Зрабіць крок наперад

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Вынікі работы сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці за мінулы год і задачы на 2018 год абмеркавалі ўдзельнікі пасяджэння калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі. Удзел у яе рабоце прынялі намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, намеснікі старшынь райвыканкамаў, кіраўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, педагогі, а таксама кіраўнікі ўстаноў, з якімі цесна супрацоўнічае сістэма адукацыі.

Прадстаўляючы вынікі работы, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Аляксандр Сонгін адзначыў, што 2017 год для сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці быў у цэлым выніковым. І само месца правядзення пасяджэння калегіі было знакавым — яно адбылося ў гімназіі № 1 Гродна імя акадэміка Яўхіма Карскага, якая па выніках мінулага года прызнана лепшай сярод гарадскіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны.

— Па шэрагу паказчыкаў вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі ў краіне, — адзначыў Аляксандр Сонгін. — У мінулым годзе на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах навучэнцы заваявалі 95 дыпломаў, па гэтым паказчыку вобласць саступае толькі Мінску. Выпускніца сярэдняй школы № 5 Смаргоні Паліна Тумаш адзначана бронзавым медалём на Міжнароднай алімпіядзе па біялогіі. На конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills на Міжнародным чэмпіянаце краін — членаў ЕАЭС у мінулым годзе заваяваны адзін залаты і два сярэбраныя медалі, знак выдатніка за вышэйшыя прафесійныя дасягненні па кандытарскім мастацтве — на міжнародным чэмпіянаце. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання таксама даволі высокія: па ўсіх прадметах, акрамя хіміі, іспанскай і французскай моў, выпускнікі ўстаноў адукацыі Гродзеншчыны паказалі адзнакі, вышэйшыя за рэспубліканскія. Вобласць была годна прадстаўлена на Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года”: з васьмі суперфіналістаў двое — прадстаўнікі Гродзеншчыны.

Але акцэнт у сваім выступленні начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі зрабіў не на дасягненнях, а на тых задачах, якія трэба вырашаць, і на шляхах іх вырашэння. Так, выклікае клопат забяспечанасць устаноў дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі кадрамі. Па ініцыятыве галоўнага ўпраўлення адукацыі ў ГрДУ імя Янкі Купалы адкрыта група перападрыхтоўкі па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”.

У мінулым годзе пачалі працаваць два новыя дзіцячыя садкі — у Гродне і Астраўцы, працягваецца будаўніцтва яшчэ чатырох. У сістэме дашкольнай адукацыі будзе працягнута работа па стварэнні ўмоў бяспечнага знаходжання дзяцей і забеспячэння ўстаноў кваліфікаванымі кадрамі.

Увагі патрабуе падрыхтоўка школьнікаў да выступлення на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, асабліва па прадмеце “Працоўнае навучанне”, а таксама на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі.

Пастаўлены задача, каб з 1 верасня 2018 года ўсе навучэнцы 10—11 класаў былі ахоплены прафесійнай падрыхтоўкай.

— Трэба адысці ад фармалізму ў прафарыентацыйнай рабоце, — сказаў А.Г.Сонгін. — Гэтая работа павінна быць індывідуальнай, і пачынаць яе трэба з сярэдняга звяна.

Была звернута ўвага на неабходнасць інфармацыйна-растлумачальнай работы з педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі па ўвядзенні з 1 верасня нездавальняючай адзнакі пры ацэньванні вынікаў вучэбнай дзейнасці, а таксама якаснага правядзення міжнароднага даследавання PISA, у якім ад рэгіёна будуць удзельнічаць 24 установы агульнай сярэдняй і 7 устаноў прафесійнай адукацыі.

Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі створаны ў Лідзе, Смаргоні, Ашмянах і на Зэльвеншчыне. Пастаўлена задача адкрыць такі цэнтр у Гродне да пачатку наступнага навучальнага года. У 2018 годзе на будаўніцтва і рэканструкцыю 17 устаноў адукацыі плануецца накіраваць амаль 35 мільёнаў рублёў, у тым ліку па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме — 16,3 мільёна. Акрамя таго, за кошт сродкаў пазыкі Сусветнага банка плануецца завяршыць праектаванне і прыступіць да мадэрнізацыі пяці аб’ектаў у Ваўкавыскім, Карэліцкім, Шчучынскім, Іўеўскім і Воранаўскім раёнах.

