Жыццёвая траекторыя Караля

- 10:10Моя школа

У 15 гадоў ён прачытаў “Васямнаццатае брумера Луі Банапарта” Карла Маркса, марыў стаць ваенным урачом і інжынерам, каля пяці гадоў працаваў школьным настаўнікам, а зараз кіруе галоўным універсітэтам краіны. Сённяшні госць праекта “Мая школа” — доктар педагагічных навук, прафесар, рэктар БДУ Андрэй КАРОЛЬ.

Урокі дабрыні

— Андрэй Дзмітрыевіч, падзяліцеся, калі ласка, вашым самым яркім дзіцячым успамінам.

— Чым старэйшым становішся, тым часцей дзіцячыя ўспаміны прыходзяць да цябе ў самы розны час сутак (усміхаецца). Дзяцінства — перыяд, нават з пазіцыі псіхалогіі, расцягнуты ў часе, і я з вялікай цеплынёй успамінаю тыя гады. Вельмі шмат уражанняў звязана з гасцяваннем у час канікул у бабулі і дзядулі. У шасцігадовым узросце мне даручылі адвезці знаёмаму мех яблыкаў на веласіпедзе-раскладушцы, а ехаць трэба было кіламетраў 7. І калі я праязджаў нейкую вёску, мех парваўся, а яблыкі рассыпаліся. Навокал цёмна, я малы. Канечне ж, разгубіўся. Добра, што ў гэты час міма праязджала жанчына, якая дапамагла мне сабраць і спакаваць яблыкі ў яе мяшок. Гэты выпадак запомніўся на ўсё жыццё і стаў урокам дабрыні. Я перакананы, што ў жыцці нічога проста так не адбываецца, але важна ўмець зрабіць пэўную выснову. Напрыклад, я з таго часу, як тая жанчына, калі чалавек трапляе ў складаную сітуацыю, стараюся дапамагчы яму і зрабіць усё, што ў маіх сілах.

— Хлопчык Андрэй Кароль быў ціхонем ці гарэзам?

— Ціхонем, прычым паслухмяным. Я заўсёды быў старанным вучнем. Гэта была мая ўнутраная ўстаноўка, а не таму, што так патрабавалі бацькі. У мяне зусім іншыя жыццёвыя погляды і марфалогія цэнтральнай нер­вовай сістэмы, чым у бунтара. Аднак усё роўна перыядычна і я трапляў у сітуацыі, калі выклікалі бацькоў у школу. Асабліва часта гэта здаралася ў 5—6 класах. Памятаю, як на адным з перапынкаў мы гулялі ў казакоў-разбойнікаў і разбілі акно. Не я напрамую зрабіў гэта, але актыўна паспрыяў. Прыйшлося ставіць новае шкло. Дапамог бацька аднакласніка — віноўніка здарэння.

— А іншыя жыццёвыя ўрокі атрымалі ў школе?

— Школа — гэта пэўны інстытут сацыялі­зацыі, дзе чалавек вучыцца кантактаваць, набывае сяброў і пражывае розныя эмоцыі. Ніхто не адмаўляе яе адукацыйную ролю, але пры гэтым не трэба рабіць з яе фетыш. Сёння свет настолькі трансфармаваўся, што, седзячы дома, можна атрымаць адукацыю. Часцей не зусім паўнавартасную, але пры добрай матывацыі і стараннасці чалавек у сілах выбудаваць індывідуальную адукацыйную траекторыю. Пад ёй мы разумеем не выбар дысцыплін, а ўнутраныя змяненні вучня, калі яму належыць “першая скрыпка” ў пазнанні і ёсць магчымасць не браць гатовае, а ствараць сваё. Таму школа — гэта ўсё ж такі жыццёвая паляна, дзе кожны сталее і нечаму вучыцца.

— Ці былі ў вас любімыя прадметы?

— Я вучыўся ў сярэдняй школе № 21 Гродна, і ярка выяўленых любімых прадметаў у мяне не было. Да 8 класа больш падабаліся гуманітарныя, асабліва літаратура, хоць я і не прымаў кнігі з абавязковага спіса літаратуры на лета. Чытаў тое, што мне падабалася, — гістарычныя і прыгодніцкія мастацкія творы. Тым больш і ў сям’і гэта віталася, дома пастаянна панаваў дух чытання. Калі пасля 9 класа я паўфармальна падзарабляў, дапамагаючы бабулі запускаць каруселі, то прачытаў твор “Васямнаццатае брумера Луі Банапарта” Карла Маркса. Вось такія рэчы ў той час мне вельмі падабаліся. Пры гэтым і па астатніх прадметах былі добрыя адзнакі, але нейкага ўсвядомленага значэння фізіцы ці біялогіі я не надаваў.

