Зваротная сувязь

- 15:13Міншчына, Прэс-тур

Мы заўсёды, паважаныя чытачы, на сувязі з вамі. Штодзень у рэдакцыі звіняць тэлефоны, а на электронныя паштовыя скрыні прыходзяць пісьмы. Іх многа, што прыемна. Разам з тым наша сувязь была б непаўнацэннай без асабістых кантактаў. Іх таксама многа. Вы з лёгкасцю пагаджаецеся на інтэрв’ю, даяце патрэбную інфармацыю і натхняеце нашых журналістаў на цікавыя матэрыялы.

А мінулай вясной мы адкрылі для сябе новую форму ўзаемадзеяння з вамі — прэс-тур. Першай журналісцкі дэсант “Настаўніцкай газеты” вельмі цёпла прымала Гомельская вобласць. На гэты раз мы завіталі ва ўстановы адукацыі Мінскай вобласці.

Наш прэс-тур доўжыўся два дні, за якія мы паспелі наведаць 11 устаноў. Усе яны розныя, але ўсюды працуюць адданыя сваёй дзейнасці, творчыя педагогі. У гэтым дадатку вы пазнаёміцеся з імі падрабязней. Мэтай нашага прэс-туру было не столькі знаёмства з гэтымі навучальнымі ўстановамі (хоць усе яны ўразілі разнастайнасцю адукацыйных і выхаваўчых прапаноў), колькі наладжванне больш цеснай зваротнай сувязі.
Як не раз адзначаў наш галоўны рэдактар Вадзім Аляксандравіч Кнышаў, такія паездкі ў людзі неабходны найперш для таго, каб адчуць, што мы з вамі, паважаныя чытачы, на адной хвалі або чаго калектыву “Настаўніцкай газеты” не хапае, каб злавіць гэтую хвалю. Для таго каб гэта зразумець, трэба знаёміцца асабіста, бачыць вашы вочы. Зваротная сувязь патрэбна не толькі на ўроку. Яна частка нашага жыцця. Без яе не атрымаецца плённага ўзаемадзеяння. За два дні мы ўбачылі шмат вачэй, гарачых і стомленых, але ні ў адных не прачыталі абыякавасці, за што, безумоўна, вельмі вам удзячны.

Шчыры дзякуй хочацца сказаць і за канструктыўную гаворку падчас круглых сталоў, на якіх вялася размова не толькі пра педагагічнае жыццё-быццё, але і ўзнімаліся праблемы сучаснай адукацыі. Першы такі круглы стол адбыўся ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Тут рыхтуюць настаўнікаў пачатковай школы, фізічнай культуры, замежнай мовы. Акрамя таго, у каледжы вучацца будучыя графічныя дызайнеры, а таксама спецыялісты па турызме і гасціннасці. Каледж мае добрую матэрыяльную базу і стабільны педагагічны калектыў, што, напэўна, з’яўляецца самым каштоўным.

На сустрэчу з прадстаўнікамі “Настаўніцкай газеты” на чале з яе галоўным рэдактарам В.А.Кнышавым прыйшлі педагогі і навучэнцы каледжа. Дырэктар навучальнай установы Алена Васільеўна Жураўлёва адразу заўважыла, што педагогі даўно з’яўляюцца падпісчыкамі прафесійнага выдання і вельмі ўдзячны за тое, што газета захавала сваю беларускамоўнасць. Акрамя таго, яна адзначыла, што самымі запатрабаванымі з’яўляюцца практыка-арыентаваныя матэрыялы.

Галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” ў сваю чаргу падкрэсліў, што газета ўвесь час развіваецца. “Мы імкнёмся да таго, каб быць запатрабаванымі на ўсіх узроўнях адукацыі. Для таго каб пашырыць прысутнасць усіх рэгіёнаў на старонках нашага выдання, “Настаўніцкая газета” адкрыла карэспандэнцкія пункты ва ўсіх абласцях рэспублікі. І сёння з намі ўласны карэспандэнт па Мінскай вобласці Дар’я Рэва.

Для нас вельмі важна, каб кожны з вас адчуваў інфармацыйную падтрымку і знаходзіў у газеце нешта карыснае для сябе. Акрамя таго, нам неабходна прафесійная размова і абмеркаванне набалелых пытанняў. Журналісты газеты стараюцца разабрацца ва ўсіх нюансах вашай дзейнасці, але без вашых меркаванняў, разваг мы не зможам лічыцца прафесійным педагагічным выданнем. Мы заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва і з гатоўнасцю чакаем вашых матэрыялаў”, — адзначыў Вадзім Аляксандравіч.

Да больш цеснага супрацоўніцтва заклікала і намеснік найстарэйшага ў краіне педагагічнага часопіса “Народная асвета” Святлана Мазурына. Калектыў выдання распрацаваў цэлы пакет практычных матэрыялаў па самых актуальных тэмах, які можна атрымаць, звярнуўшыся ў рэдакцыю. Акрамя таго, супрацоўнікі часопіса распрацавалі майстар-клас па напісанні артыкула, які яны могуць правесці як на базе рэдакцыі, так і навучальнай установы. Не саромейцеся, запрашайце!

Ад сябе хачу сказаць, што і мы, у рэдакцыі газеты, з нецярпеннем чакаем матэрыялаў як з Нясвіжскага каледжа, так і з іншых сярэдніх спецыяльных устаноў краіны. Кропкавыя асабістыя кантакты сведчаць, што ў такіх установах працуюць выдатныя метадысты, здольныя не проста навучыць, а даць практычныя ўменні і навыкі. Нездарма дырэктары школ з вялікім задавальненнем бяруць на працу выпускнікоў педагагічных каледжаў. Іх не трэба вучыць методыцы.

У Смалявіцкай раённай гімназіі дзеля прыезду журналістаў “Настаўніцкай газеты” сабраліся прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці з усяго раёна. На сустрэчы была і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама Ілона Юр’еўна Дастанка. І тут мы здолелі адчуць зваротную сувязь. Педагогі цікавіліся актуальнай тэматыкай нашага выдання, гаварылі пра набалелае (тонуць у паперах), а таксама запрашалі на будучыя мерапрыемствы.

Мы ж у сваю чаргу зноў запрашалі да супрацоўніцтва. Вадзім Аляксандравіч не стамляўся падкрэсліваць, што “Настаўніцкая газета” — адкрытае выданне, платформа для прафесійнага абмену і звычайных чалавечых зносін. А намеснік галоўнага рэдактара Уладзімір Уладзіміравіч Фалалееў засяродзіў увагу на сайце нашай газеты і адзначыў, што аўтарамі газеты можна станавіцца і ў віртуальнай прасторы.

“Мы звычайныя людзі і працуем з вамі ў адной галіне. Газета для нас ― гэта газета для вас. Вы наш прэстыж і натхненне, за што вам вялікі дзякуй”, — рэзюмаваў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”.

Р.S. Асобны дзякуй за інфармацыйна-арганізацыйнае суправаджэнне прэс-туру “Настаўніцкай газеты” начальніку інфармацыйна-метадычнага цэнтра МАІРА Тамары Анатольеўне Няборскай, прэс-сакратару ўпраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Вікторыі Гомза, а таксама вадзіцелю, які своечасова дастаўляў нас ва ўсе пункты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.