Знайсці работу сваёй мары

- 12:40Вышэйшая школа

Паўгода назад у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце быў створаны факультэт лічбавай эканомікі. Ён аб’яднаў тры інавацыйныя спецыяльнасці і паставіў мэтай падрыхтоўку прафесіяналаў новага пакалення, якія будуць актыўна ўдзельнічаць у лічбавай трансфармацыі нацыянальнай эканомікі.

Пра спецыфіку новага факультэта, міждысцыплінарны падыход у навучанні і фарміраванне прадпрымальніцкіх навыкаў у будучых спецыялістаў расказвае дэкан Дзмітрый МАРУШКА.

— Дзмітрый Аляксандравіч, чым абумоўлена стварэнне факультэта лічбавай эканомікі?

— Кіраўніцтва БДЭУ прыняло такое рашэнне, разумеючы вялікую стратэгічную важнасць ІТ-сферы для нашай краіны. Ідэя ва ўніверсітэцкіх колах абмяркоўвалася даўно, але істотны імпульс развіццю ІТ-індустрыі і, адпаведна, ІТ-адукацыі надаў Дэкрэт № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”. Натуральна, мы не маглі застацца ў баку ад тых імклівых працэсаў, якія пачаліся ў краіне.

Параўнаўшы дасягненні Парка высокіх тэхналогій да снежня 2017 года, калі быў падпісаны Дэкрэт № 8 (яго называюць яшчэ “ПВТ 2.0”), з цяперашнімі, можна ўбачыць істотны рывок у развіцці ІТ-індустрыі. Так, па выніках 2019 года экспартная выручка ПВТ перавысіла 2 млрд долараў ЗША (да 2017 года яна не дацягвала і да мільярда).

Усё больш кампаній імкнуцца ўвайсці ў Парк высокіх тэхналогій, зараз іх колькасць перавышае 700. І кожны квартал (я з’яўляюся членам экспертнага савета ПВТ) мы разглядаем каля сотні новых заявак.

Дзякуючы спрыяльным умовам для развіцця ІТ-індустрыі ў Беларусі, многія замежныя кампаніі імкнуцца адкрыць тут свае прадстаўніцтвы, цэнтры па распрацоўцы. Кошт гадзіны работы беларускага распрацоўшчыка значна ніжэйшы, чым амерыканскага. Аднак вышэйшы, чым у Індыі, Пакістане, Кітаі і нават у краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Так, нашы спецыялісты даволі дарагія, але і якасць іх распрацовак вельмі высокая. Гэта звязана з тым, што Беларусі ўдалося захаваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў.

Нашы спецыялісты на роўных канкурыруюць з замежнымі распрацоўшчыкамі. Іх вынікі не саступаюць, а ў шэрагу выпадкаў пераўзыходзяць іншых па ўзроўні якасці і складанасці.

91% распрацовак ПВТ ідзе на экспарт: 43,2% пастаўляецца ў ЗША, 49,1% — у краіны Заходняй Еўропы, 5,3% — у Расію і СНД. Зусім невялікі працэнт распрацовак арыентаваны на ўнутраны рынак.

Заказчыкі з розных краін усё часцей звяртаюцца ў Парк высокіх тэхналогій, бо ацанілі нашы перавагі перад іншымі. Так, Беларусь — вельмі зручная краіна ў плане размяшчэння. Практычна з любога еўрапейскага горада можна прыляцець у Мінск за дзве гадзіны. Мы еўрапейцы, добра ведаем англійскую мову, і з намі лёгка паразумецца. Заказчыкі не маюць ніякіх цяжкасцей пры ўзаемадзеянні з беларускімі распрацоўшчыкамі.

У нашай краіны выдатная рэпутацыя надзейнага партнёра, інтарэсы суб’ектаў гаспадарання абаронены тут на ўрадавым узроўні. Заказчык, які супрацоўнічае з рэзідэнтам ПВТ, заўсёды можа быць упэўнены, што ўсе абавязацельствы будуць выкананы. Такі фактар, як надзейнасць, моцна ўплывае на ўзровень канкурэнтаздольнасці ў свеце.

У Парка высокіх тэхналогій добрая праектная гісторыя. Вядомыя сусветныя кампаніі, якія ўваходзяць у рэйтынгі Forbes, давяраюць рэзідэнтам ПВТ свае праекты. Нездарма Беларусь называюць Крэмніевай далінай Усходняй Еўропы.

Нядаўна Парк высокіх тэхналогій наведаў Дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа. У сваім “Твітары” ён паведаміў, што быў натхнёны ўбачаным. Няма сумненняў, што водгук палітыка такога ўзроўню прыцягне яшчэ больш увагі амерыканскіх кампаній да Парка высокіх тэхналогій.

