“Не бойцеся, кладзіце ў рот разам з абгорткай!”

- 16:17Навука і інавацыі

Хімікі з БДУ навучыліся рабіць ядомую ўпакоўку

Намеснік дэкана хімічнага факультэта БДУ Таццяна Савіцкая частуе нас цукеркамі. Кожная з іх загорнута ў тоненькую празрыстую плёнку. Мы ўжо ведаем, што гэтая плёнка ядомая, але ўсё роўна робім спробу зняць яе. “Не бойцеся, кладзіце ў рот разам з абгорткай!” — падбадзёрвае Таццяна Аляксандраўна.

Таццяна Савіцкая: “Студэнты бачаць, што на хімічным факультэце ствараюцца рэальныя рэчы, і гэта абуджае ў іх цікавасць да навукі”

У першы момант здаецца, што на язык трапіў звычайны поліэтылен. Але ўжо праз секунду абалонка пачынае растварацца, праз яе шпарка прабіваецца смак нугі і пра плёнку адразу забываеш. Адначасова зважаеш на тое, што звычайна ліпкая цукерка не прыстала да асноўнага фанціка і не запэцкала рукі. Дзіўна, смачна, незвычайна… І навукова!

Я адразу ўявіла сваіх малых дзяцей, якія, калі б ім трапілася цукерка з ядомым фанцікам, адразу засыпалі б пытаннямі і прыдумалі б мноства варыянтаў магчымага выкарыстання незвычайнай абгорткі. Дарэчы, Таццяна Аляксандраўна гаворыць, што і студэнты рэагуюць на ядомую плёнку падобным чынам. А ў лабараторыі, дзе яна вырабляецца, адкрываецца шырокі прастор для навуковай фантазіі, даследаванняў і распрацовак.

Таццяна Савіцкая расказвае, што хоць у БДУ першымі ў нашай краіне пачалі вырабляць ядомыя плёнкі, у свеце гэтая тэма даўно не новая.

“У Кітаі яшчэ ў ХІІ стагоддзі, дастаўляючы садавіну да стала імператара з поўдня краіны на поўнач, для лепшага захоўвання пакрывалі яе слоем воску. Потым з’явілася рысавая папера, казеінавыя плёнкі і іншыя пакрыцці. Зараз навука зрабіла крок нашмат далей, і ў свеце ўжо загаварылі пра так званую малекулярную гастраномію, калі, выкарыстоўваючы хімічныя законы і рэакцыі, з вядомых прадуктаў ствараюць нешта асаблівае”, — расказвае Таццяна Савіцкая.

Сёння многія кампаніі эксперыментуюць з ядомай плёнкай, упакоўваючы ў яе не толькі цукеркі, але і іншыя прадукты. Каша хуткага гатавання змяшчаецца ў зручны парцыённы пакецік, які можна пакласці ў талерку, заліць кіпенем і атрымаць гатовую страву. Або ўявіце сабе мініяцюрны пакецік з мёдам, які проста апускаецца ў кубак з гарбатай, дзе спакойна раствараецца. Людзі, якія не любяць ліпкіх і тлустых рук, адназначна ацэняць такое вынаходства, як ядомая плёнка.

Напрыклад, у ЗША зараз ужо можна набыць не толькі скрутак ядомай плёнкі, але і партатыўную машынку для самастойнай зваркі пакецікаў. Вельмі зручна, каб упака-ваць сабойку дзіцяці ці, напрыклад, адправіць на захаванне пэўныя прадукты. Клубніцы, загорнутыя ў ядомую плёнку, могуць заставацца свежымі некалькі тыдняў.

У Італіі ўжо прыдумалі вырабляць ядомыя кубачкі для кавы і шклянкі на аснове жэлаціну. Англічане і японцы прадаюць асвяжаючыя пласцінкі з рознымі напаўняльнікамі ці ўвогуле без смаку. Штосьці накшталт гумкі, але пры гэтым цалкам растваральныя. З’явіліся ядомыя плёнкі, куды можна загарнуць цеста ці скрылікі бульбы і смажыць, каб прадукт не ўбіраў у сябе тлушч.

Вучоныя пачалі ўжо атрымліваць бялок з фасолі і вырабляць ядомую плёнку з утрыманнем гэтага бялку. Такім чынам упакоўка можа быць не толькі бяспечнай, не толькі смачнай, але да ўсяго і пажыўнай. Таму перспектывы выкарыстання ядомых плёнак велізарныя.

