“Звонкая раніца-5”

- 14:42Культура

Здавалася, зусім нядаўна пачалася рэалізацыя маштабнага праекта “Звонкая раніца”, але не паспелі мы агледзецца, як завяршыўся пяты сезон конкурсу. І, думаю, самы час падвесці некаторыя вынікі.

За гэты час конкурс па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая раніца” наведаў 72 раённыя цэнтры нашай краіны з кастынгамі, на якія прыйшлі амаль паўтары тысячы юных спевакоў. Больш як 250 з іх узялі ўдзел у фінале конкурсу, які традыцыйна праходзіць у Нацыянальным адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У фінале пятага сезона бралі ўдзел 39 вакалістаў з 25 раёнаў нашай краіны.
Сёлетні конкурс, як і заўсёды, быў адзначаны ўзыходжаннем новых зорачак на сцэне вялікай актавай залы “Зубраняці”. Заняткі, рэпетыцыі, майстар-класы, практыкумы — усё было, як заўсёды, аднак подых новай генерацыі таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак адчуваўся безумоўна — “Звонкая раніца” стала больш сучаснай: не абышлося без хітоў зорак айчыннай, расійскай і замежнай эстрады Іны Афанасьевай, Іскуі Абалян, Аўры, Ганны Шаркуновай і Георгія Калдуна, Валерыя Меладзэ і Уладзіміра Праснякова, Паліны Гагарынай і Ані Лорак, Лары Фабіян і Лэдзі Гагі, Інгрыд, Дэвіда Геты і іншых выканаўцаў. Але пры гэтым мы не адмовіліся ад эстраднай класікі: са сцэны гучалі песні з рэпертуару груп “АВВА” і “Baccara”, другое дыханне атрымалі песні 60—70-х гадоў “Perhaps, perhaps, perhaps” славутай Дoрыс Дэй і “Love story” Эндзі Уільямса, кампазіцыі, якія калісьці выконвалі Эдзіт Піяф, Тота Кутуньа, Адрыяна Чэлентана і іншыя спевакі мінулага стагоддзя.
Менавіта такія экскурсы ў гісторыю эстраднай музыкі дапамагалі канкурсантам перадаць фактуру музычных кампазіцый і падаваць іх у сваім унікальным выкананні.
На жаль, некаторым канкурсантам не ўдалося напоўную паказаць сябе з-за хваробы — незвычайна пераменлівае студзеньскае надвор’е падкасіла здароўе некаторых канкурсантаў і прымушала выкарыстоўваць усе магчымыя метады. Адным з іх стаў “часночны флэш-моб”, калі кожны з жыхароў корпуса “Лазурны востраў” (дзе, дарэчы, базіравалася “Звонкая раніца-5”) атрымаў з рук сяброў своеасаблівы абярэг — зубок часнаку на вяровачцы. Трэба аддаць даніну павагі нашым юным спевакам: нягледзячы на недамаганні і ўгаворы педагогаў і медыкаў, яны ўсё роўна выходзілі на сцэну, каб паказаць свае вакальныя ўменні. Менавіта таму журы конкурсу вырашыла сёлета ўвесці дадатковую намінацыю “Баец”, у якой былі ўзнагароджаны Аліна Пігулеўская з Бабруйска Магілёўскай вобласці і Ганна Засімовіч з Капыля Мінскай вобласці.
Асаблівую падзяку хочаца выказаць хлопцам і дзяўчатам, якія дапамагалі вам, гледачам і чытачам, бліжэй знаёміцца са “Звонкай раніцай-5”. Гэта вядучая ўсіх канцэртаў конкурсу Вікторыя Белановіч з Баранавіч Брэсцкай вобласці, удзельнікі прэс-групы Аліна Міхалёнак з Любані Мінскай вобласці і Віталь Яўмененка з Петрыкава Гомельскай вобласці. Дзякуючы ім, вы чулі і бачылі “Звонкую раніцу-5” на сайце праекта, знаёміліся ў сацыяльных сетках з навінамі конкурсу ў відэадзённіках, якія ў гэтым годзе мы паспрабавалі выпускаць, глядзелі відэазапісы канцэртаў.
