Паслугі якасныя, умовы здароўезберагальныя

- 11:18Дашкольная адукацыя

Пра тое, як удасканаліць якасць адукацыйных паслуг і стварыць здароўезберагальныя ўмовы ва ўстановах дашкольнай адукацыі, ішла гаворка ў межах пятай секцыі, якая працавала на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Работу секцыі каардынавалі дэкан факультэта дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Каспяровіч і дацэнт кафедры агульнай і дашкольнай педагогікі гэтага ўніверсітэта Алена Смолер.

Жывое абмеркаванне выклікала выступленне Галіны Казаручык, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, якая спынілася на экалагічнай адукацыі выхаванцаў у здароўезберагальнай сістэме дашкольнай адукацыі.
У прыватнасці, яна адзначыла, што ў дашкольным узросце дзеці актыўна вучацца назіраць за прыродай, засяроджваць увагу на яе аб’ектах, узгадняць свае мэты і дзеянні, супрацоўнічаць з людзьмі і прыродай. Акрамя таго, дзеці вучацца спачуваць іншым людзям і прыродзе, суперажываць усяму жывому. — Сродкамі фарміравання гэтых навыкаў з’яўляюцца такія падыходы да арганізацыі экалагічнай адукацыі, якія даюць магчымасць дзецям узбагачаць свае пачуцці, фарміраваць сенсорную культуру, навыкі зносін як з людзьмі, так і з прыроднымі аб’ектамі. Важнымі характарыстыкамі ў падыходах да экалагічнай адукацыі дашкольнікаў з’яўляюцца: насычанасць асяроддзя прыродным матэрыялам, што садзейнічала б развіццю ўсіх органаў пачуццяў дзіцяці; уключэнне асобы дзіцяці ў працэс пазнання прыроды; эмацыянальная насычанасць узаемадзеяння дарослага і дзіцяці ў працэсе пазнання прыроды; выкарыстанне ў рабоце з дзецьмі сацыялізуючых метадаў; азнаямленне дашкольнікаў з асновамі радыяцыйнай бяспекі і здаровага ладу жыцця; стварэнне эколага-развіццёвага ландшафтнага асяроддзя ў дашкольнай установе.
Нішто не можа развіць пачуцці дзіцяці лепш, чым сама прырода. Разумеючы гэта, педагог можа змяніць падыход да дзіцячых прагулак і экскурсій. Іх мэтай стане не толькі ўласна прагулка, але і развіццё зроку, слыху, нюху і дотыку. Кожныя новыя заняткі павінны несці сустрэчу з новымі кветкамі, формамі, гукамі, пахамі, тактыльнымі адчуваннямі. І калі ў далейшым гэтыя пачуцці дзецям удасца замацаваць з дапамогай выяўленчай дзейнасці, узнавіць у творчых вобразах, то можна будзе казаць пра багатую эмацыянальную насычанасць праграмы.
Гульнявыя метады дапамогуць забяспечыць сацыялізацыю дзяцей, аднак гульні павінны быць, па-першае, пабудаваны на зносінах дзяцей адно з адным і з дарослымі, па-другое, выкарыстоўваць той жа матэрыял аб прыродзе, з якім дзеці пазнаёміліся на папярэдніх занятках. Гульні, тэатралізацыі, фестывалі — такія метады працуюць на сацыялізацыю дзяцей. Нельга забываць і пра рухавыя гульні, якія дапамагаюць засвойваць веды і развівацца фізічна. Калі дзеці ўсведамляюць сябе саўдзельнікамі працэсу пазнання, адчуваюць уласнае дачыненне да прыродных працэсаў, аналізуюць, як на іх уздзейнічае прырода, то такія веды становяцца асобасна значнымі, глыбокімі і трывалымі, — адзначыла Галіна Мікалаеўна.
Як адзначыла Галіна Казаручык, у сучасных адукацыйных праграмах для дашкольных устаноў павінны знайсці адлюстраванне і пытанні радыяцыйнай бяспекі. Цяпер у Беларусі маецца толькі адзін праграмны дакумент, звязаны з праблемамі радыеэкалагічнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту. Пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе была распрацавана эксперыментальная праграма “Выхаванне і навучанне ў дзіцячай дашкольнай установе па радыяцыйнай бяспецы, гігіене і экалогіі”, у якой падкрэсліваецца актуальнасць далучэння дзяцей да экалагічных, гігіенічных і аздараўленчых мерапрыемстваў у дашкольнай установе.Асноўная мэта гэтай праграмы — фарміраванне ў дзяцей уяўленняў аб асобных з’явах прыроды і навакольнага асяроддзя, ладзе жыцця чалавека пры ўзнікненні ў навакольным асяроддзі небяспекі; засваенне элементарных паняццяў і ведаў пра здароўе, раннюю прафілактыку шкодных звычак. Праграма прызначана ў першую чаргу для дашкольных устаноў, якія знаходзяцца на забруджаных тэрыторыях, але можа эфектыўна выкарыстоўвацца ў масавай практыцы дашкольных устаноў усёй краіны.