Згодна з данымі Расійскага індэкса навуковага цытавання (РІНЦ), А.Д.Кароль — лідар сярод педагогаў Беларусі па індэксе Хірша ў галіне “Народная адукацыя. Педагогіка”, найбольш цытуемы беларускі навуковец у галіне педагогікі ў адпаведнасці з Google Scholar.

Удзячны сваім настаўнікам за тое, што кожны з іх быў самастойнай асобай са сваімі асаблівасцямі і тэмпераментам, усе яны добра ставіліся да сваіх вучняў. Памятаю кожнага педагога, і нізкі паклон ім за тую атмасферу, якую яны стварылі для нас.

— Калі ж праявіўся інтарэс да дакладных навук?

— Калі пачаў задумвацца, куды пасту­паць. Спачатку хацеў стаць ваенным урачом або ваенным інжынерам, бо мой прадзед Павел Іосіфавіч Кароль у даваенны час у Брэсце быў вядомым урачом-гінеколагам, прафесарам і грамадскім дзеячам. У дзяцінстве кнігі з яго бібліятэкі натхнялі мяне і дагэтуль ста­яць дома ў маім кабінеце. Мая матуля працавала ў медыцынскім універсітэце, што таксама было дадатковым стымулам звязаць свой лёс з гэтым кірункам. У выніку так і атрымалася: я 12 гадоў адпрацаваў выкладчыкам у Гродзенскім медыцынскім універсітэце.

Любоў да тэхнічнага профілю прывіў ужо мой дзядуля, які быў самародкам, умельцам-вынаходнікам. Калі я прыязджаў да яго, у хаце заўсёды стаяла 5—6 прыёмнікаў, сабраных ім, тэлевізары з нейкімі апгрэйдамі, тады быў дэфіцыт кінескопаў, а дзед падаўжаў іх жыццё. Таму ў той час гуманітарным навукам месца не было (усміхаецца).

Школу я скончыў на выдатна, хоць мне далі не залаты, а сярэбраны медаль, таму што настаў час перабудовы і пачаўся дэфіцыт залатых медалёў (усміхаецца). Але гэта не паўплывала на паступленне, і я здаваў толькі адзін экзамен. Паступіў у Рыжскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае інжынернае вучылішча імя Якава Алксніса на спецыяльнасць “Лятальныя апараты”. Яна была вельмі элітарнай на прасторах Савецкага Саюза. Пасля яго распаду і ганення ваенных у Латвіі ў 1993 годзе навучальную ўстанову ліквідавалі. Я вярнуўся ў родны горад, перавёўся на другі курс інжынернага факультэта Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Радыёфізіка і электроніка”. Зноў жа нічога выпадковага не бывае, я ўжо тады зразумеў, што маё прызванне іншае.

Гуманітарныя ноткі

— Як узнікла захапленне навукай?

— У студэнцкія гады я лічыў, што навука аддаляе чалавека ад пазнання. На нашых лекцыях па філасофіі мы вывучалі Юнга, і яго экзістэнцыяльны погляд на рэчы мяне вельмі моцна ўразіў. У той жа час зарадзілася і асэнсаванае імкненне прачытаць першакрыніцы класікаў, што, уласна кажучы, я і рабіў, з карысцю прагульваючы некаторыя пары. Гэта да пытання, ці быў я ціхонем (усміхаецца). Але пры гэтым я амаль заўсёды здаваў на выдатна лабараторныя, мне гэта дастаткова лёгка давалася, бо была грунтоўная база, атрыманая ў элітарным ваенным вучылішчы.

З імем гэтага чалавека асацыіруецца эўрыстычнае навучанне на аснове дыялогу. Ён ведае, як раскрыць вучня, дапамагчы яму стаць паспяховым і зразумець “хто я ёсць?”.

