“Жывая класіка” гучала ў Маларыце

- 17:27Нам пішуць

Фінал раённага конкурсу чытальнікаў “Жывая класіка” прайшоў на базе сярэдняй школы № 2 Маларыты. У ім удзельнічалі вучні 5—10 класаў з устаноў адукацыі Маларытчыны.

Канкурсанты чыталі мастацкія творы расійскіх паэтаў-юбіляраў 2017 года, вывучэнне якіх не ўваходзіць у школьную праграму па літаратуры. Кампетэнтнае журы ацэньвала створаныя сцэнічныя вобразы, інтанацыйную выразнасць мовы, правільнае літаратурнае вымаўленне, а таксама міміку, жэсты і рухі.

Самымі папулярнымі паэтамі, чые творы чыталі на памяць удзельнікі конкурсу, сталі Самуіл Маршак і Марына Цвятаева. Падчас творчага спаборніцтва гучалі таксама вершы Уладзіміра Маякоўскага, Роберта Раждзественскага, Уладзіміра Высоцкага, Яўгенія Еўтушэнкі, Рымы Казаковай і інш.

Вынікі конкурсу падводзіліся ў дзвюх узроставых катэгорыях. У першай (5—7 класы) лепшай сярод 21 канкурсанта аказалася сямікласніца Марыя Крэнь з Маларыцкай раённай гімназіі. 2-е месца заняла шасцікласніца Дар’я Стасюк з Хаціслаўскай сярэдняй школы, 3-е — пяцікласніца Аляксандра Захарчук з Мельніцкай базавай школы. Дзяўчаты годна трымаліся на сцэне, зачараваўшы слухачоў радкамі класікаў, прапушчаных праз дзіцячыя сэрцы.

— Журы цяжка было вызначыць лепшых чытальнікаў у другой узроставай катэгорыі (8—10 класы), — расказала метадыст Маларыцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Тамара Коцелева. — Кожны з 30 удзельнікаў паказаў высокі ўзровень валодання аратарскім мастацтвам і выдатна выступіў на сцэне, таму быў варты таго, каб яго імя прагучала ў ліку пераможцаў ці прызёраў.

Лепшымі чытальнікамі сталі дзесяцікласніца Таццяна Равінская з Маларыцкай раённай гімназіі і дзевяцікласніца Кацярына Швайко з Чарнянскай сярэдняй школы. 2-е месца заняла васьмікласніца Ганна Мірчук з Мельніцкай базавай школы, 3-е — васьмікласніца Настасся Січкарук з Макранскай сярэдняй школы і дзесяцікласніца Ксенія Курыловіч з Арэхаўскай сярэдняй школы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.