Гурток спартыўнага праграмавання Мазырскага клуба юных пажарных вядомы далёка за межамі краіны. Сапраўдным брэндам ён стаў дзякуючы педагогу дадатковай адукацыі Аляксею Валянцінавічу Барунову — чалавеку, які здолеў аб’яднаць вакол сябе здольных і ўпартых у дасягненні мэты хлопцаў і дзяўчат. Удзельнікі гуртка, пачынаючы з 2007 года, заваёўваюць узнагароды самых розных першынстваў па інфарматыцы.
З 2007 па 2016 гады гадаванцы Аляксея Валянцінавіча:
45 разоў заваёўвалі дыпломы Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы;
8 разоў каманды клуба станавіліся дыпламантамі Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні, заваявалі 3 залатыя і 1 сярэбраную медаль;
17 разоў атрымлівалі дыпломы Маскоўскай адкрытай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні;
8 разоў былі ўзнагароджаны на Усерасійскай індывідуальнай алімпіядзе па інфарматыцы і праграмаванні;
1 раз ― на Адкрытай алімпіядзе Універсітэта Інопаліс па праграмаванні.
А таксама заваявалі 7 медалёў на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы (2 залатыя, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя).
Сам Аляксей Валянцінавіч за сваю самаадданую працу таксама не раз адзначаўся. На сёння ён выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, мае падзяку Адміністрацыі прэзідэнта нашай краіны, 5 разоў адзначаўся прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў. І гэта не гаворачы пра тое, як Аляксеем Валянцінавічам ганарацца і шануюць яго ў Гомельскай вобласці.
Калі гаварыць пра заняткі гуртка, то яны бясплатныя. Графік малодшай групы: 6 дзён на тыдзень па дзве гадзіны, 1 раз на тыдзень —― чатыры гадзіны. Час заняткаў сярэдняй і старшай груп не абмежаваны. Форма навучання індывідуальная (хуткасць выкладання тэорыі і ацэнкі вынікаў заданняў для кожнага дзіцяці ўстанаўліваюцца персанальна). Штотыдзень выхаванцы клуба сярэдняй і старшай груп прымаюць удзел у трэніровачных інтэрнэт-алімпіядах, якія доўжацца ад 2 да 5 гадзін.
Спартыўнае праграмаванне (яшчэ вядома як алімпіяднае, алгарытмічнае) —―спаборніцтвы па распрацоўцы алгарытмаў і рэалізацыя іх на прадстаўленых мовах праграмавання за адведзены час. Мэта ўдзельнікаў — распрацаваць кансольныя праграмы, якія карэктна апрацоўваюць наборы ўваходных даных. Праграмы ўдзельнікаў не павінны перавышаць устаноўленыя абмежаванні па выкарыстанні аператыўнай памяці (ад 64 да 512 МВ) і па часе выканання праграмы (ад 1 да 4 секунд).
Як заўважыў Аляксей Валянцінавіч, у гурток па спартыўным праграмаванні прымаюцца ўсе жадаючыя на працягу года і без уступных экзаменаў. Кожнае дзіця працуе са сваёй хуткасцю, індывідуальна, таму можа прыйсці запісацца не толькі ў верасні, але і ў любую іншую пару года. Але тут працуюць толькі са школьнікамі. На працягу першага месяца ў кожнага ёсць магчымасць пазнаёміцца з клубам, яго распарадкам, матэрыялам, які вывучаецца. Калі чаканні апраўдваюцца, калі школьніку падабаецца быць у гэтым калектыве, то ён, канечне, застаецца. Кіраўнік рэкамендуе прыходзіць у 5—6 класах.
А атмасфера ў клубе сяброўская. Пакуль мы гутарылі з Аляксеем Валянцінавічам, у клас заходзілі дзеці, віталіся і займалі свае месцы. Яны працавалі незаўважна, але пры гэтым дапамагалі адно аднаму, калі ўзнікала такая патрэба.
Па словах кіраўніка, у першым квартале бягучага года ў гуртку займаюцца тры дыферэнцыраваныя па ўзроўні падрыхтоўкі групы: 7 прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, 14 прызёраў абласных алімпіяд і 30 школьнікаў пачатковага ўзроўню падрыхтоўкі.
