Першы раённы злёт валанцёрскіх атрадаў прайшоў на Дзяржыншчыне. Мерапрыемства паказала, што дзяцей, якія спяшаюцца рабіць дабро, нямала і яны гатовы вучыцца новаму, каб і надалей займацца гэтай высакароднай справай.
Валанцёрскі рух год ад году становіцца, на шчасце, усё больш папулярным і прырастае ўдзельнікамі. Так, сёння ў Дзяржынскім раёне ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі дзейнічаюць валанцёрскія атрады. Таму наспела патрэба правядзення мерапрыемства, якое б аб’яднала дзяцей, дало ім новыя веды і магчымасць абмену вопытам.
— Сабраўшы валанцёрскія атрады на першы раённы злёт, арганізатары ставілі задачу пазнаёміць іх удзельнікаў адно з адным, з дзейнасцю кожнага атрада, каб усе даведаліся, што валанцёрскі рух у нашым раёне развіваецца, што кожны атрад, незалежна ад таго, які кірунак дзейнасці ён выбраў, робіць вельмі важную і карысную справу, — расказвае Вольга Аляксандраўна Дубоўская, загадчыца аддзела арганізацыйна-масавай работы і развіцця дзіцячага руху ЦТДіМ Дзяржынскага раёна. — Акрамя таго, мы пастараліся, каб кожны ўдзельнік навучыўся нечаму новаму і змог у далейшым навучыць гэтаму іншых дзяцей і дарослых.
Удзельнікамі злёту сталі 23 атрады Дзяржынскага раёна, а таксама госці са Смалявіч — атрад “Добрае сэрца” сярэдняй школы № 2. Пасля ўрачыстай цырымоніі адкрыцця злёту валанцёры сталі ўдзельнікамі адкрытага дыялогу “За валанцёрскім рухам — будучыня!”. Да дыялогу далучыліся намеснік старшыні Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Сяргеевіч Чаган, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Яўген Валер’евіч Скарабагаты, дырэктар ЦТДіМ Дзяржынскага раёна Наталля Васільеўна Яшчук, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Кірыл Іванавіч Шык, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага крыжа Вера Барысаўна Буслейка, а таксама іншыя члены арганізацыі. Дзеці і госці абмеркавалі пытанні арганізацыі валанцёрскіх атрадаў і матывацыі ўдзелу ў іх, стаўленне ўлады да дзейнасці добраахвотнікаў і найбольш цікавыя валанцёрскія ініцыятывы.
Далей настаў час знаёмства. Кожны атрад на сцэне творча прэзентаваў сябе. Так, напрыклад, атрады “Надзея” гімназіі Дзяржынска і “Ад сэрца да сэрца” сярэдняй школы № 4 горада прадставілі відэаролікі, у якіх расказалі аб рабоце з дзецьмі-інвалідамі. У выглядзе 7 колераў вясёлкі прадставіў напрамкі сваёй дзейнасці валанцёрскі атрад “Дабрыня пачынаецца з цябе” Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея, які ўзяў шэфства над мемарыяльным комплексам юнага піянера-героя Марата Казея. Члены атрада “Міласэрнасць” сярэдняй школы № 2 Дзяржынска аказваюць дапамогу ў навядзенні парадку ў пажылых і адзінокіх людзей, збіраюць рэчы для тых, хто мае ў іх патрэбу, праводзяць майстар-класы для насельніцтва. Аб гэтым расказалі кіраўнік атрада Раман Карасцялёў і член атрада Данііл Рабцаў. Валанцёрскі атрад “Пазітыў” негарэльскай сярэдняй школы № 1 расказаў аб сваёй рабоце па папулярызацыі здаровага ладу жыцця, а ўдзельнікі атрада “Пошук” Дзямідавіцкага дзіцячага сада — базавай школы з дапамогай прэзентацыі паведамілі аб добраўпарадкаванні Юцкаўскай крыніцы, якая вядома ў раёне сваімі гаючымі ўласцівасцямі.
У рамках злёту былі арганізаваны майстар-класы. Члены арганізацыі Чырвонага Крыжа правялі майстар-класы па аказанні першай дапамогі, доглядзе людзей з абмежаванымі магчымасцямі з выкарыстаннем прыёмаў кінестэтыкс, па аказанні бытавых паслуг дома. Валанцёры таксама наведалі майстар-класы “Творчасць без межаў” і “Гульнявы трэнінг”, дзе даведаліся, як цікава і хутка арганізаваць вольны час.
Валанцёрскі злёт падарыў дзецям новыя знаёмствы, веды і эмоцыі. Кожны атрымаў новы зарад энергіі, каб і далей, не шкадуючы часу і сіл, рабіць гэты свет больш добрым.
Фота прадастаўлена ЦТДіМ Дзяржынскага раёна.