Жыццё — самы сур’ёзны прадмет

- 10:48Моя школа

“Мне вельмі шанцавала на настаўнікаў. І не толькі ў школе” — Алена Богдан, старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, старшыня Беларускага саюза жанчын. 

Суперклас! 

— Алена Леанідаўна, кажуць, што дзяўчынкі больш цягнуцца да бацькі. Вы былі татавай дачкой? 

— Я была бабулінай унучкай. (Усміхаецца.) Мы жылі з мамінымі бацькамі, і з самага дзяцінства я назірала за сваёй бабуляй. Яна была вельмі набожным чалавекам, прытрымлівалася царкоўных свят, не дазваляла сабе ў такія дні займацца цяжкай працай і нас да гэтага прывучала. На жаль, у мяне так не атрымліваецца. У астатні час бабуля заўсёды была чымсьці занятая, ні хвілінкі не сядзела без справы. Яна стала для мяне прыкладам працавітасці. І гэтая якасць, на мой погляд, з’яўляецца залогам поспеху чалавека.

— Вы выраслі ў сям’і настаўнікаў, аднак педагагічную дынастыю не прадоўжылі. Не шкадуеце? 

— Я марыла быць урачом, і бацькі падтрымлівалі мяне ў маім імкненні. Мае дзеці таксама не пайшлі па маіх слядах — самі выбіралі сабе прафесію, тое, што ім падабаецца, і зараз паспяхова працуюць. Я не крыўджуся на іх, хаця, канечне, бачыла свайго сына знакамітым хірургам, а дачку — педыятрам. Дарэчы, маці майго бацькі вельмі хацела, каб той паступаў у медыцынскі, але не склалася. Пасля арміі ён падаў дакументы ў Брэсцкі педагагічны інстытут і атрымаў спецыяльнасць “Настаўнік фізічнага выхавання”. 

   Алена Леанідаўна Богдан скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут у 1996 годзе. Працавала ў Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. З 2009 па 2013 год — начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Галоўнага ўпраўлення арганізацыі меддапамогі Міністэрства аховы здароўя. З 2013 года ўзначальвала Галоўнае ўпраўленне арганізацыі меддапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб міністэрства. 
   З сакавіка па снежань 2020 года — намеснік міністра аховы здароўя, да кастрычніка 2021 года — першы намеснік міністра аховы здароўя. Зараз узначальвае камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

— Ён перадаў вам любоў да спорту?  

— Мне не дасталіся ад таты яго фізічныя даныя. Затое ён навучыў мяне гуляць у шахматы з пяці гадоў. Памятаю, як знімаў з дошкі фігуры ладдзі і фярзя, а я ўсё роўна не магла паставіць яму мат. З цягам часу гулялі ўжо на роўных, праўда, перамога патрабавала ад мяне пэўных намаганняў. Тата добра гуляў у валейбол, выступаў за розныя каманды. Доўгі час быў дырэктарам спартыўнай школы ў нашым сяле Дзівін. Калі я скончыла сярэднюю школу, тата яе ўзначаліў. А мама ўсё жыццё працавала настаўнікам-выхавальнікам у школе-інтэрнаце. 

— Якія прадметы больш падабаліся ў школе? 

— Вельмі любіла хімію, напэўна, таму што былі выдатныя настаўніцы — і Надзея Канстанцінаўна, і Таццяна Вітольдаўна. Уступны экзамен па хіміі ў медыцынскі інстытут мне было здаваць вельмі лёгка. Яшчэ падабалася фізіка. Наш настаўнік Пётр Пракопавіч Люлькевіч зараз лічыўся б педагогам-наватарам. Кожную тэму ён распісваў на дошцы ў выглядзе схем, што дазваляла хутчэй і лягчэй зразумець нават складаныя пытанні. Ён дзяліў клас на групы, у кожнай былі моцныя вучні і слабейшыя. Адказваў хтосьці адзін з групы, а адзнаку, якую ён атрымліваў, настаўнік ставіў і астатнім удзельнікам. Удзячна яму за гэта, так ён вучыў нас працаваць у камандзе. 

Наш настаўнік фізікі Пётр Пракопавіч Люлькевіч быў сапраўдным педагогам-наватарам. Кожную тэму ён распісваў на дошцы ў выглядзе схем, што дазваляла хутчэй і лягчэй зразумець нават складаныя пытанні.

Няўжо гуманітарныя дысцыпліны зусім не цікавілі? 

— Я вельмі добра і старанна вучылася па ўсіх прадметах, абароты не збаўляла ніколі, ведала, што наперадзе паступленне ў сур’ёзную навучальную ўстанову. Ды і хіба можна было не палюбіць урокі рускай мовы і літаратуры, калі настаўніца Ніна Ігнацьеўна Свідуновіч ведала на памяць усяго Пушкіна, памятала, у якіх уборах на балі танцавалі гераіні “Вайны і міру” Л.Талстога? Увогуле, Ніна Ігнацьеўна была надзвычайным чалавекам, творчай асобай — нават кіравала гуртком па вышыванні.

