Зімовая казка

- 10:23Нам пішуць

На зімовых канікулах у вучняў Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна была магчымасць адпачыць у школьным аздараўленчым лагеры “Зімовая казка”.

Дзяцей чакалі цікавыя навагоднія прыгоды каля лясной прыгажуні, вясёлы адпачынак, карысныя справы. Шмат мерапрыемстваў праведзена ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.

Так, у нашай установе прайшоў ранішнік “Новы год каля ёлкі”. Да дзяцей на свята прыйшлі сімвал года, Баба Яга, ну і, вядома, Дзед Мароз са Снягуркай. Дзеці танцавалі каля ёлкі, спявалі, чыталі вершы, атрымлівалі падарункі. Свята спадабалася ўсім.

Таксама мы дружна рабілі навагоднія паштоўкі — сімвал 2019 года для віншавання ветэранаў педагагічнай працы і адзінокіх пажылых людзей.

Мы пабывалі на экскурсіі ў Мінску. Надоўга запомніцца дзецям навагодняя сталіца. Яркія ўражанні выклікала прыгажосць, светлавое афармленне і вялікія памеры галоўнай лясной прыгажуні краіны.

Цікавымі спартыўнымі, пазнавальнымі, карыснымі справамі было напоўнена жыццё дзяцей у аздараўленчым лагеры. Самым запамінальным аказаўся апошні дзень лагера. Дзеці падрыхтавалі калядную казку для малышоў рознаўзроставай групы, пераапрануліся ў касцюмы казачных герояў і завіталі ў госці. Дашкольнікі з задавальненнем глядзеці і слухалі артыстаў, потым чыталі вершы і вадзілі разам навагоднія карагоды. Радасць, весялосць, добры настрой падарыла сустрэча і малышам, і школьнікам.

Навагоднія канікулы ўдаліся, запомніліся, прынеслі карысць.

Тамара МАЦКЕВІЧ,
выхавальніца аздараўленчага лагера “Зімовая казка”

Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.