Таццяна Аляксандраўна адразае кавалачкі рознакаляровых плёнак і працягвае нам. Па шчырасці, нязвыкла жаваць плёнкі, але навуковая цікаўнасць бярэ верх над прымхамі, і вось мы ўжо стараемся ўгадаць смак. Справа ў тым, што хімікі ў БДУ вырабляюць не толькі празрыстую плёнку, але часам дадаюць у яе розныя ўключэнні: карыцу, імбір, куркуму, зялёны чай і інш. Цікава сачыць, як яна растае ў роце, пакідаючы пасля сябе лёгкі водар адпаведных спецый.

Такім чынам, плёнка можа служыць не толькі для ўпакоўкі розных прадуктаў, але і ўплываць на іх смак, надаваць ім новыя ўласцівасці.

Склад і тэхналогію вырабу ядомай плёнкі навукоўцы трымаюць у сакрэце. Адзінае, што расказваюць: гэтая плёнка зроблена выключна з харчовых палімераў, абсалютна бяспечных для чалавека (у аснове — звычайны крухмал). Што да дабавак, то і яны таксама толькі натуральныя.

Улічваючы, што плёнкі выраблены з харчовых палімераў, уражвае іх трываласць і эластычнасць. Яны ўвогуле не прыстаюць да рук, вельмі тонкія, і, калі не ведаць, з чаго яны зроблены, іх можна лёгка зблытаць са звычайным поліэтыленам.

Таццяна Савіцкая расказала нам, што работа над ядомымі плёнкамі працягваецца. Навукоўцы супрацоўнічаюць з мінскай “Камунаркай”, і, магчыма, у хуткім часе ў продажы з’явяцца цукеркі, абгорнутыя ядомай плёнкай. Зрэшты, такая абгортка не выключае звычайнага фанціка, але цукерка ў ядомай плёнцы не будзе раставаць у руках. Распрацоўшчыкі спадзяюцца, што аматарам салодкага такая ідэя спадабаецца.

Акрамя таго, вучоныя гатовы прапанаваць плёнкі, у якіх можна смажыць мяса і рыбу. Зараз у нас у продажы ёсць імпартная папера, пасыпаная спецыямі, для запякання. Але яна мае шэраг недахопаў. Напрыклад, сокі, што выдзяляе мяса падчас гатавання, выцякаюць вонкі, а паперу пасля выкарыстання трэба выкідаць. Што да прапанаваных плёнак, то ў іх таксама можна загарнуць мяса ці рыбу і смажыць на патэльні без алею. Аднак пад уздзеяннем тэмпературы плёнкі сціскаюцца і сок не выцякае. У выніку страва атрымліваецца больш мяккай і далікатнай.

Гэта толькі некалькі напрамкаў прыкладнога выкарыстання ядомых плёнак, у рэальнасці іх намнога больш. Зараз, напрыклад, даследуецца патэнцыял выкарыстання такіх плёнак у медыцынскай сферы, у прыватнасці для ўпакоўкі лекавых сродкаў, прызначаных для маленькіх дзяцей або для жывёл.

Даследаванні і выраб ядомых плёнак выконвае лабараторыя раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ.

“Хімічны факультэт БДУ ўнікальны тым, што ён дзеліць адзін будынак з НДІ фізіка-хімічных праблем, які выдзеліўся з факультэта ў асобнае падраздзяленне ў 1978 годзе, — расказвае Таццяна Савіцкая. — Зрэшты, гэтае дзяленне пераважна адміністрацыйнае, большасць навуковых даследаванняў факультэт і інстытут праводзяць разам. Утварыўся ўнікальны вучэбна-навуковы комплекс, нямногія ўніверсітэты могуць пахваліцца такім удалым спалучэннем адукацыі, навукі і даследаванняў”.

На практыцы гэта азначае наступнае. Студэнты слухаюць лекцыі на хімфаку, а лабараторныя работы могуць выконваць у лабараторыях інстытута, дзе яны ўключаюцца ў сапраўдны працэс навуковых даследаванняў. Больш за тое, самыя актыўныя студэнты маюць магчымасць трапіць у штат інстытута на пасаду лабаранта і атрымліваць зарплату, што служыць добрай надбаўкай да стыпендыі. А самае галоўнае, яны набываюць вопыт даследаванняў і вучацца працаваць у навуцы.

“Студэнты бачаць, што на хімічным факультэце ствараюцца рэальныя рэчы, і гэта абуджае ў іх цікавасць да навукі, — гаворыць Таццяна Аляксандраўна. — Выраб ядомых плёнак, даследаванне іх уласцівасцей вельмі прыцягвае моладзь. Пакуль што мы працуем разам, але з цягам часу ў кожнага студэнта, верагодна, будзе свой кавалачак працы. Адны будуць даследаваць вязкасць раствораў, другія — вымяраць іх трываласць, трэція — устойлівасць да масел, чацвёртыя — паветрапранікальнасць і г.д.”