У студэнцтве ўзнікла схільнасць да гуманітарных ведаў, але я яшчэ сур’ёзна да навукі не ставіўся. Ёсць рэчы, якія ёй пакуль невядомыя і, магчыма, ніколі такімі не ста­нуць. Навука дае адказ на пытанне, як пабудаваны свет, а рэлігія — чаму ён так пабудаваны. Гэтыя два пытанні — “Як?” і “Чаму?”, калі іх перакласці на мову матэматыкі, становяцца двума ўзаемна перпендыкулярнымі, артаганальнымі вектарамі, што ніколі не перасякаюцца.

Калі я заканчваў універсітэт, у мяне быў выбар: атрымаць дадатковую ІТ-спецыялізацыю ці навукова-педагагічную “Методыка і выкладанне фізікі”. Я выбраў апошнюю. Пасля мяне размеркавалі ў сярэднюю школу № 5 Гродна, адразу далі пяць 7-х класаў, два 10-х, дзе я выкладаў фізіку. А яшчэ два класы адзінаццацікласнікаў — іх навучаў астраноміі. З вялікім задавальненнем адпрацаваў у школе амаль 5 гадоў. Было вельмі цікава мець зносіны з дзецьмі, бо гэта сапраўдны кайф спрабаваць зразумець іх. Калі б не прапанова паступаць у магістратуру, магчыма, застаўся б у школе надоўга.

Дыялог на роўных

— Чаму варта навучыць вучняў у першую чаргу?

— Зыходзячы з майго вопыту, настаўнік — гэта раўнапраўны партнёр па зносінах, дзе вучань выступае такім жа суб’ектам. Безумоўна, у педагога большыя жыццёвы вопыт і аб’ём ведаў, але яму варта быць арганізатарам у адкрыцці кожным вучнем сваіх уласных сэнсаў, а не крыніцай інфармацыі. Неаднароднасць у ведах, ва ўзроўні светаразумення — залог непазбежнага руху да развіцця. Неабходна вакол дзіцяці ствараць асяроддзе, якое дазво­ліць яму зразумець сябе: хто яно ёсць у гэтым свеце, якая яго місія? Гэта дапаможа ўбачыць цэласнымі аб’екты нашага свету, а не палавінчатымі.

Функцыя настаўніка не навучаць, а быць раўнапраўным суразмоўцам.

Невыпадкова французскі педагог-наватар аўтар сістэмы развіццёвага навучання С.Фрэнэ прапанаваў зняць настаўніка з пастамента і паставіць яго ў адзін рад з вучнямі, каб у іх адносінах пачало панаваць раўнапраўе. Дзецям не трэба даказваць, што ты разумнейшы і ведаеш больш за іх. Каштоўным з’яўляецца не тое, што ты гаворыш, а тое, што ты не сказаў. І я больш схіляюся да таго, што чалавек — не чысты ліст, які трэба запоўніць знешнімі пісьмёнамі, а той генетычны, культурны, гістарычны, антрапалагічны код, які мае сваю ўнікальнасць. У кожнага ёсць сваё прызначэнне, і калі ён яго спазнае, тады жыццё стане лёсам і не будзе страчаных магчымасцей.

— Стаўшы выкладчыкам ва ўніверсітэце, са студэнтамі вы таксама былі і ёсць на роўных?

— Так, шмат у чым гэтаму спрыяе і мой навуковы шлях, які дазволіў спазнаць розныя сістэмы навучання. Я перакананы: выкладчык павінен дапамагаць навучэнцам стварыць нешта сваё ў рамках вучэбнай праграмы. Для самарэалізацыі трэба быць не проста слухачом, а стваральнікам. І гэта ўжо эўрыстыка.

— Давайце нагадаем сутнасць распрацаванай вамі сістэмы эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу.

— На жаль, сёння ў свеце прэваліруе перайманне і капіраванне, што добра відаць на прыкладзе тых жа сацсетак. Пры гэтым чалавек стаў горш чуць іншых людзей, таму што горш чуе самога сябе, знаходзячыся ў стане пастаяннага цэйтноту. Вось і атрымліваецца, што дзверы, якія вядуць да ўнутранага свету чалавека, зачынены. А паколькі сваё ўнікальнае дрэмле, то і чалавек дзейнічае шаблонна, становячыся часткай натоўпу. Прычына гэтага шмат у чым у маналагічнай адукацыі, якая накіравана на паведамленне аднолькавай інфармацыі розным вучням.