Злучаныя Штаты Амерыкі — найбуйнейшы рынак і інвестар для ПВТ. У Парку працуюць 62 кампаніі з амерыканскім капіталам. Экспарт праграмнага забеспячэння ў ЗША ў 2019 годзе перавысіў 900 млн долараў.

— Можна сказаць, што высокія амбіцыі ІТ-галіны праецыруюцца на новы факультэт? Як ён бу­дзе інтэграваны ў лічбавую індустрыю?

— Хачу адзначыць, што факультэт не ствараўся з нуля. У яго склад увайшлі 5 кафедр, якія раней функцыянавалі на іншых факультэтах і займаліся тэматыкай, звязанай з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Так што задзел фарміраваўся доўгія гады. І нам перадалі тры спецыяльнасці: “Эканамічную кібернетыку”, “Эканамічную інфарматыку” і “Статыстыку”. Зараз мы факусіруемся на лічбавай эканоміцы і рэалізацыі адукацыйнай часткі Дэкрэта № 8.

Сфера, у якой пачаў працаваць факультэт, вельмі актуальная, міждысцыплінарная. Нашы выпускнікі добра разбіраюцца і ў эканоміцы, і ў інфармацыйных тэхналогіях, што робіць іх унікальнымі спецыялістамі на рынку працы.

Усе яны арыентаваны на работу ў ІТ-сферы, дзе могуць выконваць розныя праектныя ролі. (Мы ўжо адыходзім ад таго, каб рыхтаваць да канкрэтнай прафесіі, бо ІТ-свет жыве катэгорыяй праектных роляў.) Адзін і той жа спецыяліст можа ў рамках аднаго ці розных праектаў выконваць розныя праектныя ролі, а дзеля гэтага ён павінен мець міждысцыплінарную кросфункцыя­нальную кваліфікацыю. Гаворка ідзе пра тое, што ён можа быць і распрацоўшчыкам, і бізнес-аналітыкам, і менеджарам праектаў, і тэхнічным пісьменнікам, і інтэрнэт-маркетолагам… Усё залежыць ад спецыфікі праектнай работы. Мы настройваем студэнтаў на тое, што ім давядзецца мігрыраваць з адной праектнай ролі на другую.

Наш дэвіз, звязаны з працаўладкаваннем, — ствараць студэнтам магчымасці для пошуку работы іх мары. У ІТ-сферы гэта цалкам рэальна. Тут ніхто нікога не прымушае рабіць штосьці насуперак жаданню. Калі чалавеку не падабаецца выконваць пэўную праектную ролю, ён можа выбраць іншую. І такіх праектных роляў сотні (можа, нават тысячы), таму знайсці справу па душы нескладана. Галоўнае — мець добрую базавую падрыхтоўку і крэатыўнае мысленне.

Што да спецыяльнасці “Статыстыка”, то яна з’яўляецца ўнікальнай у нашай краіне, ніводзін універсітэт не вядзе падрыхтоўку падобных спецыялістаў. Гэта аўтарская праграма БДЭУ.

Выпускнікі гэтай спецыяльнасці арыентаваны на работу ў сферы аналізу даных. Для таго каб пэўны сервіс функцыянаваў і развіваўся, трэба дакладна разумець патрэбы карыстальнікаў, а гэта магчыма дзякуючы аналізу іх паводзін у сістэме. Калі гаварыць пра такія складаныя высоказагружаныя сэрвісы, як Facebook, Google, мабільныя дадаткі, якімі карыстаюцца сотні мільёнаў людзей, можна ўявіць, які аб’ём статыстычных даных яны назапашваюць. Патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне аналізу даных, каб дапамагчы бізнесу прымаць правільныя рашэнні, што прывядуць кампанію да поспеху.

— Падрыхтоўка мабільных і крэатыўных спецыялістаў патрабуе такіх жа адукацыйных падыходаў. Якія магчымасці ёсць у студэнтаў, каб развіваць адпаведныя навыкі?

— На факультэце мы запусцілі два адукацыйныя трэкі. Першы — у рамках абавязковай праграмы навучання па канкрэтнай спецыяльнасці. Што тычыцца другога трэка, то мы паспяхова супрацоўнічаем з ІТ-кампаніямі і іншымі арганізацыямі, якія маюць дачыненне да распрацовак, запрашаем іх спецыялістаў з гасцявымі лекцыямі, для правядзення факультатываў (у тым ліку англамоўных). Такім чынам, у студэнтаў ёсць магчымасць не толькі акунуцца ў акадэмічнае асяроддзе і асвойваць глыбокія тэарэтычныя веды, але і сустракацца з практыкамі, якія маюць вопыт работы ў міжнародных праектах.

