Бронзавы леў кожны дзень будзе сустракаць школьнікаў на парозе школы. Званочак з бронзы ў выглядзе галавы льва з выявай на тыльным баку ахоўніка Магілёва, рыцара ў даспехах — фрагмента герба абласнога цэнтра, падарыў роднай школе вядомы беларускі скульптар Андрэй Вараб’ёў.
У 1976 годзе ён прыйшоў у першы клас у сярэднюю школу № 2 Магілёва, а ў 1984 годзе здаў выпускныя экзамены за восьмы клас і пакінуў сцены ўстановы з самымі светлымі і добрымі ўспамінамі. Па яго словах, ужо ў сёмым класе ён ведаў дакладна, што будзе скульптарам. Тады спецыяльныя прадметы архітэктурна-мастацкага напрамку выкладалі, пачынаючы з чацвёртага класа. Але і гэтага хапіла, каб Андрэй вызначыўся са сваёй прафесійнай будучыняй. Цяпер яго помнік агурку ў Шклове або кампазіцыя “Студэнты” ў Горках сталі фактычна брэндам Магілёўшчыны.
Падарунак скульптара роднай школе прымеркаваны да 750-годдзя Магілёва, якое горад адзначае ў канцы чэрвеня, а таксама да юбілею самой установы адукацыі — 110-годдзя: вядома, што школа № 2 вядзе адлік сваёй гісторыі з 1907 года — ад стварэння прыватнай жаночай гімназіі пані Залескай.
Ільвіная галава-званочак створана па “матывах” цудоўных маштабных скульптурных ільвоў, сімвала Магілёва, на так званым Пушкінскім мосце. Іх, дарэчы, Вараб’ёў ляпіў пасля “знаёмства” з белым ільвом Джонам з цырка братоў Запашных. Нарэшце на нядаўнім апошнім званку ў яго ўпершыню пазванілі выпускнікі і дырэктар школы Людміла Абрамук.
— З першага верасня званочак будзе ўпрыгожваць уваходную групу будынка школы, — удакладніла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Гаўрыленка. — І кожны з шасцісот з лішкам навучэнцаў зможа ў яго пазваніць.
Ірына САФРОНАВА.