* * *

Актуальнымі з’яўляюцца пытанні пераемнасці ў арганiзацыi адукацыйнага працэсу дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі. Пра гэта ў сваім выступленні гаварыла Алена Смолер з БДПУ імя Максіма Танка. Яна ў праблеме пераемнасці вылучыла два аспекты: першы тычыцца якасных змен унутранага і знешняга свету дзіцяці, якія забяспечваюць паступальнасць яго развіцця, другі вызначае адзінства чаканняў і патрабаванняў дзіцячага сада і школы. Алена Іванаўна адзначыла, што найбольш значнымі элементамі ажыццяўлення пераемнасці паміж установай дашкольнай адукацыі і пачатковай школай з’яўляюцца пераемнасць у змесце адукацыі, выхаванні, здароўезберажэнні, псіхічным і асобасным развіцці.
— У адукацыйным працэсе могуць быць выкарыстаны ідэнтычныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу:
– індывідуальныя, калі педагог навучае адно дзіця (карэкцыйная работа);
– групавыя, калі педагог адначасова навучае групу дзяцей, у якой кожны выконвае вучэбнае заданне самастойна;
– калектыўныя (сумеснае выкананне задання некалькімі дзецьмі);
– самастойная работа (саманавучанне дзіцяці ў развіццёвым асяроддзі).
У дзіцячым садку формамі арганізацыі навучання з дашкольнікамі з’яўляюцца заняткі, экскурсіі, дыдактычныя гульні — усе віды дзейнасці дзіцяці. Пераемнасць знаходзіць сваё адлюстраванне ў наступных формах работы з дзецьмі:
– сумесная гульня педагога і дзяцей (сюжэтна-ролевая, рэжысёрская, гульня-драматызацыя, будаўніча-канструктыўныя гульні);
– сітуацыі зносін і назапашвання станоўчага сацыяльнага досведу (рэальна-практычнага, умоўна-вербальнага, імітацыйна-гульнявога характару);
– творчая майстэрня; музычна-тэатральная і літаратурная гасцёўні (дзіцячая студыя);
– сенсорны і інтэлектуальны трэнінг;
– дзіцячы вольны час.
Умовамі ажыццяўлення пераемнасці дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі з’яўляюцца: іх накіраванасць на забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў і ўменняў, развіццё разумовых здольнасцей дзяцей, суб’ектнай пазіцыі дзіцяці ў відах дзейнасці, творчай актыўнасці дзяцей.
На ступенях дашкольнай і І ступені агульнай сярэдняй адукацыі магчыма адзінства ў выкарыстанні метадаў выхавання, накіраваных на фарміраванне сацыяльнага вопыту дзяцей, асноў маральных паводзін, адносін і ўяўленняў у працэсе гутарак, сюжэтна-ролевых гульняў, прагляду кінафільмаў, арганізацыі творчых спраў, пасільнага ўдзелу ў сацыяльных праектах і акцыях, святах, экскурсіях, гульнях-падарожжах і г.д.
Пераемнасць можа прасочвацца ў выкарыстанні педагагічнымі работнікамі адукацыйных мадэляў і тэхналогій, напрыклад, тэхналогіі працэсу беларускамоўнага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту і навучання грамаце ва ўстановах дашкольнай адукацыі з беларуска- і рускамоўнымі рэжымамі, тэхналогіі працэсу павышэння фізічнай падрыхтаванасці дзяцей пры адначасовым развіцці іх разумовых здольнасцей, адукацыйнай мадэлі “Першы крок”.
Такім чынам, пераемнасць у арганізацыі адукацыйнага працэсу дашкольнай і пачатковай школьнай адукацыі можа ажыццяўляцца ў формах арганізацыі адукацыйнага працэсу, метадах навучання і выхавання, педагагічных сродках і тэхналогіях, — падсумавала Алена Смолер.