Напрыклад, у асеннім семестры нямецкі бізнесмен, сузаснавальнік і генеральны дырэктар ІТ-кампаніі, якая нядаўна ўвайшла ў склад ПВТ, праводзіў вучэбны курс на англійскай мове пад назвай Doing business in the digital age (“Вядзенне бізнесу ў лічбавую эпоху”). Гэта быў вельмі цікавы і карысны для студэнтаў праект.

Да ўдзелу ў вучэбным працэсе важна запрашаць не толькі айчынных практыкаў, але і замежных экспертаў. Спасцігаючы іншую культуру, іншыя погляды, іншае разуменне рэчаіснасці, мы пашыраем уласныя межы. Беларусь — экспартна арыентаваная краіна, і, каб выходзіць на новыя рынкі, нам трэба вывучаць свет.

Другі трэк прапаноўваецца студэнтам факультатыўна. Гэта не абавязковая частка вучэбнай праграмы, а магчымасць — магчымасць далучыцца да ведаў і вопыту бізнес-супольнасці, выйсці на новы ўзровень разумення эканомікі і жыцця.

— Дзмітрый Аляксандравіч, нядаўна на факультэце была адкрыта стартап-школа для студэнтаў. Якія тут магчымасці для самарэалізацыі?

— Мы выбудоўваем работу на факультэце такім чынам, каб не проста рыхтаваць наёмных работнікаў, а садзейнічаць развіццю ў студэнтаў прадпрымальніцкіх навыкаў. Каб яны, маючы добрую падрыхтоўку ў галіне эканомікі і інфармацыйных тэхналогій, маглі ствараць уласныя кампаніі, развіваць уласны бізнес.

Напрыклад, Марк Цукерберг стварыў Facebook для зносін паміж студэнтамі, калі вучыўся ў Гарвардзе. Хутка сэрвіс пачаў набываць папулярнасць за межамі студэнцкай супольнасці і да 2004 года ператварыўся ў паспяховую сацыяльную сетку, якая сёння мае глабальнае значэнне. Аднак падкрэслю: Facebook прыдуманы студэнтам!

Skype таксама пачынаўся як дыпломны праект шведскага студэнта. Інвестары ў пошуках талентаў наведвалі дыпломныя абароны выпускнікоў. Адзін з іх зацікавіўся згаданай распрацоўкай, фінансава падтрымаў яе — у выніку з’явілася вельмі паспяховая праграма, якой, прынамсі, дзясятак гадоў карысталіся сотні мільёнаў людзей.

Маладыя крэатыўныя розумы здольны генерыраваць сапраўды прарыўныя ідэі, якія можна рэалізаваць у рамках высокатэхналагічных праектаў. Каб забяспечыць неабходныя ўмовы для пошуку і развіцця такіх талентаў, мы і стварылі стартап-школу. Яна праходзіць у розных фарматах: гэта і гасцявыя лекцыі, мітапы, якія право­дзяць паспяховыя прадпрымальнікі, хакатоны, конкурсы стартап-праектаў.

Мы прапаноўваем студэнтам цэлы набор сучасных адукацыйных прадуктаў. Таму вучыцца на факультэце цікава, перспектывы працаўладкавання добрыя.

— Дзмітрый Аляксандравіч, на днях на факультэце з’явілася новая ІТ-лабараторыя — сумесны праект з кампаніяй Easybrain. Гэта выдатны прыклад сацыяльнага партнёрства паміж установай адукацыі і бізнесам. Наколькі распаўсюджана такая практыка?

— Мы супрацоўнічаем з кампаніямі Easybrain, Wargaming, EPAM і іншымі, хто гатовы ўзбагачаць наш вучэбны працэс сучаснымі ведамі і браць на работу нашых выпускнікоў. Акрамя таго, кампаніі дапамагаюць нам развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу.

Мы не хаваем сваіх амбіцый і заяўляем, што, каб рашаць вучэбныя і навуковыя задачы, нам патрэбна самая перадавая тэхніка. ІТ-кампаніі згаджаюцца з гэтым. Новая лабараторыя, якую мы стварылі разам з кампаніяй Easybrain, цалкам абсталявана машынамі карпарацыі Apple. Гэта вельмі дарагая тэхніка, не кожны ўніверсітэт можа набыць яе для вучэбных мэт. У той жа час яна вельмі прадукцыйная. Цяпер нашы студэнты могуць асвойваць не толькі праграмы, распрацаваныя пад Windows, але і праграмы пад macOS. Гэтым мы пашыраем межы іх мыслення, іх гарызонты, магчымасці.

Дарэчы, многія кампаніі (IT Band Systems, GP Solutions, HiQo Solutions, ТПК “Софт” і інш.) дапамагаюць нам набываць камп’ютарную тэхніку як для студэнтаў, так і для выкладчыкаў. Бізнес умее лічыць грошы і разумее: інвестыцыі ў навучанне вернуцца з прыбыткам, калі на рынак працы прыйдуць высокакваліфікаваныя спецыялісты.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.