Жыццё пасля ўрокаў

- 15:45Нам пішуць

Вялікія магчымасці для экалагічнага выхавання закладзены ў грамадска карыснай прыродаахоўнай рабоце, падчас якой назапашваецца практычны вопыт, узнікае жаданне працаваць, фарміруюцца неабходныя ўменні па ахове навакольнага асяроддзя.

У дзяцей малодшага школьнага ўзросту назіраецца павышаная цікавасць да прыроды. Зносіны з прыродай выклікаюць у школьнікаў эмацыянальны водгук, вучні радуюцца зялёнай траве, паху кветак, шчэбету птушак, аблокам, якія плывуць высока ў небе, палёту матылькоў і стракоз. Але ў той жа час ёсць дзеці, якія адносяцца да прыроды па-спажывецку, а часам і жорстка: знішчаюць мурашнікі, ловяць насякомых, топчуць i рвуць без патрэбы расліны. Іншы раз яны наносяць шкоду не па злым намеры, а па няведанні. Ад школы залежыць развіццё ў вучняў граматных адносін да прыроды.

Знаходжанне школы ў сельскай мясцовасці спрыяе больш цеснай сувязі дзяцей з прыродай. І менавіта пасля ўрокаў, у групе прадоўжанага дня, можна выкарыстоўваць цэлы комплекс сродкаў і прыёмаў, каб вывучэнне прыроды і зносіны з ёй пакідалі глыбокі след у памяці кожнага школьніка. У ГПД вучні выпускаюць насценгазеты, чытаюць кнігі, праглядваюць і абмяркоўваюць прэзентацыі аб прыродзе, а галоўнае, яны ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па ахове прыроды роднага краю: збіраюць корм для зімуючых птушак, вырабляюць кармушкі, кормяць птушак у зімовы час, размяшчаюць экалагічную інфармацыю, назапашваюць прыродны матэрыял, ахоўваюць мурашнікі, прыбіраюць лес ад сухога галля, смецця, праводзяць рэйды, накіраваныя на выяўленне парушэнняў у прыродзе.

На паляне, якая была забруджана смеццем, а зараз прыгожа зелянее, вучні з задавальненнем гуляюць у рухавыя гульні.

Паколькі група прадоўжанага дня рознаўзроставая, то малодшыя дзеці працуюць разам са старэйшымі, што стварае атмасферу ўзаемаразумення, узаемадапамогі, павагі. Часам самая простая сумесная справа дае вучням тое, чаго яны не могуць атрымаць дома. Як вядома, выхоўваюць не лекцыі і гутаркі, а атмасфера, у якой дзеці растуць і вучацца.

Вольга СЯМАШКА,
выхавальніца ГПД Дварэцкай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.