Сістэма ацэньвання з мінулых сезонаў конкурсу не змянілася. Як і раней, члены журы — педагогі па вакале, супрацоўнікі НДЦ “Зубраня”, зорныя госці — ацэньвалі не толькі вакальныя здольнасці канкурсантаў, але і іх імкненне да самаўдасканалення, творчую самарэалізацыю і стараннасць. Менавіта таму за дамашняе заданне — выступленне на першым этапе — ад журы максімальна можна было атрымаць 48 балаў (па выніках першага тура макcімальнага выніку дасягнула Аляксандра Гесь).
Другі тур быў больш складаным і, адпаведна, ацэньваўся вышэй — у 60 балаў. Рэпертуар для справаздачных канцэртаў другога тура падбіраўся на месцы зыходзячы з таго, што кожны вакаліст павінен быў паспрабаваць сябе ў незвычайным для сябе амплуа: нехта спяваў нязвыклыя для яго энергічныя, танцавальныя хіты замест прывычных павольных песень, хтосьці ўпершыню спрабаваў спяваць на замежнай мове (дарэчы, гучалі песні на беларускай, рускай, украінскай, англійскай, французскай, італьянскай мовах). У другім туры пераможныя 60 балаў не набраў ніхто, а лепшымі сталі Вераніка Самускевіч, Аліна Пігулеўская і Кацярына Ардынец, зрабіўшы добры задзел для перамогі ў конкурсе.
Трэці этап стаў самым складаным для канкурсантаў (і ацэньваўся ён, адпаведна, найбольш “дорага” — у 72 балы). Па-першае, большасць з іх упершыню спявалі ў ансамблі, па другое, для многіх магчымасць узаемадзеяння некалькіх выканаўцаў на сцэне была сапраўдным адкрыццём. Нарэшце, таму, што адным з членаў журы быў вядомы ў Беларусі і за яе межамі спявак, кампазітар і педагог Пётр Ялфімаў. На пачатку конкурсных выступленняў спявак падбадзёрыў канкурсантаў: “Тое, пра што вам зараз гавораць педагогі, — пра ўсе вашы недапрацоўкі, пра тое, што атрымалася, а што не, — гэта толькі для вас. Гледачы, якія сядзяць у зале, павінны проста атрымліваць станоўчыя эмоцыі. Адкіньце хваляванне і няўпэўненасць і проста атрымлівайце асалоду ад таго, што вы знаходзіцеся на сцэне. Выходзьце на сцэну нібы ў апошні раз: аддавайцеся гэтаму мастацтву поўнасцю, інакш у вас нічога не атрымаецца”. І дадаў: “Педагогі праекта здзейснілі велізарную работу і таксама заслугоўваюць апладысментаў — я разумею, наколькі цяжка з залы назіраць за выступленнем сваіх выхаванцаў”. Як і ў другім туры, максімальныя балы не атрымаў ніхто, а лепшай зноў стала Вераніка Самускевіч. Прыхільнасць нашых зорных гасцей заваяваў дуэт Веранікі Лашковай і Артура Міроненкі.
Упершыню ў гісторыі “Звонкай раніцы” для некаторых нумароў трэцяга тура былі пашыты цудоўныя касцюмы: лёгкія строі для квартэта, які спяваў “Танцы на сцёклах” (Ірына Аляксеенка, Святлана Голуб, Валерыя Кашуба, Ірына Савіцкая); бліскучыя, нібы луска рыбы, сукенкі для нумара “Танцы байцовых рыбак” (Марына Вантроба і Настасся Капыцкая); строгія ўборы для цудоўнага дуэта “Цяпло тваёй любові” (Кацярына Ардынец і Вераніка Піліпенка); рамантычныя касцюмы для дуэта “Вярні маю любоў” (Юлія Перхунова і Артур Казіміраў). За гэтую творчую работу вялікі дзякуй Наталлі Бурмістравай з Петрыкава — майстру на ўсе рукі, якая змагла за такі кароткі тэрмін увасобіць у тканіне свае яскравыя і крэатыўныя ідэі.
