Зімовая казка Нарачы

- 15:10Сацыяльны ракурс
НДЦ "Зубраня"

З 3 па 23 снежня ў НДЦ “Зубраня” для актыўных удзельнікаў рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” праходзіла традыцыйная профільная змена. Для адпачынку і вучобы на бераг Нарачы прыехала 460 юных краязнаўцаў, эколагаў, тэхнікаў. Арганізатарам змены выступіла Міністэрства адукацыі, а каардынатарамі – Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства і НДЦ “Зубраня”.

НДЦ "Зубраня"За шэсць гадоў, што мінулі з моманту адкрыцця ў старажытным Крычаве акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у асяроддзі юных даследчыкаў малой радзімы склаліся пэўныя традыцыі. Адна з іх — зімовы адпачынак у “Зубраняці”. Нягле­дзячы на тое, што вандраваць па родным краі, праводзіць экалагічныя назіранні лепш за ўсё ў цёплы час года, з мая па верасень, канкурсанты з нецярпеннем чакаюць надыходу снежня, калі прынарачанскія сосны апранаюць белае футра са снегу, а само возера скоўваецца лёдам. Зімовая казка Нарачанскага краю — цудоўная ўзнагарода навучэнцам за актыўнае вывучэнне роднага краю, выдатны стымул для далейшых даследаванняў.

Як і кожная змена ў цэнтры, змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта рэалізацыя асобнай праграмы выхавання. Усе майстар-класы, сустрэчы, што ладзіліся падчас трох зімовых тыдняў, накіраваны на фарміраванне ў падрастаючага пакалення адказнасці за захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны краіны. Рэалізоўваецца праграма органамі дзіцячага самакіравання, дзей­насць якіх ажыццяўляецца на ўзроўнях атрада, лагера, цэнтра. На ўзроўні атрадаў самакіраванне прадстаўлена ў выглядзе турыстычнай фірмы са сваім дырэктарам, інфармменеджарам, спартменеджарам, арт-менеджарам, крэатыў-менеджарам, дзяжурным менеджарам. Самакіраванне на ўзроўні лагера прадстаўлена “Турыстычным холдынгам”, а на ўзроўні цэнтра — “Асацыяцыяй дзіцячых ініцыятыў”. Кожная такая турыстычная фірма павінна была стварыць віртуальную экскурсію па пэўным рэгіёне.

Падчас змены рэалізоўвалася адукацыйная праграма “Юны краязнаўца”, праводзіліся факультатыўныя заняткі на тэму “Светапогляд беларусаў у беларусазнаўстве”, што дазволіла навучэнцам азнаёміцца з паняццямі краязнаўства, музейнай справы, агратурыстычнай дзейнасці ў краіне. Вынікам праграмы “Юны краязнаўца” стаў форум “Вектар на будучыню”. Праходзілі прэзентацыі творчых конкурсных работ, разнастайныя сустрэчы і майстар-класы з прадстаўнікамі Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства, Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці, Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, рэдакцыі газеты “Пераходны ўзрост”. Удзель­нікі змены змаглі паказаць свае здольнасці ў конкурсе віртуальных экскурсій “Мая Беларусь”, віктарыне “Знакамітыя людзі Беларусі”, конкурсе меладэкламацый “Аповед аб маёй Радзіме”, шоу-праграме “Экамода”, падчас выканання творчага задання “7 цудаў Беларусі” і інш.
Адпачынак адпачынкам, вучоба вучобай, аднак самае галоўнае, дзеля чаго ўдзель­нікі акцыі сабраліся ў “Зубраняці”, — гэта канчатковае падвядзенне вынікаў конкурсаў “Бабулін куфэрак”, “Таямніцы малой радзімы”, “Родная зямля — Беларусь”, “Праз творчасць у прафесію жыцця”, “Зямля пад белымі крыламі”. Папярэднія вынікі фінальнага этапу названых конкурсаў ужо падводзіліся ў сценах вядучых устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Напрыклад, для ацэнкі творчых работ конкурсу “Таямніцы малой радзімы” ў Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаў­ства былі запрошаны вядомыя навукоўцы, педагогі дадатковай адукацыі. Яны вызначалі культурныя вартасці сабранага матэрыялу (легенды і паданні малой радзімы), даследчыя навыкі навучэнцаў, узровень і якасць работы з крыніцамі, уменне знайсці, зафіксаваць матэрыял, навукова і аналітычна прадставіць у рабоце, а таксама прапагандаваць і папулярызаваць сваю дзейнасць і якасць афармлення конкурснага матэрыялу.