Актуальнай з’яўляецца задача практыка-арыентаванага навучання ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Быў прыпынены прыём па 6 незапатрабаваных прафесіях, а адкрыты па 6 новых. З мінулага года прыпынена практыка адкрыцця некамплектных груп. Для вырашэння пытання скарачэння тэрмінаў навучання на базе 9 класаў будуць скарочаны тэрміны атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі па 6 кваліфікацыях на аснове базавай адукацыі ў трох навучальных установах. У 2019 годзе плануецца скарачэнне тэрмінаў навучання яшчэ па 5 кваліфікацыях, па якіх пры працаўладкаванні не патрабуецца дасягненне паўналетняга ўзросту. Працягнецца работа па мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы. У гэтым годзе плануецца адкрыццё рэсурснага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў для прадпрыемстваў грамадскага харчавання на базе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа.

— Прыярытэты выхаваўчай і ідэалагічнай работы на найбліжэйшы час былі вызначаны на рэспубліканскім семінары-нарадзе, які быў праведзены ў сакавіку мінулага года ў Гродзенскай вобласці з удзелам прадстаўнікоў ідэалагічнай вертыкалі ўсіх узроўняў адукацыі, — сказаў А.Г.Сонгін. — Асноўную ўвагу мы засяродзілі на карыснай занятасці падлеткаў. У шосты школьны дзень заняты 85 працэнтаў навучэнцаў. Новы імпульс трэба надаць цімураўскаму і валанцёрскаму руху.

Высокую ацэнку сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці дала намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.

— Мы ганарымся, што ёсць вобласць, якая так стабільна працуе, — сказала Раіса Станіславаўна. — Па многіх паказчыках Гродзеншчына ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі. Гэта вынікі рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй — у гэтым вы другія ў краіне.

Намеснік міністра адзначыла як станоўчы факт, што ў Гродзенскай вобласці больш за дзесяць тысяч навучэнцаў вывучаюць гісторыю Беларусі і геаграфію на беларускай мове. Выступленне Р.С.Сідарэнка таксама было накіравана на вырашэнне задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, і адным з асноўных элементаў такой сістэмнай работы павінна быць паслядоўнасць у прыняцці і выкананні рашэнняў.

— Найважнейшая задача ўстаноў адукацыі — выхаванне, прычым пачынаючы з дзіцячага садка, — адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. — Нам патрэбны сапраўдныя патрыёты, грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Важна захаваць пераемнасць пакаленняў, а дасягнуць гэтага можна і праз стварэнне валанцёрскіх атрадаў, якія аб’яднаюць дзяцей розных узростаў. Прыходзячы да пажылых людзей, размаўляючы з імі і дапамагаючы ім, дзеці будуць праходзіць сапраўдную школу жыцця.

У Год малой радзімы, якім стаў 2018, асабліва актуальна працягваць работу па стварэнні ў кожнай установе адукацыі стэндаў з інфармацыяй аб выпускніках, якія дасягнулі поспехаў у розных сферах жыцця, а таксама аб настаўніках, якія вярнуліся пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваць у родную школу. Звярнуў увагу В.А.Лісковіч і на арганізацыю харчавання дзяцей і падкрэсліў, што дырэктары навучальных устаноў нясуць адказнасць за яго якасць.

Па традыцыі пасяджэнне калегіі завяршылася ўзнагароджаннем. Намеснік міністра адукацыі Р.С.Сідарэнка ўручыла намесніку старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.А.Лісковічу медаль “За вернасць кадэцкай справе”. Падзячныя лісты намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Васіля Жарко былі ўручаны кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія прынялі актыўны ўдзел у акцыі “Нашы дзеці”.

Былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі. Сярод лепшых — аддзелы адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна (начальнік Аксана Тарасевіч) і Ашмянскага райвыканкама (начальнік Святлана Бароўская), Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхналагічны каледж (дырэктар Леанід Бялей), Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва (дырэктар Сяргей Буднік), Навагрудскі дзяржаўны аграрны ліцэй (дырэктар Андрэй Сусла), Панямуньскі дзіцячы дом Гродна (дырэктар Нэлі Стралкоўская), Зэльвенская дзяржаўная санаторная школа-інтэрнат (дырэктар Жанна Сліж), Гродзенскі дзяржаўны абласны эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі (дырэктар Святлана Грэйба).

Удзельнікі пасяджэння калегіі маглі азнаёміцца з выставай, якая прадэманстравала дасягненні педагогаў і навучэнцаў Гродзенскай вобласці ў розных галінах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.