Змена для будучых педагогаў

- 11:24Вышэйшая школа, Рознае

Сёння ў НДЦ “Зубраня” завяршаецца змена “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі”. Змена пяты раз аб’яднала юнакоў і дзяўчат, якія задумваюцца над тым, каб звязаць сваё жыццё з настаўніцтвам. Амаль тры тыдні ў “Зубраняці” падарылі ім незабыўныя мерапрыемствы, якія, верагодна, упэўнілі маладых людзей, што яны рухаюцца ў правільным напрамку. Таксама змена падарыла ім магчымасць больш даведацца аб установах, дзе можна атрымаць педагагічную прафесію. А БДПУ імя Максіма Танка ўвогуле падрыхтаваў для дзяцей шэраг яркіх мерапрыемстваў.

Удзельнікамі змены “Ад захаплення да педагагічнай прафесіі” сталі навучэнцы профільных педагагічных класаў, лідары школьнага самакіравання, члены грамадскіх аб’яднанняў з высокім узроўнем вучэбнай паспяховасці, якія плануюць у будучыні выбраць прафесію педагога. У “Зубраняці” будучым педагогам прапанавалі цікавую і насычаную праграму, якая спрыяла фарміраванню найважнейшых духоўна-маральных каштоўнасцей, развіццю актыўнай жыццёвай пазіцыі, а таксама папулярызацыі педагагічнай прафесіі.

Свята адкрыцця змены задало актыўны і заўзяты тон наступным дням. Мерапрыемства ўяўляла сабой чаргаванне незвычайных “урокаў” і творчых “перапынкаў”. На “ўроках” вядучыя і ўдзельнікі свята расказвалі пра “Зубраня”, пра змест змены. А творчыя “перапынкі” былі запоўнены выступленнямі дзіцячых танцавальных і вакальных калектываў. Гэтак жа ярка і актыўна праходзілі ўсе дні змены. Хлопцы і дзяўчаты маглі праявіць сябе ў сацыяльных акцыях, культурна-масавых справах, індывідуальных конкурсах, для іх праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, інтэрактыўныя прагулкі, яны сталі ўдзельнікамі клубаў па інтарэсах, творчых трэнінгаў, экскурсійных праграм. Важнай часткай змены стала адукацыйная праграма “Акадэмія “Клас!”, якая ўключала такія трэнінгі, тэарэтычныя і практычныя заняткі, як “Прафесійная кампетэнтнасць”, “Арганізатарскія здольнасці”, “Чалавечыя здольнасці”, “Творчыя здольнасці”, “Камунікатыўныя здольнасці”, “Артыстычныя здольнасці”, “Педагагічнае ўяўленне”, “Аналітычныя здольнасці” і заняткі “Як стаць педагогам”.

Дзень Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка стаў адной з яркіх і запамінальных падзей змены. Мерапрыемства атрымалася і змястоўным, і цікавым. Моладзь, якая сабралася ва ўтульнай канцэртнай зале “Зубраняці”, вітаў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук расказаў аб універсітэце — яго матэрыяльнай базе, спецыялістах, якія тут працуюць, і таленавітых навучэнцах. Рэктар звярнуў увагу на тое, што расце прэстыж педагагічнай прафесіі і ва ўніверсітэт паступае ўсё больш медалістаў, растуць прахадныя балы і конкурс пры паступленні, мяняецца і гендарны склад навучэнцаў — ва ўніверсітэт прыходзіць усё больш хлопцаў. Аляксандр Іванавіч нагадаў, што плануецца ўвядзенне новых умоў паступлення для навучэнцаў педагагічных класаў і што БДПУ чакае ў сваіх шэрагах матываваных хлопцаў і дзяўчат. Рэктар адзначыў, што ўніверсітэт працуе па-сучаснаму, пільна сочыць за ўсімі актуальнымі тэндэнцыямі ў педагогіцы, адукацыі, каб ісці ў нагу з часам. Педагагічная прафесія і патрабаванні да яе мяняюцца, а разам з імі ўдасканальваецца навучанне ва ўніверсітэце, каб яго выпускнікі былі здольны працаваць у новых умовах, каб яны былі сапраўды сучаснымі педагогамі. БДПУ — член Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, што сведчыць аб высокай якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а таксама аб інтэграцыі ўніверсітэта ў міжнародную супольнасць. Аляксандр Іванавіч расказаў і аб вялікай універсітэцкай сям’і, якой з’яўляецца навучальная ўстанова. “Мы — адна сям’я” — з такой устаноўкай працуюць і вучацца ў БДПУ. І гэтая атмасфера вельмі спрыяльная для прафесійнага і творчага росту. БДПУ дае цудоўныя магчымасці не толькі для вучобы, але і для рэалізацыі разнастайных здольнасцей студэнтаў — як спартыўных, так і творчых. Пасля заняткаў жыццё кіпіць ва ўніверсітэце: працуюць студыі, творчыя калектывы, аб’яднанні па інтарэсах. У сваёй прамове Аляксандр Іванавіч прывёў 10 прычын выбраць БДПУ і ста ць педагогам, хаця прычын гэтых значна больш.