На конкурс “Бабулін куфэрак” прадстаўляліся творчыя работы літаратурна-публіцыстычных жанраў, у якіх расказвалася пра гісторыю і асаблівасці нацыянальнага касцюма беларусаў, а таксама традыцыі, звычаі і абрады малой радзімы. Конкурс “Праз творчасць у прафесію жыцця” праводзіўся па двух наміна­цыях: “Прызванне. Творчасць. Майстэрства” (калектыўная) і “Мой шлях да прафесіі жыцця” (індывідуальная). На яго прадстаўляліся справаздачы з матэрыялам аб жыццёвым і творчым шляху славутых людзей краю — прадстаўнікоў творчых прафесій, а таксама даследчы матэрыял пра будучую прафесію ўдзель­нікаў конкурсу. На конкурс “Родная зямля — Беларусь”, які праводзіўся па намінацыях “Праект маёй мары”, “Будучыня — гэта мы!”, “Раслін дзіўны свет” у рэгіянальныя цэнтры дадатковай адукацыі эколага-біялагічнага профілю дасылаліся творчыя праекты дэндрарыяў, паркаў мясцовай флоры ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, эколага-біялагічныя праекты стварэння калекцыйнага ўчастка сельскагаспадарчых культур (у тым ліку раслін саду і агарода). Конкурсныя праекты адлюстроўвалі таксама азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы адукацыі. Конкурс фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі” праводзіўся па намінацыях “Пейзаж” (сельскі і гарадскі), “Рэкі і азёры”, “Раслінны і жывёльны свет”, “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, “Мы — беларусы” (фотаработы адлюстроўваюць народныя традыцыі, характар і нацыянальныя асаблівасці жыхароў Беларусі).
Самая прыемная частка змены (узнагароджванне прызёраў і пераможцаў) пачалася падчас урачыстай цырымоніі закрыцця, калі дыпломы і памятныя падарункі ўручалі намеснік міністра адукацыі старшыня Рэспубліканскага савета па правядзенні рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” Віктар Віктаравіч Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Сцяфанавіч Мітраховіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра Лідзія Паўлаўна Каліноўская, галоўны рэдактар газеты “Пераходны ўзрост” Жанна Генадзьеўна Шчурок, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Ула­дзіміравіч Караба.

— Профільная змена “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” — гэта значнае мерапрыемства, якое заканчвае год. Неабходнасць правядзення такой доўгатэрміновай акцыі выклікана тым, што любоў да Беларусі, як вядома, пачынаецца з любові да сваёй малой радзімы, да таго месца, дзе вы нарадзіліся, да сваёй навучальнай установы. Каб любіць малую радзіму, трэба ведаць яе гісторыю, культуру, звычаі землякоў. За тых шэсць гадоў, што акцыя крочыць па краіне, вырасла цэлае пакаленне юных даследчыкаў роднага краю, якія актыўна ўдзельнічаюць у акцыі, дабіліся немалых поспехаў. Наперадзе новы этап у развіцці краязнаўчай, экалагічнай дзейнасці, мастацкай, тэхнічнай творчасці, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.