Эўрыстыка — навука аб адкрыцці чалавекам самога сябе і навакольнага свету. Яна дае адказы на пытанне, як навучаць усіх аднолькава, але пры гэтым па-рознаму, бо ўсе дзеці — са сваімі індывідуальнымі асаб­лівасцямі. Эўрыстычнае навучанне арыентавана на стварэнне школьнікам свайго адукацыйнага прадукту, адрознага ад прадукту яго аднакласніка. Пры такім падыхо­дзе няма загадзя правільных адказаў і вучань разглядаецца як “семя невядомай расліны”. Яго не трэба напаўняць інфармацыяй. Важна даць магчымасць самому расці, каб ён ставіў мэты, думаў, рэфлексаваў, нарошчваў свае крэатыўныя, пазнавальныя і камунікатыўныя мускулы і мяняўся. У гэтым працэсе кожны зможа зразумець, хто ён, як рэалізаваць сябе, і напоўніць аб’екты навакольнага свету менавіта сваім сэнсам. А мы атрымаем чалавека думаючага, адказнага, гатовага генерыраваць нестандартныя рашэнні ў зусім нестандартных сітуацыях. І гэтаму трэба вучыць з першага класа, а лепш з дашкольнага ўзросту.

Школа — гэта жыццёвая паляна, дзе кожны сталее і нечаму вучыцца.

Задача педагога — выявіць, раскрыць і дапамагчы рэалізаваць патэнцыял вучня, а гэта магчыма толькі пры дапамозе спецыяльных адукацыйных тэхналогій. Таму неабходна змяніць і светапогляд настаўніка, што мы і робім дзякуючы семінарам і курсам. На іх кожны ўдзельнік выступае стваральнікам сваёй прадукцыі, а не проста засвойвае інфармацыю вядучага. Выкладчык мяняецца, а пасля з пасылам не даць інфармацыю, а арганізаваць актыўнасць студэнтаў ідзе да іх. Праз практыку падобнага “раблення”, а не “слухання” прайшлі тысячы навучэнцаў і педагогаў, якія пацвярджаюць: гэты тып адукацыі павышае прадукцыйнасць чалавека, а таму служыць гарантам эканамічнага росту і нацыянальнай бяспекі краіны.

— На вашы лекцыі можа трапіць любы жадаючы?

— Так, штогод у БДУ я праводжу свой аўтарскі курс, які складаецца з некалькіх семінараў, і на іх можна запісацца. Акрамя таго, з 2013 года ў “Народнай асвеце” выхо­дзіць мая аўтарская рубрыка. У ёй прыведзены вопыт сістэмы эўрыстычнага навучання, якая дае адказы на тры пытанні: чаму ву­чыць, навошта вучыць і як вучыць? Лісты і пытанні чытачоў, тая зваротная сувязь, якую атрымала рэдакцыя ад педагогаў, падштурхнулі да рашэння пашы­рыць змест рубрыкі. З верасня гэтага года ў яе межах стартуе новы праект “Універсітэт і школа: шлях да адкрыццяў”.

— У пераліку кніг, напісаных вамі, убачыла адну на кітайскай мове. Пра што яна?

— Яе назва “Эўрыстычная педагогіка: дыялог і маўчанне”. Сёння мы ўсе тонем у сусветным шуме. Праблема адкрыцця сябе вырашаецца ў маўчанні. Нам усім яго не хапае. У педагогіцы гэта новы і запатрабаваны кірунак, якім займаюцца вучоныя многіх краін.

Лепшы на творчым шляху

— Андрэй Дзмітрыевіч, вы аўтар многіх мастацкіх твораў. Як удаецца знай­сці час для творчасці?

— Гэта пытанне матывацыі і выбару жыццёвай пазіцыі. Аднойчы ступіўшы на творчы шлях, ты павінен быць адметным на ім. Нават вырашаючы вытворчыя задачы, ты ўсё роўна прыходзіш да нейкай цікавай думкі, сюжэта, які запісваеш у вольны час. Я стаў больш папулярызаваць навуку ў форме эўрыстычных казак і ў мастацкіх творах. Я лічу, што яны не менш важныя, чым прафесійныя артыкулы, бо іх прачытаюць не толькі спецыялісты, але і тысячы звычайных людзей.

