26 снежня ў Шчорсаўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна для вучняў 5—7 класаў адчыніў дзверы зімовы прышкольны аздараўленчы лагер “Зімовы гарадок”. Яго дзейнасць арганізавана ў рамках праекта “Зімовы вернісаж”.
Педагогам вельмі хацелася здзівіць і парадаваць дзяцей, таму мы праявілі максімум выдумкі і фантазіі. Кожны дзень хлопчыкі і дзяўчынкі здзяйсняюць займальныя прагулкі па імправізаваных вуліцах, завулках і плошчах зімовага гарадка. На кожнай вуліцы дзяцей чакаюць гульнявыя творчыя праграмы, інтэлектуальныя і жартоўныя конкурсы, вясёлыя спартыўныя спаборніцтвы, а таксама творчая майстэрня “Ялінкі-іголачкі” па вырабе навагодніх сувеніраў і цацак.
Маляванне і заняткі творчай дзейнасцю ў лагеры даюць вялікія магчымасці ў развіцці мастацкіх, эстэтычных здольнасцяў дзяцей. Яны засвойваюць цэлы шэраг навыкаў выяўленчай дзейнасці, умацоўваюць глядзельную памяць, вучацца заўважаць і адрозніваць колеры і формы навакольнага свету. У сваіх малюнках і вырабах увасабляюць уласнае бачанне свету, свае фантазіі.
На вуліцах горада дзяцей-пешаходаў чакаюць розныя небяспекі. Каб пазбегнуць іх і захаваць здароўе, у лагеры арганізаваны цыкл навучальных мерапрыемстваў па ЗЛЖ “Я выбіраю здароўе” і Школа бяспекі “Сцеражыся бед, пакуль іх няма”. Падчас хвілінак бяспекі і здароўя выпускаюцца міні-ўлёткі, з якіх напрыканцы дзейнасці лагера будуць складзены маленькія кніжачкі.
Вялікая ўвага ўдзяляецца прапагандзе культуры і здаровага ладу жыцця. Умацоўваць здароўе нельга без спорту, таму штодня для хлопчыкаў і дзяўчынак праводзіцца зарадка, прагулкі і гульні на свежым паветры, спартыўныя турніры. На працягу дня дзеці ўцягнутыя ў калейдаскоп розных падзей. Кожны наступны дзень не падобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі. Для кожнага дзіцяці лагер адкрываецца новай гранню: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрывае ў сабе творчыя здольнасці, хтосьці спазнае, што працаваць — гэта цікава, а нехта навучыўся не засмучацца пры няўдачах.
Доказам цікава праведзенага часу з’яўляецца 100-працэнтная прысутнасць выхаванцаў у лагеры і адзнака эмацыянальнага стану на “Елцы настрою”. Спадзяёмся, што дні, праведзеныя ў прышкольным лагеры “Зімовы гарадок”, надоўга запомняцца вучням і застануцца напоўненымі незабыўнымі ўражаннямі, карыснымі справамі і прыемнымі ўспамінамі.
Вольга КАЛЯДА,
дырэктар лагера “Зімовы гарадок”.
Ганна САЎКО,
старшы выхавальнік.