Л.П.Каліноўская ўзнагароджвае прызёраў конкурсу "Родная зямля - Беларусь".Перад уручэннем дыпломаў і памятных падарункаў прызёрам і пераможцам конкурсаў трэцяга этапу акцыі дыпломамі Міністэрства адукацыі за вялікі ўклад у работу па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў рэспублікан­скай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” былі адзначаны загадчык аддзела краязнаўства Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Зоя Іосіфаўна Мініч, кіраўнік народнага краязнаўчага музея гімназіі № 25 Мінска Аліна Казіміраўна Пахвалёная і метадыст НДЦ “Зубраня” Наталля Віктараўна Красікава. Ганаровым дыпломам за актыўны ўдзел у конкурсах акцыі быў адзначаны і навучэнец гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа Уладзімір Баўтуноў.

І вось, нарэшце, кульмінацыя змены. Пераможцамі конкурсу “Таямніцы малой радзімы” сталі калектывы юных краязнаўцаў з сярэдняй школы № 7 Магілёва, Навасельскай сярэдняй школы Мінскага раёна, Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, Юрацішкаўскага ВПК “яслі-сад — сярэдняя школа” Іўеўскага раёна, Буцэвіцкага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Мінскага раёна і калектыў краязнаўчага аб’яднання “Спадчына” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Разгледзеўшы справаздачныя матэрыялы ўдзельнікаў рэспубліканскага этапу конкурсу “Родная зямля — Беларусь” і ўлічыўшы іх адпаведнасць асноўным мэтам і ўмовам конкурсу, журы прыняло рашэнне прызнаць пераможцамі, узнагародзіць дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і каштоўнымі падарункамі навучэнцаў вілейскай гімназіі № 2 Алену Лазар і Марыну Крупенка, навучэнцаў Барысаўскага экалагічнага цэнтра Надзею Мультан, Уладзіслава Жураўля, Маю Красюкову, Валерыя Бараўлю, Аляксандра Знакава і навучэнцаў сярэдняй школы № 3 Бярозы.

Дыпломамі І ступені конкурсу “Праз твор­часць у прафесію жыцця” ў намінацыі “Прызванне. Творчасць. Майстэрства” былі адзначаны навучэнцы Камароўскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна Марыя Пятосіна, Наталля Дунец і навучэнцы Масалянскага ВПК “ясляў-сада — базавай школы” Бераставіцкага раёна Кацярына Буча і Аляксей Масько, у намінацыі “Мой шлях да прафесіі жыцця” — навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Віталь Віннік і гімназіі № 1 імя У.А.Караля Чэрвеня Ганна Лагуцкая.
Пераможцамі конкурсу “Зямля пад белымі крыламі” прызнаны Арцём Прановіч з Хімоўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Бабруйскага раёна, Ігар Кузьміч з Мінскага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я.П.Юшкевіча, Кірыл Марчанка з гімназіі Асіповіч, Аксана Марозава з сярэдняй школы № 1 Чэрыкава, Вікторыя Шавялёва з Мацвееўскага ВПК “дзіцячы сад — сярэдняя школа” Ваўкавыскага раёна, Ігар Болбат з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Ігар Несцер з Мілавідскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Дзмітрый Баранчук з сярэдняй школы № 14 Наваполацка, Вікторыя Дваранская з сярэдняй школы № 2 Ашмян, Дар’я Сказава з сярэдняй школы № 18 Бабруйска і Сяргей Давідовіч з Салігорскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.

Каб ацаніць узровень змены, арыгінальнасць яе праграмы, неабходна або правесці ў “Зубраняці” ўсе тры тыдні, або прыехаць на цырымонію ўрачыстага закрыцця. Па той цішыні, што панавала ў перапоўненай актавай зале падчас незвычайнай экскурсіі па імправізаваным музеі акцыі, падчас танцавальных нумароў, стала зразумелым: свята пад назвай “Зімовая казка Нарачы” атрымалася. Яно абавязкова працягнецца і ў наступным го­дзе, калі сотні юных краязнаўцаў, эколагаў, тэхнікаў збяруцца разам, каб падвесці вынікі конкурсаў чарговага, ужо чацвёртага, этапу акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, якая з гэтага навучальнага года стала часткай маштабнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Я — грамадзянін Беларусі”.

Ігар ГРЭЧКА.
hrechka@ng-press.by
Фота аўтара.