— Які перыяд займае рэалізацыя творчай задумы на паперы?

— Паэзія і проза — гэта выхад з камфорту, гэта той інгрэдыент, гаворачы мовай прыродазнаўчых навук, які рухае да чагосьці, што вельмі хочацца. Часам пішацца вельмі хутка, калі цябе нешта моцна хвалюе. Напрыклад, кніга “Размова з маўклівым чалавекам” атрымалася практычна за год, хоць і складаецца з розных апавяданняў, эсэ, дзвюх аповесцей. Усе яны на падобную тэматыку: захацелася даць свой адказ на навакольныя падзеі, у тым ліку і на шматлікія фэйкі.

З апорай на людзей

— Андрэй Кароль — рэктар, педагог, настаўнік, навуковец, пісьменнік, філосаф… А кім вы самі сябе лічыце?

— Складана сказаць. Бо настаўнік — гучыць вельмі гучна, хоць я ім і працаваў. Калі разглядаць гэтую прафесію з пункту гле­джання архетыпа, то ў гісторыі чалавецтва было ўсяго некалькі настаўнікаў, я сябе да іх ліку не адношу. Я з’яўляюся кіраўніком магістарскіх, кандыдацкіх, доктарскіх дысертацый, але ці ёсць гэта настаўніцтва?.. Вось калі я быў педагогам у гродзенскай школе, то, магчыма, для сваіх вучняў ім з’яўляўся. Дарэчы, і сёння з некаторымі падтрымліваю сувязь, прычым у тым ліку з дапамогай сацыяльных сетак. Але я далёкі ад думкі ­кагосьці навучаць, таму што функцыя настаўніка, паўтаруся, быць раўнапраўным суразмоўцам.

Я не пісьменнік, хоць у мяне ёсць кнігі вучэбна-метадычныя, навуковыя, навукова-папулярныя і мастацкія. Пісьменніцтва — рамяство, якое займае ўсе думкі і час, а ў мяне гэтага няма, таму я хутчэй кандыдат у такую намінацыю (усміхаецца).

З верасня гэтага года ў часопісе “Народная асвета” стартуе новы праект А.Д.Караля “Універсітэт і школа: шлях да адкрыццяў”.

Філосаф… У мяне ёсць публікацыі ў філасофскіх часопісах, але няма дыплома філосафа. Таксама нельга сказаць, што я філосаф па жыцці і прызванні, таму што большую частку часу даводзіцца вырашаць празаічныя пытанні. Аднак філасофію люблю як навуку, магу нават сказаць, што я ўлюбёны ў яе.

Ці вучоны я?.. Так, бо маю вучоную ступень і ў мяне ёсць навуковыя даследаванні. Увогуле ў педагогіцы спраектаваць сваю адукацыйную сістэму без апоры на веды ў галіне псіхалогіі, філасофіі і метадалогіі проста немагчыма, таму і выкарыстоўваю розныя свае веды, думкі і развагі. У рафінаваным выгля­дзе вельмі мала ёсць людзей, якія маюць нейкі адзін ярка выяўлены пласт сваёй дзейнасці. Сёння такі час, што неабходна быць дастаткова гетэрагенным, каб чагосьці дасягнуць.

— Што дапамагае заставацца паспяховым кіраўніком на працягу многіх гадоў?

— Я стараюся чуць як іншых людзей, так і самога сябе. Некалі мой настаўнік Андрэй Віктаравіч Хутарскі, якога я сапраўды лічу настаўнікам, а не проста навуковым кіраўніком, сказаў мне, што перш за ўсё ва ўсім павінна быць дыягностыка і ўсё, што ты робіш, варта рабіць з абавязковай апорай на людзей. Важна зразумець місію ўстановы, у якой працуеш, і калі ты яе ўсвядоміш і пры гэтым будзеш абапірацца на людзей, тады ўсё атрымаецца.

***

Ідучы да Андрэя Дзмітрыевіча, я дакладана ведала, што наша размова бу­дзе вельмі змястоўнай і цікавай. Але нават уявіць не магла, наколькі моцнае ўражанне пакіне мудрасць гэтага глыбокага, інтэлігентнага, разумнага чалавека, улюбёнага ў філасофію і жыццё.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з асабістага архіва А.Д.Караля.