Жыццё працягваецца

- 17:33Гомельшчына, Прэс-тур

Кожны год у апошнія дні красавіка на Гомельшчыне (самым пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС рэгіёне Беларусі) квітнеюць сады. Мільёны бялюткіх кветачак сведчаць пра тое, што чорны колер радыяцыйнага воблака, якое спусцілася на гэтую зямлю 30 гадоў назад, не з’яўляецца дамінуючым. Тут гаспадарыць белы колер — колер спадзяванняў, веры ў шчаслівую будучыню роднай зямлі. У тым, што гэтыя спадзяванні спраўджваюцца, супрацоўнікі “Настаўніцкай газеты” пераканаліся падчас чарнобыльскага прэс-туру, прысвечанага памятнай даце. Трох дзён, на працягу якіх мы сустракаліся з педагогамі Гомеля, Мазыра, Нароўлі, цалкам хапіла, каб пераканацца, што, нягледзячы на ўсе маштабы тэхнагеннай катастрофы, жыццё на забруджаных тэрыторыях не спынілася, спрадвечны лад жыцця беларусаў не парушыўся.

Паверце, дарагія гамяльчане, мазыране, нараўлянцы, гэта не проста словы журналістаў, якія завіталі да вас у госці на пэўны час, пазнаёміліся з вашай актыўнай дзейнасцю, пачаставаліся вашымі надзвычай смачнымі прысмакамі і паехалі дадому ў незабруджаную радыяцыяй сталіцу. У многіх з нас бацькоўская зямля таксама атрымала статус чарнобыльскай. Мы добра ведаем, што значыць пастаянны радыяцыйны кантроль прадуктаў харчавання (асабліва дароў лесу), абавязковы, як мінімум раз на год, адпачынак з класам на чыстай тэрыторыі, рэгулярная праверка шчытападобнай залозы. Яшчэ мы добра ведаем, што наш народ ва ўсе часы сваёй руплівай працай пераадольваў любое ліха, любое гора. Чарнобыль не выключэнне. Жыццё працягваецца…