Зорны пад зоркай

- 10:14Вышэйшая школа

Заўчора ва ўнутраным дворыку Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, каля помніка выкладчыкам і студэнтам, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны, 51-ы раз прайшоў урачысты мітынг з нагоды старту зорнага паходу — традыцыйнага падарожжа сучаснага пакалення студэнтаў і выкладчыкаў па месцах баявой славы нашага народа, якое сёлета праходзіць з 26 па 29 студзеня.

Своеасаблівым сімвалам кожнага зорнага паходу, што праводзяцца з 1965 года, можна назваць самую вядомую і блізкую ад нас зорку — Сонца. І не толькі таму, што яго выява ўпрыгожвае герб галоўнага педагагічнага ўніверсітэта краіны. Сонца педагогікі, патрыятызму, сяброўства і добрага настрою адорвае сваімі ласкавымі промнямі кожнага ўдзельніка зорнага паходу. І няхай у гэтыя дні неба зацягнута хмарамі, аднак цеплынёй незвычайнага Сонца напоўнены кожны дзень падарожжа па тэрыторыі Маладзечанскага, Пухавіцкага, Барысаўскага, Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, Браслаўскага Віцебскай, Асіповіцкага Магілёўскай і Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Удзельнікі паходу выступаюць з канцэртамі ў Дамах культуры і школах, сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы, аказваюць ім шэфскую дапамогу, знаёмяцца з мемарыяльнымі помнікамі і комплексамі, праводзяць прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, майстар-класы па здаровым ладзе жыцця, спартыўныя спаборніцтвы.Зорны паход — гэта шматгадовая традыцыя ўніверсітэта, якая годна прайшла выпрабаванне часам і пацвердзіла свой статус неад’емнай часткі грамадзянска-патрыятычнага выхавання будучых педагогаў. “У зорны паход адпраўляюцца лепшыя студэнты. Ужо сёння вы будзеце ўскладаць кветкі да абеліскаў, сустракацца з ветэранамі, настаўнікамі і вучнямі. Сёлета зорны паход прысвечаны Году культуры, і вы як лепшыя прадстаўнікі нашага ўніверсітэта ў кожным Доме культуры, у кожнай школе, на кожным прадпрыемстве пакажаце лепшы ўзровень педагагічнай культуры”, — адзначыла ўдзельнік зорных паходаў пачатку 80-х гадоў першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка Святлана Іванаўна Копцева.
Многія ганаровыя госці ўрачыстага мітынгу з’яўляюцца выпускнікамі педуніверсітэта, таму прыйшлі на мерапрыемства па закліку сэрца. Сярод іх — начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная. “Ідэалогія для дзяржавы — як імунная сістэма для чалавека. Дзякуючы ідэалогіі, наша грамадства кансалідавана, ідэалогія з’яўляецца ўнутраным стрыжнем чалавека і дазваляе кожнаму з нас адэкватна рэагаваць на выклікі сучаснага свету. Фундамент ідэалогіі — патрыятызм. Для беларусаў патрыятызм з’яўляецца стваральным, а не разбуральным. Наша краіна ніколі не вяла несправядлівых, захопніцкіх войнаў, аднак пры неабходнасці беларусы са зброяй у руках абаранялі Радзіму. Нездарма першым радком нашага гімна з’яўляюцца словы “Мы, беларусы, мірныя людзі”, якія мы пацвярджаем сваімі справамі”, — адзначыла Наталля Іванаўна.
Важнасць міру, недапушчэння вайны абмяркоўваюць у гэтыя дні са школьнікамі, ветэранамі вайны і працы, педагогамі ўдзельнікі зорнага паходу. Безумоўна, адной з галоўных тэм сустрэч стане тэма ролі асобы педагога ў грамадстве. Па словах Наталлі Іванаўны, сённяшнім удзельнікам зорнага паходу праз некалькі гадоў дзяржава даверыць фарміраванне розумаў падрастаючага пакалення. Ад таго, наколькі паспяхова маладыя настаўнікі справяцца з гэтай задачай, якія каштоўнасці сфарміруюць у навучэнскай моладзі, залежыць будучыня нашай дзяржавы.
Як адзначыў у прывітальным слове ўдзельнік і арганізатар зорных паходаў з 1985 па 2004 год, выпускнік педуніверсітэта, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільевіч Карпенка, геаграфія мясцін, якія наведваюць студэнты БДПУ, пастаянна пашыраецца. Зорныя паходы — гэта яскравы прыклад патрыятызму студэнцтва. Гэта гісторыя, якую працягвае здзяйсняць новае пакаленне моладзі. Мерапрыемства такога плана садзейнічае фарміраванню любові і павагі да Айчыны, гордасці за дасягненні Беларусі, праяўленню клопату і міласэрнасці ў дачыненні да пажылых людзей, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы. “Сёння вы адпраўляецеся ў розныя куточкі нашай краіны. Ваш запал, ваша маладосць з’яўляюцца залогам поспеху”, — звярнуўся да студэнтаў Ігар Васільевіч.
Залогам такога поспеху з’яўляецца і належная арганізацыя паходаў. Тое, што яна пройдзе на высокім узроўні, запэўніў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Юрый Іванавіч Ларычаў, дарэчы, таксама выпускнік БДПУ, як і яшчэ адзін ганаровы госць мітынгу — удзельнік зорных паходаў 70-х гадоў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Каваленя.
— Зорны паход з’яўляецца ўнікальнай традыцыяй, якая стала неад’емнай часткай жыцця студэнтаў і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта. Гэтая традыцыя дапамагае азнаёміцца з культурнай і гістарычнай спадчынай краіны, гэта цудоўная магчымасць яшчэ раз успомніць гераічны подзвіг беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нізка пакланіцца і выказаць словы падзякі ветэранам за наша мірнае сёння, за нашу мірную Беларусь. Ад імя студэнцтва выказваем вялікую падзяку рэктарату БДПУ і асабіста Аляксандру Іванавічу Жуку за магчымасць прадстаўляць універсітэт у розных кутках краіны. Давайце разам зробім так, каб дэвіз паходу “Будучыня пачынаецца тут” стаў для многіх школьнікаў не проста словамі, а іх далейшым прафесійным самавызначэннем, — адзначыла ў прывітальным слове студэнтка 2 курса факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Лізавета Бурлай.
Педагагічная будучыня для некаторых навучэнцаў, іх прафесійнае самавызначэнне пачынаецца падчас сустрэч з удзельнікамі зорнага паходу. Знаёмства з багатай гісторыяй галоўнай педагагічнай альма-матар краіны, цікавыя аповеды пра студэнцкае жыццё, важнасць ролі прафесіі педагога ў жыцці грамадства робяць добрую справу. Пасля такіх сустрэч, асветленых цёплымі промнямі сонца педагогікі, патрыятызму, сяброўства і добрага настрою, не захацець быць настаўнікам немагчыма.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.