Адметна, што распрацоўка ядомых плёнак прыцягнула вельмі шмат першакурснікаў. З’явілася нават задума аб’яднаць іх у адну студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю, каб яны займаліся навукай на працягу ўсіх гадоў навучання.

Таццяна Аляксандраўна кажа, што студэнты ўносяць шмат цікавых прапаноў наконт развіцця напрамкаў даследавання і выкарыстання ядомых плёнак. Ужо зараз на факультэце вырашылі падаваць заяўку на наступны конкурс “100 ідэй для Беларусі”.

Ёсць і яшчэ адна важная праблема, да вырашэння якой могуць прычыніцца хімікі з БДУ, — экалагічная.

Сёння прыкладна трэць побытавага смецця прыпадае на ўпакоўку харчовых прадуктаў. Бясплатныя пластыкавыя пакеты, якія выдаюць ледзь не ва ўсіх магазінах, насамрэч, вялікае зло. Мае знаёмыя амерыканцы расказвалі, што ў іх магазінах пластыкавы пакет каштуе 20 цэнтаў, а калі чалавек прыходзіць па пакупкі са сваім пакетам, то яму, наадварот, вернуць 20 цэнтаў.

Адметна, што так званыя біяраскладальныя пакеты, якім мы стараемся аддаць перавагу, думаючы, што гэта меншае зло, таксама небяскрыўдныя. Яны ўтрымліваюць той жа поліэтылен, але з дабаўленнем крухмалу ці іншых біяраскладальных палімераў. У выніку гэтыя пакеты не раскладаюцца цалкам, а проста рассыпаюцца на дробныя кавалкі, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе і наносяць прыродзе вялікую шкоду.

“Еўрапейцы пачалі ўжо ўсведамляць небяспеку ад усіх відаў упакоўкі, якая ўтрымлівае пластык, — гаворыць Таццяна Савіцкая, — і ў 2015 годзе ў Еўрасаюзе была выда-дзена дырэктыва, накіраваная на скарачэнне так званых лёгкіх пластыкавых пакетаў (таўшчынёй менш за 50 мкм). У прыватнасці, у дакуменце сказана, што краіны Еўрасаюза павінны зменшыць вытворчасць такіх пакетаў і да 2020 года іх спажыванне не павінна перавышаць 90 штук, а да 2025 года — не больш за 40 штук у год. Гэта даволі кардынальная мера, бо зараз адзін еўрапеец выкарыстоўвае 198 пластыкавых пакетаў у год. Акрамя таго, вытворцаў абавязалі ўказваць, пры якіх умовах павінна быць утылізавана іх упакоўка”.
У сувязі з экалагічнай абстаноўкай і ўзмацненнем патрабаванняў да вытворцаў і спажыўцоў упакоўкі, у свеце пачала ўзрастаць цікавасць да ядомых плёнак. На сёння гэта адзіны від біяраскладальнай упакоўкі, якую не трэба асобна збіраць і падвяргаць спецыяльнай утылізацыі. Таму і колькасць навуковых публікацый па гэтай тэматыцы няўхільна расце.

Нядаўна Таццяна Савіцкая разам з калегамі прымала ўдзел у вельмі важнай навуковай канферэнцыі па зялёнай хіміі, якая праходзіла ў Берліне. (Нагадаем: дысцыпліна “Зялёная хімія” ўжо некалькі гадоў выкладаецца на хімічным факультэце БДУ.) У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі 49 краін свету, там было прадстаўлена 220 дакладаў, і, што рабіла гэты навуковы форум сапраўды знакавым, на ім прысутнічаў “бацька” зялёнай хіміі Пол Анастас.

Ад хімічнага факультэта БДУ на гэтай канферэнцыі былі прадстаўлены тры даклады, і адзін з іх тычыўся біяраскладальнай упакоўкі. Пасля даклада з Таццянай Савіцкай звязаўся карэспандэнт нямецкай Deutsche Welle, каб узяць інтэрв’ю для тэлебачання. Заўважце, з усіх дакладаў, прадстаўленых на канферэнцыі, карэспандэнта зацікавіла менавіта беларуская распрацоўка ў сферы біяраскладальнай упакоўкі. І беларуская дэлегацыя была адзінай, сфатаграфавацца з якой пажадаў легендарны Пол Анастас.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.