Зялёная галерэя

- 9:29Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У Светлагорскім эколага­-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі на невялікай плошчы — велізарныя магчымасці для развіцця. 

Тут размешчаны аддзел раслінаводства і зялёная галерэя, кабінеты з экзатычнымі, дэкаратыўнымі жывёламі, пляцоўка “Птушыны двор”, акварыумы, тэрарыумы, акватэрарыум. Ад ахвотнікаў паглядзець (ці нават пагладзіць) яшчарак, змей і страшных павукоў — адбою няма. 

А яшчэ тут займаюцца экадызайнам і кветкаводствам, ёсць музейны куток “Ад вытокаў да сучаснасці” і экалагічная бібліятэка, якая налічвае больш за 1,5 тысячы выданняў. 

Апошнім часам пры ўдзеле супрацоўнікаў цэнтра арганізаваны новыя раённыя конкурсна-адукацыйныя мерапрыемствы — месяц энергазберажэння, экалагічны конкурс “Зберажом зялёную прыгажуню”, тыдзень экалогіі, экалагічная алімпіяда, “Заалагічны экспрэс”, майстар-класы, экалагічны фестываль…

Дырэктар цэнтра Вольга Крук кажа, што для невялікага калектыву — а працуе тут сем чалавек — вельмі важна, што іх установа дадатковай адукацыі прызнана лепшай у рэспубліцы па выніках работы за мінулы год:

— Амаль 1000 навучэнцаў прыходзяць да нас на заняткі ў 21 аб’яднанне па інтарэсах. Нядаўна пачало працаваць навуковае таварыства навучэнцаў “Даследчык”. Мінулы год у нас быў вельмі ўраджайным на дыпломы. Шмат у чым — дзякуючы школе фларыста. У гэтым кірунку працуюць вопытныя педагогі Марына Сарокіна і Алена Зянькоўская. Таму дзеці валодаюць тымі навыкамі, якія забяспечваюць высокі ўзровень работ. Да таго ж у нас праводзяцца індывідуальныя заняткі з выхаванцамі, і гэта таксама дае вынікі. У Алены Юр’еўны ёсць вучаніца Маша Ждановіч — яна неаднаразова займала першыя месцы па фларыстыцы ў рэспуб­ліканскіх конкурсах. Цяпер заканчвае гімназію і збіраецца стац­ь
прафесійным ландшафтным дызайнерам.

Педагогі ва ўстанове — гэта людзі, якія не проста любяць работу, яны ёй жывуць. Пра кожнага Вольга Юр’еўна гаво­рыць з непрытоенай гордасцю:

— Жывым кутком у нас займаюцца сапраўдныя фанаты сваёй справы Марына Зыкун і Галіна Лявонава. У нас такі жывы куток, якіх у сістэме дадатковай адукацыі Гомельшчыны больш няма. Тут жывуць розныя віды дэкаратыўных трусоў, мышы, марскія свінкі, шыншылы, змеі, яшчаркі хаме­леон, агам і інш. Таксама павукі і прусакі ў асартыменце. Ёсць акварыумы і птушыны двор на вуліцы. У аб’яднанні па інтарэсах, якія звязаны з жывёламі, хо­дзяць больш за ўсё дзяцей. Акрамя таго, у нас ёсць вельмі дасведчаны метадыст Яўгенія Тукач і педагог, якая займаецца скрапбукінгам, Ірына Цімашэнка. Яна працуе яшчэ і з дашкольнікамі па суботах у школе ранняга развіцця.

У светлагорскім цэнтры арганізавана работа аб’яднанняў па інтарэсах у школах і на базе дзіцячых садоў. Да наведвання курса “Экалогія па суботах” прыцягваюцца навучэнцы школ. Гэта даз­валяе забяспечваць занятасць падлеткаў і адначасова спрыяе іх працоўнаму, экалагічнаму выхаванню, а таксама прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў, лічыць дырэктар цэнтра:

— На базе ўстаноў адукацыі педагогі экалагічнага цэнтра праводзяць заняткі спецкурсаў “Экалагічная азбука”, “Экалагічныя сцяжынкі”, “Дзікая прырода Беларусі”, экалагічны ўсенавуч “Зялёная азбука”, гурток “Сяміцвецік”. А на сваёй базе вядзём спецкурсы “Энергія і я”, “Экоша”, “Эказнайка”, праводзім экскурсіі ў жывым кутку. У вучэбным экалога-біялагічным комплексе школьнікі не толькі даглядаюць насельнікаў жывога кутка. Дзеці атрымліваюць веды ў галіне заалогіі, ветэрынарыі, вывучаюць асновы раслінаводства.

Падчас летніх канікул тут арганізоўваюць занятасць дзяцей: складаюць дагаворы з мясцовым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, пасля чаго падлеткі ма­юць магчымасць законна зарабіць свае першыя грошы. Цяпер — ужо не толькі ўлетку, але і падчас восеньскіх і вясновых канікул. 

— З 2004 года мы ствараем рабочыя месцы для падлеткаў, — расказвае Вольга Крук. — Перавагу маюць дзеці з малазабяспечаных, мнагадзетных сем’яў, якія стаяць на ўліку, па рэкамендацыях сацыяльна-псіхалагічнай службы школ і інспекцыі па справах непаўналетніх. Ахвотнікаў заўсёды больш, чым месцаў. Праекты самыя розныя. Абавязкова ёсць праекты па добраўпарадкаванні, дзеці дапамагаюць праца­ваць на ўчастку. Бралі падлеткаў на рамонт мэблі. Фіранкі шылі, рабілі інфармацыйныя стэнды. За 10—12 дзён працы летась дзеці атрымалі па 100—120 рублёў. Штогод працаўладкоўваем да 40 падлеткаў, і па заканчэнні работы яны атрымліваюць працоўныя кніжкі з першым запісам аб прысваенні прафесіі кветкавод ці рабочы зялёнага будаўніцтва другога разраду.

Арганізацыя летняй працоўнай практыкі, падчас якой дзеці выконваюць увесь комплекс агратэхнічных работ ад падрыхтоўкі глебы да збору ўра­джаю, — эфектыўная форма прафарыентацыйнай работы. Наладжана цеснае супрацоўніцтва са школамі: штогод прыцягва­юць да двухсот навучэнцаў. Атрыманыя навыкі могуць быць выкарыстаны імі пры атрыманні прафесій, звязаных з працай на зямлі.

Ну а для развіцця навукова-даследчыцкіх кампетэнцый навучэнцаў і павышэння матывацыі падлеткаў да праектнай і вучэбна-даследчай дзейнасці рэалізуецца праект “Зялёныя школы”. Сістэмная работа дае плён і прыносіць радасць усім. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.