Жыццё — танец

- 11:10Навіны рэгіёнаў

Кім толькі не марыла стаць у дзяцінстве настаўніца рытмікі Аляксандра Валер’еўна Вашчынчук з сярэдняй школы № 1 Маларыты. У залежнасці ад настрою ўяўляла сябе і гімнасткай, і футбалісткай, і сцюардэсай, і нават вадзіцелем тралейбуса, як маці.

— І калі б мне сказалі, што буду харэографам, проста не паверыла б, — усміхаецца Аляксандра Валер’еўна. — Але менавіта ім і стала. Звязаць жыццё з танцамі — усвядомлены выбар маёй… мамы, якая настойліва раіла мне пры кожным зручным моманце. У рэшце рэшт я і паверыла. Цяпер вельмі ўдзячна матулі, што яна разгледзела ўва мне харэографа.

А.В.Вашчынчук нарадзілася ў Брэсце. Скончыла там харэаграфічную школу і гімназію з танцавальным ухілам. Адпрацавала год настаўніцай рытмікі ў Вялікаматыкальскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна, затым вучылася ў Пінскім вучылішчы мастацтваў. Менавіта падчас вучобы дзяўчына зразумела, што танцы — тое, без чаго яна не можа жыць.

У Маларыце А.В.Вашчынчук спачатку працавала ў гарадскім Доме культуры, а затым больш за 10 гадоў — у дзіцячай школе мастацтваў. Гэта быў час станаўлення, пошуку ўласнай жыццёвай сцежкі і шліфавання прафесійнага майстэрства. Аляксандра Валер’еўна працавала шмат і старанна, не магла і не любіла стаяць на адным месцы. Характар патрабаваў пастаяннага руху наперад, пераадолення цяжкасцей і перашкод. У нейкі момант А.В.Вашчынчук адчула, што ёй не хапае пэўных ведаў, таму набыла вышэйшую адукацыю ў БДПУ імя Максіма Танка.

Сёння ў скарбонцы дасягненняў педагога — больш за 20 дыпломаў пераможцаў і лаўрэатаў яе выхаванцаў у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях за апошнія 5 гадоў. У сярэдняй школе № 1 Маларыты А.В.Вашчынчук арганізавала творчае аб’яднанне “Чырлідынг”, удзельнікі якога ў складзе каманды “Алмаз” занялі 4-е месца ў сёлетніх рэспубліканскіх спаборніцтвах па чырлідынгу. Нядаўна Аляксандра Валер’еўна ўзначаліла школьны ансамбль барабаншчыц, без якога не абыходзіцца ніводная ўрачыстасць у горадзе.

Для больш поўнай рэалізацыі сваіх ідэй Аляксандра Валер’еўна арганізавала творчае аб’яднанне па інтарэсах “Эстрадны танец” на базе Маларыцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Заняткі ў ім наведваюць дзеці рознага ўзросту з гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі. Неўзабаве быў створаны танцавальны калектыў “Серпанцін”, які паспяхова выступае на святочных канцэртах у Маларыце і Брэсце. Перамогі ў розных конкурсах сведчаць пра высокую падрыхтоўку дзяцей. Так, “Серпанцін” прайшоў адбор у вочны тур Міжнароднага конкурсу-фестывалю “Творчасць без межаў” з танцамі “А досвіткі тут ціхія” і “Свежыя навіны”.

Асаблівы гонар А.В.Вашчынчук — выпускнікі, якія прадоўжылі творчы шлях і звязалі жыццё з танцамі. У вучнях Аляксандра Валер’еўна бачыць працяг сябе.

— Натхненне для працы чэрпаю ў самой працы, без якой ужо не ўяўляю свайго жыцця, — адзначае педагог. — Ідэі для пастановак бяру з розных крыніц. Бывае, што падказваюць і дзеці. Люблю з імі раіцца, разам прыдумваць пэўныя рухі.

А.В.Вашчынчук не толькі вучыць танцаваць, але і разам з дзецьмі выступае на сцэне. За час творчай дзейнасці Аляксандра Валер’еўна паставіла амаль 80 танцаў. Некаторыя з іх запамінаюцца гледачам і застаюцца ў рэпертуары калектыву надоўга. Усе касцюмы для танцаў педагог распрацоўвае і шые сама. Бывае, што дапамагаюць бацькі дзяцей. Кройкай і шыццём займаецца з задавальненнем.

У А.В.Вашчынчук шмат творчых задум і ідэй, якія абавязкова ўвасобяцца ў новыя харэаграфічныя пастаноўкі і выступленні.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.