Змяненні і новаўвядзенні

- 11:21Якасць адукацыі

З якога ўзросту будуць залічваць у першы клас? Чаму навучальны год падоўжыцца да 31 жніўня? Як стаць дзесяцікласнікам гімназіі? Ці адрозніваецца цэнтралізаваны экзамен ад выпускнога? Пра гэта і многае іншае расказалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Беларусі ў Нацыянальным прэс­-цэнтры.

У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі аптымізаваны віды ўстаноў дашкольнай адукацыі. Раней іх было шэсць, а зараз будзе толькі тры: дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.

Другое новаўвядзенне ў сферы дашкольнай адукацыі тычыцца магчымасці рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, што дазволіць праводзіць гуртковую і іншыя віды работ для развіцця здольнасцей выхаванцаў.

Трэцяе змяненне заключаецца ў прадастаўленні магчымасці атрымання дашкольнай адукацыі дома. “Такім чынам, усе нормы ўведзены з улікам 10-гадовай практыкі рэалізацыі папярэдняй рэдакцыі кодэкса, а таксама з улікам сучасных тэндэнцый у сістэме адукацыі”, — адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Муліца.

А.А.Муліца.

Акрамя таго, паводле новага кодэкса, павялічаны тэрмін навучання для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Змяненні перш за ўсё тычацца ўключэння прынцыпу інклюзіі ў адукацыю як аднаго з асноўных прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі. “Гэта абумоўлена ратыфікацыяй Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах інвалідаў у 2016 годзе і сучаснымі тэндэнцыямі ў сістэме адукацыі нашай і іншых краін, якія тычацца роўнага доступу да атрымання адукацыі ўсімі навучэнцамі”, — патлумачыла Алена Алейзаўна.

Да таго ж будзе павялічаны тэрмін атрымання спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для людзей з інтэлектуальнай недастатковасцю ў другім аддзяленні спецыяльнай школы, а таксама ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У папярэдняй рэдакцыі тэрмін складаў 9 гадоў, зараз жа ён павялічаны да 10 гадоў. Акрамя таго, прадастаўлена магчымасць спалучаць навучанне дома з заняткамі ва ўстановах адукацыі, што будзе садзейнічаць лепшай сацыялізацыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Таксама ў новай рэдакцыі кодэкса выключана норма пункта 4 артыкула 267, якая абмяжоўвала колькасць навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах адукацыі.

Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыны Каржовай, сістэма адукацыі не стаіць на месцы і дынамічна развіваецца. За 10 гадоў адбылося шмат змяненняў, і зараз яны будуць заканадаўча замацаваны. Так, абавязковай стала агульная сярэдняя адукацыя. Яе можна атрымаць у школе, установе прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта зробіць выпускніка школы больш канкурэнтаздольным на рынку працы і больш сацыяльна арыентаваным.

Да таго ж яна паведаміла, што цяпер у першы клас змогуць залічваць дзяцей, якім споўніцца 6 гадоў у перыяд з 1 верасня да 31 снежня ўключна, а за школамі будуць замацаваны мікрараёны. Іх жыхары маюць першачарговае права на залічэнне ў адпаведную школу. Далей пры наяўнасці свабодных месцаў могуць быць залічаны вучні, што жывуць у іншых раёнах.

Што тычыцца набору ў 10 клас гімназій, то Ірына Уладзіміраўна падкрэсліла: “Цяпер набор будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове па сярэднім бале пасведчання аб агульнай базавай адукацыі і адзнак прадметаў, якія навучэнцы будуць вывучаць на павышаным узроўні”.

Навучальны год будзе доўжыцца з 1 верасня да 31 жніўня. “Сёння ў кодэксе прапісана, што вучоба доўжыцца з 1 верасня па 31 мая. Але і ў час канікул школа не зачыняецца, а настаўнікі працягваюць атрымліваць заробак. Паўстала пытанне з налічэннем працоўнага стажу педагогам, якое мы вырашылі, змяніўшы працягласць навучальнага года. Але пры гэтым канікулы з 1 чэрвеня па 31 жніўня захаваюцца”, — патлумачыла начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.

І.У.Каржова.

