Знаўцы мовы і роднага краю

- 14:27Нам пішуць

У Азёркаўскай сярэдняй школе прайшоў інтэграваны Тыдзень беларускай, рускай і нямецкай моў.

У панядзелак з васьмі гадзін раніцы працавалі літаратурныя вароты “Залацінкі народнай мудрасці”. Каб прайсці праз гэтыя вароты, вучням і настаўнікам неабходна было адгадаць загадку, патлумачыць значэнне фразеалагізма, працягнуць прыказку, прамовіць скорагаворку. За правільны адказ кожны атрымліваў салодкі пачастунак-цукерку.

У аўторак у актавай зале праходзіў вясёлы кірмаш “Пакаштуйце, людцы, калі ласка!” Члены аб’яднання па інтарэсах “Этнаграфічны гурток “Спадчына” падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне. Усім было весела і цікава: гучала музыка, дзед Лявон і Лявоніха танцавалі “Польку”, “Лявоніху”, дзяўчаты вадзілі карагод, усіх падбадзёрваў вясёлы Несцерка, завіталі і цыганы з мядзведзем. Потым быў арганізаваны сапраўдны гандаль-кірмаш: адны прадавалі, другія куплялі. Чаго тут толькі ні было: і пячэнне, і тарты, і пірагі, і яблыкі, і папкорн. А булкі з полымя, з жару! Малодшым вучням дапамагалі ў гэтай справе бацькі. У рамках дабрачыннай акцыі “Падзяліся сваёй дабрынёй” вучні школы сабралі грошы і набылі канцылярскія тавары для выхаванцаў раённага дзіцячага сацыяльнага прытулку.

Серада была прадстаўлена выставай малюнкаў “Свет літаратурных герояў”. Вучні паказалі сваё бачанне любімых герояў у ілюстрацыях.

Цікавымі і пазнавальнымі былі для вучняў этнаграфічны турнір “Беларуская даўніна” і інтэлектуальная гульня “Хто хоча стаць мільянерам?”, якія праходзілі ў чацвер і пятніцу.

А вось суботу ўсе чакалі з вялікім нецярпеннем. Для вучняў 4—8 класаў была арганізавана экскурсія. Першым прыпынкам стала Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета, дзе мы наведалі музей баявой славы. Хочацца яшчэ раз сказаць “дзякуй” адміністрацыі гэтай навучальнай установы за цёплы прыём і за цікавую, змястоўную экскурсію, якую правяла для нас настаўнік беларускай мовы і літаратуры Л.У.Эйсмант.

Далей наш аўтобус накіраваўся ў аграгарадок Гудзевічы, у дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. На парозе “Беларускай хаткі” нас гасцінна сустрэла экскурсавод М.А.Сідар. Вучням было вельмі цікава слухаць аповед пра жыццё і побыт нашых продкаў. З вялікім задавальненнем і прыемнымі ўражаннямі мы вярталіся дадому. А ў гэты час вучні 9—11 класаў ужо збіраліся ў школе для правядзення літаратурна-музычнай кампазіцыі “Імя тваё — Марына!”. Чарговы раз было згадана імя Марыны Цвятаевай, чыталіся вершы паэтэсы, гучала музыка.

Таццяна ГАЛАВАЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Азёркаўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.