Традыцына да ўдзельнікаў фіналу “Звонкай раніцы” прыязджаюць зорныя госці. У гэтым годзе нас наведала вядучы майстар сцэны, актрыса тэатра і кіно, тэлевядучая Ірына Нарбекава. Правёўшы два дні з канкурсантамі, яна проста захапілася праектам. Праводзячы майстар-класы па акцёрскім майстэрстве, яна давала юным артыстам парады, як паводзіць сябе на сцэне, узаемадзейнічаць з партнёрам, дапамагала ў пастаноўцы нумароў. Шчырыя словы падчас творчай сустрэчы з актрысай і трэцяга тура конкурсу, членам журы якога была Ірына Веньямінаўна, падбадзёрвалі канкурсантаў і дапамагалі ім прафесійна працаваць на сцэне. “Я шчаслівая, што мне выдалася некалькі дзён пабыць побач з вамі. Я памаладзела душой, атрымала шмат станоўчых эмоцый. Я заўсёды хварэла за вас. Усім, хто мае дачыненне да гэтага праекта, хачу сказаць вялікі дзякуй за свята”.
“Мы ўсе сталі адной сям’ёй, нягледзячы на тое, што былі сапернікамі”, — напісала адна з канкурсантак Ганна Засімовіч на афіцыйнай старонцы “Звонкай раніцы” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Сапраўды, калі напачатку дзеці дзе-нідзе адчувалі сябе канкурэнтамі, то напрыканцы конкурсу ўсе разам смуткавалі з-за няўдач і шчыра радаваліся перамогам сяброў, дзяліліся туфлямі на абцасах і канцэртнымі сукенкамі, клапаціліся адно пра аднаго, дапамагалі ў складаных сітуацыях.
“Наша сям’я” — інакш не называлі жыхары корпуса “Лазурны востраў” сваіх сяброў і важатых. Педагогі НДЦ “Зубраня” Наталля Уладзіміраўна Булатава, Юлія Віктараўна Вішцава, Аляксей Анатольевіч Коцец, Ганна Віктараўна Казарэвіч, Сяргей Аляксандравіч Чэчка, Сяргей Юр’евіч Сечын былі татамі і мамамі для “Звонкай раніцы-5” на працягу трох тыдняў, ствараючы па-сямейнаму цёплую, сяброўскую атмасферу і раскрываючы ў дзіцячых душах самыя лепшыя пачуцці.
Педагагічны калектыў праекта, які працуе з канкурсантамі “Звонкай раніцы” ўжо трэці год, — маладыя таленавітыя педагогі, выпускнікі і студэнты Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава Алеся Аляксандраўна Ганчарова, Аліна Сяргееўна Дзямідава, Аліса Андрэеўна Мацвяюк і Алеся Іванаўна Чарняўская — змог раскрыць у канкурсантах тое, што часам яны самі ў сабе не бачылі, паказаў сваім выхаванцам іх патэнцыял, стымуляваў да далейшага развіцця. За такі кароткі тэрмін кардынальна змяніць тое, што гадамі адпрацоўвалася з педагогамі, вельмі цяжка, але педагогам праекта ўдалося паказаць юным спевакам некаторыя прыёмы валодання голасам. Для шэрага канкурсантаў заняткі па вакале былі першымі ў жыцці, бо многія з тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе, раней з педагогамі не займаліся. Ды і першы выхад на вялікую сцэну для іх быў вялікім святам.
Вельмі добра запомніўся нумар “Аэрапорт” (Карына Вайцяховіч і Серафім Лазука) і ўвесь працэс яго падрыхтоўкі, які, як і ўсё, што рабілася на праекце, быў навідавоку. Даходзіла нават да слёз… Але апладысменты гледачоў пасля выканання падчас трэцяга тура і на гала-канцэрце кампенсавалі ўсе вострыя вуглы падрыхтоўкі. Усё было выканана і паказана настолькі пранікнёна, што нават члены журы не змаглі стрымаць пачуццяў і пусцілі слязу.