Школьныя ўспаміны будуць не поўнымі без слоў пра класнага кіраўніка. Ад яго залежыць, як складуцца ўзаемаадносіны ў вучнёўскім калектыве. 

— У нашым класе было 38 вучняў. Класны кіраўнік Марыя Міхайлаўна Брышталь — вельмі добрай душы чалавек. Мы з задавальненнем запрашаем яе на сустрэчы выпускнікоў. Яна выкладала алгебру, геаметрыю. Клас быў вельмі шумны, праблем з дысцыплінай хапала, але Марыя Міхайлаўна, перш чым паскардзіцца на нас дырэктару ці бацькам, спрабавала сама вырашыць праблему. Як зараз гавораць, выкарыстоўвала індывідуальны падыход да кожнага. У памяці захаваліся моманты, калі наш клас прымаў удзел у пазашкольных мерапрыемствах, калі разам ездзілі на сельгасработы — кожны чэрвень палолі буракі, восенню збіралі бульбу і лён. Шкада, што сучасныя школьнікі не маюць такога вопыту. Упэўнена, гэта не лішняе. Па-першае, дзеці прывучаюцца да працы, а па-другое, сумесная справа вельмі згуртоўвае калектыў. Нягледзячы на тое што мае аднакласнікі разляцеліся па розных гарадах і краінах свету, мы падтрымліваем зносіны. У некаторых ужо ўнукі ёсць, я ж пакуль мару пра гэта. (Усміхаецца.) 

 

Да зоркі рукой падаць 

— Дзіцячым доктарам вырашылі стаць адразу? 

— Не. Спачатку зразумела, што хачу дапамагаць людзям, лячыць іх. Вырашальным момантам стала трагедыя, якая адбылася на маіх вачах. Мы адпачывалі каля вады, і там патануў чалавек. І я падумала: калі б была доктарам, абавязкова б выратавала яго. А ў сваякоў жыла педыятр, якую накіравалі ў нашу вёску па размеркаванні. Яна так мне параіла: “Калі ты ўмееш лячыць дзіця, то заўсёды зможаш вылечыць і дарослага чалавека”. 

“Сярод удзельнікаў БСЖ педагогаў больш за ўсіх. Гэта асобыя людзі — лёгкія на пад’ём, адказныя, шчырыя, ініцыятыўныя і вельмі творчыя”.

— Вы вучыліся ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Якія выкладчыкі асабліва на вас паўплывалі? 

— Іх было шмат. Пашчасціла вучыцца адзін курс у Івана Несцеравіча Усава, прафесара, заслужанага дзеяча навук БССР. Вельмі ўдзячна Аляксандру Васільевічу Сукалу, які ўзначальваў наш факультэт, а зараз — кафедру педыятрыі. Міхаіл Вікенцьевіч Чычко курыраваў нас, калі мы сталі інтэрнамі. Ён да нас прыязджаў, падказваў, падтрымліваў, ставіўся неабыякава і вельмі акуратна перарэзаў пупавіну, якая звязвала нас з інстытутам. 

Дзіцячая неўралогія — складаная галіна. Гэтым разам жыццё таксама падарыла вам добрых і прафесійных настаўнікаў? 

— Менавіта так! Пасля інстытута я праходзіла курсы перападрыхтоўкі, заняткі вёў прафесар Георгій Георгіевіч Шанько — зорка айчыннай медыцыны, заснавальнік дзіцячай неўралогіі ў нашай краіне. Ён не паспяваў заляцець у аўдыторыю, як адразу пачынаў сваё бліцапытанне. І паспрабуй не адкажы! (Усміхаецца.) Калі прыйшла працаваць у кансультацыйную паліклініку Мінскай абласной клінічнай дзіцячай бальніцы, маёй медсястрой стала Жанна Казіміраўна Крывабок, з якой пачынаў свой працоўны шлях сам Георгій Георгіевіч. У яе быў вялікі вопыт — каля 40 гадоў, неўралогію яна ведала на той час у дзесяць разоў лепш за мяне. Жанна Казіміраўна выхавала плеяду знакамітых неўролагаў і мяне таксама. 

 

Кветкі-васількі 

— Вы ўзначалілі Беларускі саюз жанчын у верасні 2020 года. Адразу пагадзіліся?

