Штогод колькасць транспартных сродкаў на дарогах павялічваецца, а гэта, у сваю чаргу, павышае верагоднасць дарожна-транспартных здарэнняў. Як ні сумна, але часцей за ўсё месцамі аварый становяцца не ажыўленыя магістралі, а невялікія дарогі і нават пешаходныя пераходы. І вінаватымі часцяком выступаюць пешаходы, у тым ліку і дзеці. Прыводзіць да гэтага той факт, што школьнікі, на жаль, не ведаюць элементарных правілаў руху, не ўсведамляюць, да якіх наступстваў можа прывесці падобная бестурботнасць.
Менавіта з гэтай мэтай у Крупецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе Добрушскага раёна Гомельскай вобласці быў створаны клуб юных інспектараў руху.
Пасля некалькіх уступных заняткаў, накіраваных на вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу (Правілаў дарожнага руху, правоў і абавязкаў удзельнікаў руху, дарожных знакаў і разметкі), у правядзенні якіх удзельнічае дзяржаўтаінспектар Добрушскай ДАІ, унавучэнцаў пачынаюцца практычныя заняткі. Школьнікі вучацца ездзіць на веласіпедзе, выконваючы правілы, вырашаюць змадэляваныя настаўнікам практычныя задачы. выступаюць з агітацыйнай прапагандай на класных гадзінах. У такіх сітуацыях дзіця адчувае ўласную адказнасць, вучыцца свядома ацэньваць паводзіны на дарозе іншых удзельнікаў руху.
Акрамя вывучэння ПДР, клуб юных інспектараў руху штогод арганізоўвае сустрэчы з медыцынскім работнікам, бо так важна ўмець аказваць людзям дапамогу ў экстранных сітуацыях! Гэта, апроч іншага, павышае ўласную самаацэнку.
Самастойнасць, адэкватная рэакцыя, уменне прымаць правільныя рашэнні, актыўнасць, мэтанакіраванасць, ветлівасць і ўважлівасць — вось малая крыха таго, што можа атрымаць дзіця, які наведвае клуб.
Штогод у красавіку-маі ў Беларусі праходзіць конкурс на лепшы атрад ЮІР. Наша каманда “Патрулі вулічнага руху” вось ужо 6 гадоў перамагае ў раённых спаборніцтвах і ўдзельнічае ў абласным этапе.
У 2015 годзе каманду запрасілі для абмену вопытам на конкурс “Бяспечнае кола” ў Расію (г.Бранск). Адкрыццё конкурсу праходзіла на базе санаторыя “Бярозка”. А на другі дзень хлопчыкі ідзяўчынкі спаборнічалі на адным узроўні з расійскімі ўдзельнікамі, хоць і ішлі па-за конкурсам. Ўдзельнічалі ў наступных конкурсах: першая медыцынская дапамога, тэарэтычны экзамен на веданне Правілаў дарожнага руху, фігурнае кіраванне і кіраванне веласіпедам у рэальных умовах, веданне знакаў і складанне пазлаў на хуткасць.
Удзельнікі нашага атрада юных інспектараў руху з’яўляюцца і арганізатарамі, і мастакамі, і акцёрамі, і рэжысёрамі, але, перш за ўсё, яны знаўцы Правілаў дарожнага руху.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ганна Лапухова.