Далей на сцэну з творчымі нумарамі выйшлі навучэнцы і педагогі БДПУ. Іх выступленні сталі пацвярджэннем слоў рэктара аб тым, што ва ўніверсітэце вучацца і працуюць цікавыя, таленавітыя людзі і што БДПУ стварае спрыяльныя ўмовы для іх творчага росквіту. Перад удзельнікамі змены выступіў вакальны калектыў “Модус”, сваё вакальнае майстэрства таксама паказалі выканаўцы Настасся Козел, Марыя Хлань і Аляксандр Кустаў, цудоўны настрой стваралі харэаграфічныя нумары танцавальнага калектыву “О2” і мастацкага праекта “АРТ-Юніці”. Удзельнікі калектыву “Лайфстайл” прадэманстравалі віртуознае валоданне мячом. На каго раўняюцца навучэнцы ўніверсітэта, стала відавочна з выхадам на сцэну дуэта педагогаў — Уладзімір Бубен і Уладзімір Федарук, салісты ансамбля “Фестываль”, падарылі гледачам цудоўны музычны мікс на акардэонах. Завяршылі канцэртную праграму ўдзельніцы гурта “БайСіці”.

Выступленне рэктара перад удзельнікамі змены было змястоўным і інфарматыўным, а для тых, у каго засталіся пытанні, быў арганізаваны круглы стол. Да размовы былі запрошаны не толькі тыя, хто ўжо вызначыўся з прафесіяй і УВА, але таксама і тыя, хто свой выбар яшчэ не зрабіў. Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук і першы прарэктар Святлана Іванаўна Копцева, якія бралі ўдзел у круглым стале, пастараліся шчыра і поўна адказаць на ўсе пытанні, якіх было шмат. Гэта былі і асабістыя пытанні да кіраўніка ўніверсітэта: хлопцы і дзяўчаты пыталіся, як Аляксандр Іванавіч стаў рэктарам, якім відам спорту займаецца, дзе любіць адпачываць і які прадмет не любіў у школе. Рэктар расказаў аб сваім прафесійным шляху і падзяліўся навіной аб тым, што літаральна на днях быў выбраны віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі рэктараў педагагічных універсітэтаў Еўропы. Цікавіла прысутных, якім бачыць Аляксандр Іванавіч педагога будучыні і перспектывы развіцця прафесіі, як адбываецца размеркаванне пасля навучання ва ўніверсітэце, дзе студэнты праходзяць практыку, які факультэт карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў абітурыентаў. Чарговы раз удакладнялі ў рэктара інфармацыю аб ільготах пры паступленні для навучэнцаў педкласаў — відавочна, што гэтае пытанне вельмі хвалюе навучэнцаў, у чые планы ўваходзіць паступленне ў педагагічныя УВА. Запыталі ў рэктара і аб перспектывах далейшага развіцця ўніверсітэта. Аляксандр Іванавіч адказаў, што хацеў бы, каб БДПУ стаў паўнацэнным суб’ектам сусветнай адукацыйнай прасторы, каб узровень падрыхтоўкі выпускнікоў педуніверсітэта стаў такім высокім, што вучыцца сюды прыязджалі б хлопцы і дзяўчаты з усяго свету. А яшчэ рэктар прызнаўся, што марыць аб стварэнні ліцэя БДПУ.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.