* * *

Пра сучасныя праблемы мастацка-эстэтычнага выхавання ў дашкольнай адукацыі гаварылася падчас выступлення кандыдата педагагічных навук Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта, Інстытута сярэдняй спецыяльнай адукацыі імя К.Д.Ушынскага, педагагічнага каледжа “Дарагамілава” Алены Вінаградавай.
— Сёння ў галіне мастацка-эстэтычнага выхавання з’явілася шмат новага, пазітыўнага. Ёсць вялікі выбар разнастайных дыдактычных, дэманстрацыйных, мастацкіх матэрыялаў, інструментаў, крыніц інфармацыі, практыкуецца прыцягненне прафесійных мастакоў, дызайнераў для стварэння выхаваўча-адукацыйнага асяроддзя ў дашкольных установах, больш разнастайным стала і архітэктурнае аблічча дзіцячых садкоў.
У цяперашні час высокім узроўнем якасці характарызуецца паліграфічны і лічбавы друк, больш дасканалымі сталі тэхнічныя сродкі навучання. Педагагічныя аб’яднанні, форумы, кансультацыі, майстар-класы, тэматычныя курсы інтэрактыўных тэхналогій у адукацыйным працэсе спрыяюць павышэнню ўзроўню педагагічных кадраў. Больш адкрытымі, эмацыянальнымі сталі педагогі, іх выхаванцы і бацькі. З’явіліся цікавыя распрацоўкі па эстэтычным выхаванні ў галіне сучасных тэхналогій навучання і выхавання, адбываюцца інтэграцыі галін мастацтва, развіваюцца выставачныя тэхналогіі, музейная педагогіка для дашкалят, пашырылася сфера дадатковай адукацыі і г.д.
Аднак нямала і праблем у галіне мастацка-эстэтычнага выхавання. Многія з іх не новыя, і не звяртаць на іх увагі нельга. Сярод іх можна вылучыць наступныя:
* у практыцы дзіцячых садкоў задачы эстэтычнага выхавання разглядаюцца як другасныя;
* набытыя дзецьмі веды і ўменні не заўсёды бываюць запатрабаванымі ў сям’і, у штодзённым жыцці дашкольнай установы;
* сучасныя мастацкія матэрыялы ў масавай дашкольнай установе прымяняюцца рэдка, і яны не заўсёды высокай якасці;
* многія выхавальнікі празмерна захапляюцца нетрадыцыйнымі прыёмамі малюнка, забываючы пра тое, што традыцыі першасныя;
* спецыяльная літаратура, інтэрнэт-рэсурсы дапускаюць недакладнасці, шэраг матэрыялаў не ўлічвае ўзроставыя асаблівасці і магчымасці дзяцей;
* асабліва трывожыць, што жывы паказ паслядоўнасці выканання мастацкай работы, дэманстрацыя твораў мастацтва замяняюцца віртуальнымі тэхналогіямі, ілюстрацыйным радам;
* вельмі папулярнымі сталі гульнявыя прыёмы навучання; гэта, вядома, само па сабе выдатна, але калі навучанне дамінантна замяняецца гульнёй, то яно становіцца не такім эфектыўным, многія педагогі лічаць, што навучанне дашкольніка заўсёды павінна быць лёгкім, займальным, забываючы пра тое, што любая дзейнасць — гэта праца, і ў эстэтычным выхаванні важным з’яўляецца валявы кампанент;
* якасць і ўзровень масавай культуры вымушае жадаць лепшага, а вядома, што непатрабавальнасць у задавальненні эстэтычных запытаў можа нанесці непапраўны ўрон духоўнаму развіццю чалавека.
Можна адзначыць яшчэ шэраг праблем, але перш за ўсё хочацца звярнуць увагу на тое, што, развіваючыся на аснове гістарычнага вопыту чалавецтва, мастацка-эстэтычнае выхаванне заўсёды будзе неад’емным кампанентам адукацыйнага працэсу ўсіх узроўняў. Яно заўсёды будзе вырашаць новыя задачы, якія спараджаюць новыя сацыякультурныя сітуацыі і грамадскія патрабаванні да педагога: як ён будзе ажыццяўляць сваю дзейнасць, ці здольны будзе ўлічваць патрабаванні, што прад’яўляюцца яму грамадствам, перадавой тэорыяй і практыкай дашкольнага выхавання. Бясспрэчна, усе змены ў сістэме адукацыі павінны спрыяць больш уважлівым адносінам да мастацка-эстэтычнага выхавання на ўсіх ступенях навучання, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.