Адным з самых складаных у пастаноўцы і ў вакальным плане нумароў стаў урывак з рок-оперы “Моцарт” (Герман Беняш, Юлія Манагарава, Карына Ерафеева, Аляксандр Нікіценка, удзельнікі танцавальных калектываў “Экшн” і “Эльфрыданс”). Канкурсанты спявалі па-французску, увасабляючы кожны свой адметны вобраз. І няхай не ўсё ўдалося на конкурсным выступленні, воклічы “Брава!” на гала-канцэрце пацвердзілі правільнасць выбару і магчымасці юных артыстаў.
Як заўсёды, невычарпальнай энергетыкай і надзвычайнай працавітасцю ўразілі арганізатараў танцавальныя калектывы, якія былі запрошаны на фінал конкурсу: “Экшн” з Петрыкава Гомельскай вобласці (мастацкі кіраўнік Ірына Анатольеўна Буднік), “Драйв” з Хойнікаў Гомельскай вобласці (мастацкі кіраўнік Алена Васільеўна Ляснічая) і “Эльфрыданс” гімназіі № 1 Горак Магілёўскай вобласці (мастацкі кіраўнік Алена Мікалаеўна Лызікава). “Для нас, танцораў, “Звонкая раніца” таксама дае вельмі вялікі штуршок да развіцця, — адзначыла А.В.Ляснічая. — Пасля ўдзелу ў праекце ў нашых выхаванцаў з’яўляецца незвычайная энергія для далейшай работы і ўдасканалення, яны гатовы звярнуць горы і займацца, займацца, займацца”. Хочацца падзякаваць не толькі кіраўнікам і ўдзельнікам калектываў, але і людзям, якія спрыялі таму, што “Звонкая раніца” была шчыра аздоблена танцавальнымі нумарамі: аддзелам адукацыі і цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Хойніцкага і Петрыкаўскага раёнаў Гомельскай вобласці, Горацкаму аддзелу адукацыі і адміністрацыі гімназіі № 1 Горак Магілёўскай вобласці.
Свята святам, але ўсё ж гэта быў конкурс, у якога, бясспрэчна, павінны быць пераможцы. Па традыцыі, у “Звонкай раніцы” няма першага, другога і трэцяга месца — ёсць пераможцы, якія сталі лепшымі ў конкурсе, усе з аднолькавым тытулам. У лік пераможцаў у гэтым годзе ўвайшлі Вераніка Самускевіч (Баранавічы Брэсцкай вобласці), Артур Міроненка (Касцюковічы Магілёўскай вобласці), Артур Казіміраў (Светлагорск Гомельскай вобласці), Вераніка Лашкова (Наваполацк Віцебскай вобласці), Карына Вайцяховіч (Гродна), Аляксандра Гесь (пасёлак Мір Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці), Уладзіслаў Пакалюк (Кобрын Брэсцкай вобласці), Карына Ерафеева (Гомель), Кацярына Ардынец (Мядзел Мінскай вобласці), Ганна Лысянкова (Ліда Гродзенскай вобласці), Юлія Якута (аг.Луцкаўляны Гродзенскага раёна), Герман Беняш (Навагрудак Гродзенскай вобласці).
Уладальцай гран-пры “Звонкай раніцы-5” і галоўнага прыза — планшэта — стала Вераніка Самускевіч, якая набрала самую вялікую колькасць балаў журы — 171, а таксама 30 балаў ад кіраўніка конкурсу. (Дарэчы, Вераніка вельмі добра паказала сябе яшчэ на кастынгу ў Івацэвічах, а на фінале замацавала свой поспех.)
Дыпломы ў намінацыі “Прагрэс” атрымалі Мікіта Юркойць (в.Крывошын Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) і Аляксандра Цімашэнка (Чавусы Магілёўскай вобласці).