— Прапанова была нечаканая. Але я хутка дала станоўчы адказ. Я, відаць, з тых людзей, якім фраза “Трэба — значыць, трэба” вельмі блізкая. Канечне, нагрузкі гэта дадало. Але ў мяне ёсць выдатны першы намеснік — Святлана Уладзіміраўна Сітнікава. Яна была першым намеснікам пры двух папярэдніх кіраўніках — Надзеі Андрэеўне Ермаковай і Мар’яне Акіндзінаўне Шчоткінай. Для мяне гэтыя жанчыны — прыклад лепшых чалавечых і прафесійных якасцей. Яны засталіся ў БСЖ, з’яўляюцца саветнікамі.

— Для вас гэта ганаровая пасада? 

— Так. 

— Сучасная беларуская жанчына, якая яна? 

— У нашым аб’яднанні жанчыны з рознымі лёсамі, рознымі прафесіямі, але ўсе яны перш за ўсё неабыякавыя, гатовыя дзяліцца сваім цяплом, дабрынёй. Нашы мерапрыемствы скіраваны на тое, каб дапамагаць сем’ям, жанчынам і ўсім людзям. Мы вырашылі стварыць адзіны сімвал аб’яднання, параіліся і дамовіліся, што гэта будзе васілёк. І далі магчымасць кожнаму раёну, на кожным прадпрыемстве стварыць свой васілёк. Атрымалася столькі прыгожых кветак. Яны такія розныя, як і кожная з нас.

— У Год гістарычнай памяці шмат чаго намецілі? 

— Вельмі. І абавязкова пра ўсе планы раскажам на старонках вашай газеты, таму што педагогаў сярод удзельнікаў БСЖ больш за ўсіх. Гэта асобыя людзі — лёгкія на пад’ём, адказныя, шчырыя, ініцыятыўныя і вельмі творчыя.

 

Вышэйшы пілатаж

— Пасля работы ў Міністэрстве аховы здароўя на ўзроўні горада вам стала прасцей? 

— Не магу пагадзіцца. Я доўгі час займалася нарматворчасцю. Спачатку ўзначальвала аддзел медыцынскай дапамогі маці і дзецям, потым больш за сем гадоў — галоўнае ўпраўленне аказання медыцынскай дапамогі. Маёй функцыяй было напісанне нарматыўна-прававых актаў па арганізацыі работы ў цэлым. У камітэце іншыя функцыі — вырашэнне кадравых пытанняў, арганізацыя закупак, забеспячэнне лекавымі сродкамі і многія іншыя. Праўда, задача пры гэтым усё тая ж — медыцынская дапамога насельніцтву.

У памяці захаваліся моманты, калі наш клас прымаў удзел у пазашкольных мерапрыемствах, калі разам ездзілі на сельгасработы — кожны чэрвень палолі буракі, восенню збіралі бульбу і лён. Шкада, што сучасныя школьнікі не маюць такога вопыту.

— Чаму вырашылі атрымаць дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь? 

— Гэта была мая мара. Шкадую, што яна не здзейснілася раней. Сістэма аховы здароўя — неад’емная частка сацыяльнай сферы нашай дзяржавы, таму ў мяне не было сумненняў, на якую спецыяльнасць падаваць дакументы, вядома, на “Дзяржаўнае кіраванне сацыяльнай сферай”. Вучыцца было вельмі цікава. З задавальненнем слухала лекцыі па ідэалогіі, супрацьдзеянні карупцыі, сацыялогіі і псіхалогіі кіравання, інфармацыйных тэхналогіях, культуры прафесійнай дзейнасці. Хаця і раніцай да заняткаў, і ўвечары пасля была на рабоце, імкнулася ўзяць ад выкладчыкаў па максімуме, наколькі гэта было магчыма. Нават курсавую работу на другім курсе вырашыла напісаць на новую для мяне тэму па маніпулятыўных і дэструктыўных тэхналогіях у сродках масавай камунікацыі. І, як паказала жыццё, мне гэта вельмі спатрэбілася падчас зносін са СМІ. Калі ў свеце пачалася пандэмія, на нас вылілася вялікая колькасць “чорных” PR-тэхналогій, і атрыманыя веды я выкарыстоўвала падчас шматлікіх інтэрв’ю. 

— Вы маеце вялікі вопыт кіравання. Якія рысы характару дапамагаюць асабіста вам? 

— Скажу пра тое, што перашкаджае. Кожны раз знаходжу апраўданне любому ўчынку людзей, і мне іх заўсёды шкада. Гэта замінае кіраўніку, бо ён павінен прымаць аб’ектыўныя рашэнні, абапіраючыся на факты. Дапамагаюць жа мая камунікабельнасць і адказнасць, якія ўласцівы кожнаму доктару. Я добра разумею, што неабходна ўмець захапляць і натхняць людзей, якімі кіруеш, данесці да іх значнасць і неабходнасць ідэалагічных момантаў і даручэнняў. 

— Любіце тое, чым займаецеся? 

— Нават не ўяўляю сябе ў іншай сферы. 

Марына ЖДАНАВА.