вялікі педагагічны вопыт, у тым ліку і вопыт кіраўніка, яна з радасцю дзялілася ім з маладой дзяўчынай, дапамагала, раіла.
— Мы адразу пасябравалі, — расказвае Людміла Васільеўна. — А сяброўства наша завязалася за работай па добраўпарадкаванні школьнай тэрыторыі. Якраз у год майго прыходу ў школу на яе базе праходзіў усесаюзны семінар, трэба было мець добры выгляд, трымаць марку, як кажуць, і мы побач з Тамарай Сцяпанаўнай вырывалі травіны паміж укладзенымі каля будынка тратуарнымі пліткамі. Яна мне расказвала пра традыцыі школы, пра педагагічныя методыкі, пра галоўныя прыярытэты, якія павінен ставіць перад сабой настаўнік.
Мабыць, менавіта такая падтрымка пазбавіла пачынаючага педагога ад многіх памылак у будучым. З чым толькі доўгі час не магла справіцца Людміла Васільеўна, дык гэта з упэўненасцю, што з кожнага вучня можна зрабіць матэматыка. Цяпер яна з усмешкай расказвае пра сваю ўпартасць: “Здавалася, што дастаткова толькі крыху папрацаваць з вучнем — і ён будзе сябраваць з маім прадметам”. Пазней, з вопытам, стала зразумела, што ў кожнага дзіцяці свае таленты і схільнасці і не кожны ўлюбёны ў лічбы.
Слухаю маю субяседніцу, і хочацца даведацца, ці не было ў яе расчаравання, ці не ўзнікалі думкі, што не тую прафесію абрала.
— Не-е-е, — з усмешкай доўга цягне яна ў адказ. — Гэта быў усвядомлены выбар, я б сказала — вынашаны ў сэрцы.
Сапраўды, гэта быў не проста выбар, гэта — цэлая гісторыя, галоўным героем якой стаў тата Людмілы Васільеўны. Дзяцінства яго прыйшлося на цяжкія пасляваенныя гады, калі многія дзеці засталіся сіротамі. Маці хвароба прыкавала да ложка, і ўсе хатнія справы леглі на плечы хлопчыка, прыйшлося прапускаць заняткі ў школе. З-за гэтага, не разбіраючыся ў праблеме падрабязна, падлетка хацелі адправіць у спецыяльнае вучылішча, каб ён набыў там рабочую прафесію. Але настаўніца матэматыкі стала гарой: хлопец граматны, павінен школу скончыць!
— Так і адбылося, — расказвае цяпер яго дачка. — Тата скончыў школу, паступіў у тэхнікум, а потым у інстытут. І ўвесь час ён гаварыў мне, што жыццё яго склалася ўдала толькі дзякуючы той настаўніцы матэматыкі. Вось так было пасеяна ў маёй душы зерне павагі да педагагічнай прафесіі, мне хацелася стаць працягам настаўніцы майго таты.
Пад фотаздымкам Людмілы Васільеўны 1985 года напісана: “Жыццярадаснасць — адметная рыса гэтай настаўніцы… Добры настрой падмацоўваецца добрымі справамі”. З тых часоў у гэтым сэнсе нічога не змянілася. Гэтая жанчына ў адно імгненне развейвае міф аб тым, што прыхільнікі лічбаў — сур’ёзныя, строгія і пазбаўленыя ўсмешкі. Як прызнаецца сама настаўніца, жыццярадаснасць і гумар засталіся з ёю і сёння. Хіба толькі тая юнацкая бесклапотнасць змянілася на бясконцы клопат аб родных і блізкіх, сябрах і вучнях. “З гадамі разумееш, як важна, каб побач былі сябры”, — задумліва кажа мая гераіня.
— А сяброў у Людмілы Васільеўны вельмі шмат, — сцвярджае калега і сяброўка, намеснік дырэктара Красненскай сярэдняй школы Марыя Уладзіміраўна Краснічэнка. — У яе хаце і ў свята, і будны дзень заўсёды сябры. Яны збіраюцца да яе з самых розных куточкаў.
Нядзіўна, бо чалавек яна добры, шчыры, прыстойны, такія прыцягваюць да сябе, займаюць асаблівае месца ў душы. Да 8 класа Люда вучылася ў вясковай школе ва Украіне, на Чарнігаўшчыне. Потым сям’я пераехала на Палессе, у Ельск, і дзяўчына працягнула навучанне ў ельскай сярэдняй школе № 1. Аднак сёння ў яе доме гасцююць не толькі ельскія, але і ўкраінскія сябры.
— Яна сапраўдны сябар як па-за сценамі школы, так і ў школе, — расказвае Марыя Уладзіміраўна. — Ніколі не падвядзе таварышаў, заўсёды дапаможа.Марыя Уладзіміраўна і Людміла Васільеўна прыйшлі на працу ў Красненскую школу разам, так і ідуць побач амаль чатыры дзясяткі гадоў. Яны не проста калегі, яны блізкія сяброўкі. На дзвюх у іх так шмат успамінаў, што не хопіць і дня, каб пераказаць. А ў сэрцы кожнай — сапраўдная любоў да працы, да роднай школы, з якой проста зрасліся душою. З якой гордасцю і значнасцю яны расказвалі пра ўдзел сельскай школы ў апрабацыі эксперымента па 12-гадовым навучанні, калі іх школа гучала на рэспубліцы, а ідэі вясковых педагогаў браліся за прыклад!
Сустрэча з гэтымі настаўнікамі растлумачыла мне, чаму Красненская школа ў ліку самых паспяховых у вобласці. Вёска Краснае, дзякуючы імкліваму развіццю абласнога цэнтра, ужо амаль стала ўскраінай Гомеля, але ні настаўнікі, ні дзеці не спяшаюцца шукаць сабе месца ў гарадскіх установах адукацыі: адных трымае зладжаны калектыў, сапраўдная каманда, а другіх — шчырыя высокапрафесійныя настаўнікі. І гэта не проста прыгожыя словы. Толькі сёлета з 16 выпускнікоў 11 класа 12 сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Красненская школа займае далёка не апошняе месца і ў алімпіядным руху. Л.В.Халадняк, дарэчы, падрыхтавала не аднаго прызёра алімпіяды па матэматыцы. За гэтыя і многія іншыя заслугі ў Людмілы Васільеўны шмат грамат і падзяк. Сярод іх — грамата Нацыянальнага інстытута адукацыі і атрыманая два гады назад грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота з архіва Красненскай сярэдняй школы.