Зімовая майстэрня

- 10:40Нам пішуць

Сумесная дзейнасць школ Рагачоўскага раёна і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі дазволіла хлопцам і дзяўчатам, якія наведвалі школьныя лагеры падчас зімовых канікул, апынуцца ў сапраўднай творчай майстэрні.

Для выхаванцаў гарадскіх і сельскіх школьных лагераў педагогі дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі падрыхтавалі шмат карысных пляцовак. На некаторых навучэнцы вучыліся ў групах майстраваць 3D-аб’екты, вывучалі колераперадачу, прадстаўлялі вобразы казачных персанажаў, развучвалі навагоднія гульні. Змаглі яны адчуць сябе і зоркамі эстрады, спяваючы на сцэне дзіцячыя і навагоднія песні, акунуцца ў свет народнай музыкі, выконваючы на шумавых інструментах навагоднія мелодыі. На крэатыўнай пляцоўцы “Азбука настрою” навучэнцы актыўна гулялі, удзельнічалі ў трэнінгавых практыкаваннях. Кожны дзень групы падводзілі вынікі, спаборнічаючы за званне “Самая цікавая і пазнавальная пляцоўка”. А на закрыццё пляцоўкі дзеці разам з педагогамі рыхтавалі творчыя справаздачы, на якіх прадстаўлялі лепшыя работы кожнай групы.

Таксама хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтавалі калектыўную работу для дзіцячага дома сямейнага тыпу. Педагогі цэнтра творчасці дапамаглі стварыць карціну “Рабі дабро напярэдадні Каляд!”, якая пасля была перададзена дзецям і бацькам дома сямейнага тыпу для ўпрыгожвання інтэр’ера.

Усе навучэнцы, якія наведвалі творчыя зімовыя пляцоўкі, атрымалі календары-закладкі ад цэнтра творчасці з запрашэннем запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах.

Валерый ЛЮБАГОШЧАЎ,
намеснік дырэктара Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.