Зладжаная работа = добры вынік

- 11:18Навіны рэгіёнаў

У Бяседавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Хоцімскага раёна стварылі сістэму работы, дзякуючы якой удаецца адразу і пазабюджэтную дзейнасць развіваць, і бюджэтныя сродкі эканоміць, і навучэнцаў да працы далучаць.

Як паведаміў дырэктар Алег Ткачоў, ва ўстанове вялікая плошча прылеглай тэрыторыі. Гэта і зямля непасрэдна вакол вучэбна-педагагічнага комплексу, і значныя — у 0,40 і 0,30 га прышкольныя ўчасткі. Гэтыя рэсурсы раней мала выкарыстоўваліся. Але з нядаўняга часу ўсё тут змянілася.

— Пры належнай апрацоўцы зямля можа прыносіць немалы прыбытак. Таму яшчэ папярэдняе кіраўніцтва школы прыняло рашэнне аб усебаковай апрацоўцы тэрыторыі навучальнай установы. Цяпер ні адзін куток зямлі ў нас не пустуе, — расказаў Алег Іванавіч.

І сапраўды, прылеглая тэрыторыя тут акружана кветнікамі, рознымі малымі архітэктурнымі формамі, зробленымі сіламі педагогаў і навучэнцаў. Прышкольныя ўчасткі актыўна выкарыстоўваюцца для вырошчвання розных агароднінных культур. Адметна, што вырошчваюць агародніну ў Бяседавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе не толькі ў адкрытым грунце, але і ў спецыялізаванай цяпліцы.

— Цяпліца была пабудавана яшчэ ў 90-я гады, калі наша школа толькі ўводзілася ў эксплуатацыю. Аднак па прызначэнні яна не выкарыстоўвалася. Ідэя адраджэння цяпліцы належыць былому кіраўніку школы Максіму Аляксандравічу Ракаву. Сёння яна прыносіць адчувальную карысць нашай установе, — адзначыў цяперашні дырэктар Алег Ткачоў.

Паводле яго слоў, работы ў цяпліцы пачынаюцца яшчэ ўзімку. Дзякуючы карпатлівай працы, а таксама спецыяльным печам, якія дазваляюць абаграваць будынак, да прыходу вясны навучальная ўстанова ўжо мае свежую гародніну.

Прадукцыя даволі паспяхова рэалізоўваецца. Прычым на продаж ідзе не толькі гародніна, але і разнастайныя саджанцы. Заробленае ад гэтай дзейнасці пазней выкарыстоўваецца на розныя патрэбы вучэбна-педагагічнага комплексу. Напрыклад, значная частка выдаткаў на касметычны рамонт аплачваецца менавіта гэтымі сродкамі.

Аднак у большай ступені вынікі працы на прышкольных участках дазваляюць установе эканоміць бюджэтныя рэсурсы. Вырашчанае ўласнымі сіламі тут выкарыстоўваюць для патаннення харчавання ў школьнай сталовай. У гэтым навучальным годзе сабраны ўраджай дазволіў забяспечыць сталовую цыбуляй, буракамі, капустай, морквай і бульбай практычна ў поўным аб’ёме. Часткова ўдалося знізіць выдаткі і на закупку садавіны, а калі дакладней — яблыкаў.

— Сад у нас быў пасаджаны досыць даўно. Аднак своечасовае правядзенне яго агратэхнічнай апрацоўкі дазваляе нам і зараз збіраць даволі вялікую колькасць яблыкаў. Летась у школьнае агароднінасховішча іх было закладзена больш за 350 кілаграмаў, — падкрэсліў Алег Іванавіч.

Характэрна, што да земляробчых работ прыцягваецца не толькі тэхнічны персанал. У пазаўрочны час на ўчастках актыўнічаюць педагогі разам з навучэнцамі. Такім чынам дзеці далучаюцца да працы, усведамляюць усю складанасць і значнасць работы на зямлі, у сельскай гаспадарцы.

Распачатую справу ў Бяседавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе будуць развіваць. У перспектыве ў планах мясцовага калектыву — будаўніцтва яшчэ адной цяпліцы, далейшае паляпшэнне стану яблыневага саду.

— Магчыма, здолеем закласці і яшчэ адзін пладова-ягадны сад. Надоечы мы падалі заяўку на атрыманне адпаведнага грашовага гранта для ўвасаблення гэтай задумкі ў мясцовы інвестыцыйны фонд “Старт-усход”, — распавёў дырэктар.

Таксама ў планах навучальнай установы — пашырэнне вішнёвай алеі, якую традыцыйна высаджваюць у верасні першакласнікі. Увогуле, тут перакананы: зладжаная праца на адзіны вынік, без сумненняў, дапаможа рэалізаваць усё задуманае ў рэчаіснасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.