Пачынаючы з уступнай кампаніі 2023 года адзінаццацікласнікі будуць здаваць цэнтралізаваныя экзамены па рускай або беларускай мове і матэматыцы. Яны будуць ацэньвацца, як і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, па 100-бальнай сістэме. Аднак будзе створана шкала пераводу на 10-бальную сістэму, якую зацвердзяць бліжэй да новага навучальнага года. “У час сёлетняй уступнай кампаніі, як і ў папярэднія гады, будуць прымацца сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага тэсціравання. А ў 2023 годзе гэты парадак будзе зменены і разам з сертыфікатамі ЦТ абітурыент павінен будзе прад’явіць сертыфікаты аб праходжанні цэнтралізаванага экзамену. Дарэчы, заданні і пытанні не будуць выходзіць за межы школьнага курса”, — пракаменціравала І.У.Каржова.

Паводле яе слоў, часам здараюцца выпадкі, калі беларускія навучэнцы апынаюцца ў СІЗА. “Наладзіць адукацыйны працэс у следчых ізалятарах папярэдняя рэдакцыя кодэкса нам не дазваляла. Па новай рэдакцыі, у следчых ізалятарах з’явіцца магчымасць арганізоўваць навучанне. Парадак будзе ўстаноўлены асобным заканадаўчым актам. Увогуле, усе асноўныя новаўвядзенні, што тычацца агульнай сярэдняй адукацыі, навеяны часам і ніякіх рэвалюцыйных змяненняў не будзе”, — адначыла Ірына Каржова.

У сваю чаргу намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова расказала, што кодэксам замацаваны таксама гранты для замежных грамадзян, што дазволіць нашай сістэме адукацыі павысіць сваю прывабнасць у міжнароднай супольнасці.

Яна таксама праінфармавала, што будзе пашырана сфера мэтавай падрыхтоўкі навучэнцаў: “Зараз, згодна з папярэдняй рэдакцыяй кодэкса, арганізацыі, якія знаходзяцца ў населеных пунктах, колькасць насельніцтва якіх не перавышае 20 тысяч чалавек, маглі ажыццяўляць заказ на мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Гэтае абмежаванне ў новай рэдакцыі кодэкса здымаецца. Такім чынам, арганізацыі, якія знаходзяцца ў іншых населеных пунктах, таксама змогуць адбіраць сабе патэнцыяльных абітурыентаў для атрымання адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі”.

Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі захаваны абавязак вывучэння беларускай мовы, за выключэннем замежных грамадзян. Таксама скарачаюцца і аптымізуюцца існуючыя віды ўстаноў прафесійнай адукацыі, выключаюцца, напрыклад, прафесійна-тэхнічныя вучылішчы і прафесійныя ліцэі, а таксама прафесійна-тэхнічныя каледжы. Акрамя таго, выключаюцца паняцці “класічны” і “профільны ўніверсітэт” і паняцце “вышэйшы каледж”.

А.М.Пятрова.

А.М.Пятрова:
“У абноўленым кодэксе замацоўваецца права на атрыманне адукацыі на працягу ўсяго жыцця.

Новая рэдакцыя кодэкса накіравана таксама на ліквідаванне празмернай дэталізацыі асобных норм. “Сёння на рынку працы ёсць патрэба ў кадрах, якія маюць кампетэнцыі, накіраваныя на работу, напрыклад, з інавацыйным абсталяваннем. Мы павінны быць гатовы да работы з тымі тэхналогіямі, якія вельмі хутка могуць абнавіцца. У сувязі з гэтым створаны рэсурсныя цэнтры, якія ў новай рэдакцыі называюцца цэнтрамі кампетэнцый. Зараз функцыянуе 51 такі цэнтр, 19 з іх ужо аснашчаны перадавым абсталяваннем”, — канстатавала А.М.Пятрова.

Пасля ўступлення ў сілу абноўленага кодэкса стане самастойнай і дыстанцыйная форма навучання.

Структура вышэйшай школы таксама зменена. На ўзроўні вышэйшай адукацыі сёння прадугледжваецца атрыманне агульнай, паглыбленай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі. “Пры атрыманні агульнай вышэйшай адукацыі на працягу 4—4,5 года рэалізуецца праграма бакалаўрыята з прысваеннем кваліфікацыі і ступені бакалаўра. Гэта дае права на паглыбленую вышэйшую адукацыю — маецца на ўвазе магістратура (1—2 гады), накіраваная на падрыхтоўку спецыялістаў для навуковай, інавацыйнай сферы і сістэмы адукацыі з прысваеннем ступені магістра. Гэта ў сваю чаргу дае права на вучобу ў аспірантуры. Па найбольш складаных спецыяльнасцях, напрыклад, медыцынскай сферы, ядзернай энергетыкі, будзе прадугледжана бесперапынная адукацыйная праграма вышэйшай адукацыі з тэрмінам навучання 5—6 гадоў”, — патлумачыла Аляксандра Пятрова.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.