Каштоўныя падарункі і дыпломы атрымалі пераможца галасавання гледачоў Артур Казіміраў, пераможца галасавання ўдзельнікаў праекта Серафім Лазука (Талачын Віцебскай вобласці). Пераможцай смс-галасавання стала Уладлена Гулевіч (Глуск Магілёўскай вобласці), якая ў якасці падарунка ад арганізатараў — установы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” і Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня” — атрымала сучасны смартфон.
У конкурсе перамагае мацнейшы. Гэта заўсёды было і будзе галоўным прынцыпам “Звонкай раніцы”. І няхай злыя языкі ў сацыяльных сетках і ў каментарыях на сайце конкурсу www.zr.ng-press.by абвінавачваюць журы ў перадузятасці, прадажнасці конкурсу і прасоўванні асобных канкурсантаў, наша сумленне чыстае. Як і ў мінулыя гады, перамога дасталася менавіта таму, хто не проста валодае прыгожым голасам, але і гатовы вучыцца, расці, мяняцца ў лепшы бок, прыслухоўваючыся да парад спецыялістаў. Менавіта ў паразуменні педагога і навучэнца заключаны галоўны сакрэт такога поспеху. Некаму можа не падабацца праект і тое, што на ім ажыццяўляецца, але мы заўсёды падкрэсліваем: “Звонкая раніца” — гэта не проста вакальны конкурс, гэта адукацыйны (!) праект, скіраваны не столькі на вызначэнне лепшага (што таксама немалаважна!), колькі на рэалізацыю схаванага патэнцыялу маладых талентаў. Многія з канкурсантаў маглі карэнным чынам змяніць свой імідж і манеру паводзін на сцэне, многія паспрабавалі сябе ў незвычайным амплуа (што з’яўляецца адным з прынцыпаў конкурсу), некаторыя ўпершыню выконвалі песні на замежнай мове, спявалі ў ансамблі і працавалі з танцавальным калектывам.
Будзе праўдай, калі сказаць, што конкурс папулярны ў нашай краіне. Штогод расце колькасць праглядаў відэаматэрыялаў справаздачных канцэртаў, выкладзеных у інтэрнэт, анлан-трансляцый канцэртаў на нашым сайце, за дасягненнямі канкурсантаў сочаць за межамі Беларусі. Аднак неаднойчы мы, прыязджаючы на кастынгі, заўважалі, што педагогі ў навучальных установах не палічылі неабходным інфармаваць патэнцыяльных удзельнікаў пра конкурс. Ці не занадта часта мы, дарослыя, вырашаем за дзяцей, што ім трэба рабіць і што не, тым самым не даючы ім магчымасці праявіць сябе, паспрабаваць свае сілы ў нечым новым. Тым больш што наш конкурс адкрыты — прыйсці на кастынг можа кожны: і той, хто спявае, і той, хто лічыць, што ўмее спяваць. І самае цікавае — у фінал праходзяць і тыя, і тыя. Каб трапіць у фінал “Звонкай раніцы”, трэба найперш мець талент, а таксама вялікае жаданне ўдзельнічаць у праекце.
Так, у нашай краіне многа таленавітых дзяцей, іх трэба заўважыць і разгледзець, але найперш трэба даць ім інфармацыю, даць магчымасць паказаць свой талент. І няхай дзіця вырашае, што рабіць з гэтай інфармацыяй, бо толькі ад яго залежыць, наколькі паспяховым чалавекам яно стане, як і ў якой сферы зможа сябе рэалізаваць у будучым. І мы вельмі рады, што ў глыбінцы ўдаецца адшукаць самародкаў, якія здольны заткнуць за пояс тых, хто гадамі займаецца вакалам. Было б жаданне, а магчымасці для рэалізацыі знойдуцца.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ,
кіраўнік праекта “Звонкая раніца”,
намеснік галоўнага рэдактара “Настаўніцкай газеты”.