— Мы, як вы ведаеце, дзелім дзяцей не па ўзросце, а па ўзроўні валодання праграмаваннем і дасягненнямі. Разам з тым ёсць у нас і новая інфармацыя. Цяпер вывучаем мову праграмавання С++. Раней доўгія гады мы вывучалі Паскаль, які цяпер выкарыстоўваецца ў школах. На новую мову праграмавання перайшлі мінулым летам. Працуем з электронным падручнікам, у якім разглядаюцца пытанні тэорыі і практыка.
Заняткі праводзяцца з кожным індывідуальна. У нас няма такога, што лекцыя па тэорыі чытаецца адразу ўсёй групе. У кожнага — свая траекторыя развіцця, таму кожны ўдзельнік рухаецца па ёй з уласнай хуткасцю. Нехта паступова, пераадольваючы крок за крокам, а нехта можа пераступаць праз прыступку, а то і праз дзве. У кожнага ёсць свой аб’ём тэорыі і практыкі, які ён павінен адпрацаваць.
Калі ўзнікаюць пытанні, то на дапамогу, акрамя мяне, могуць прыйсці больш вопытныя гурткоўцы. Бываюць моманты, калі побач са мной трэнерамі з’яўляюцца пяць чалавек адначасова. Яны паспяваюць выканаць свае задачы і дапамагаюць іншым. Безумоўна, усё гэта паскарае працэс падрыхтоўкі. Акрамя таго, такая сувязь малодшых са старэйшымі павышае матывацыю першых. Пераход у сярэднюю ці старшую групу абумоўлены ўдзелам у алімпіядах, перамога ў якіх заўсёды абмяркоўваецца з дзецьмі, — расказаў Аляксей Валянцінавіч.
Увогуле праграма гуртка, пры ўмове, што школьнік прыходзіць на заняткі штодзень і траціць на іх увесь свой вольны час, разлічана недзе на 2 гады. Але гэта не азначае, што навучанне заканчваецца. Для дзяцей сярэдняй і старшай груп прадугледжана дадатковая методыка, работа ў алімпіядным рэжыме. На алімпіядзе ўдзельніку прапануецца напісаць шэраг праграм, якія затым тэсціруюцца ў аўтаматычным рэжыме. Каб напрацаваць такія навыкі, выхаванцы А.В.Барунова прымаюць удзел у розных алімпіядах.
Па меркаванні кіраўніка, школьнікам неабходна трэніраваць стрэсаўстойлівасць. Яны могуць многа ведаць, умець працаваць са складанымі алгарытмамі, але, выязджаючы на алімпіяду 1—2 разы на год, могуць разгубіцца. Каб такога не было, трэба як мага больш практыкавацца ў рэальнай абстаноўцы. Адаптацыя да камп’ютарнай тэхнікі вельмі неабходна. У сувязі з гэтым Аляксей Валянцінавіч робіць упор на выязныя спаборніцтвы.
Разам са сваімі школьнікамі яны імкнуцца ўдзельнічаць у як мага большай колькасці спаборніцтваў. Толькі за 2016 год гурткоўцы Клуба юных пажарных заваявалі 13 дыпломаў, з якіх 7 — на Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы. У найбліжэйшы час яны збіраюцца стаць удзельнікамі алімпіяды Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, прайшлі адбор на алімпіяды БДУ, БДУІР. Цяпер юныя інфарматыкі Мазыра знаходзяцца прыкладна пасярод вясенняга алімпіяднага марафону.
Слухаючы Аляксея Валянцінавіча, не раз лавіла сябе на думцы: а ў чым жа сакрэт такога шматгадовага поспеху? Безумоўна, у штодзённай карпатлівай працы. Але, каб быць паспяховым, трэба быць не толькі працавітым. Аляксей Валянцінавіч — вельмі шчыры і адкрыты чалавек, які заўсёды верыць у сваіх вучняў. Ён робіць так, як некалі зрабіў кіраўнік Клуба юных пажарных Аляксандр Уладзіміравіч Баравік. Калі ў клубе з’явілася вакансія кіраўніка гуртка, ён прапанаваў тады яшчэ студэнту 1 курса Аляксею Барунову заняць гэтую пасаду. Чаму ён асмеліўся на такі крок?
Упэўнена, што толькі з-за таго, што ў студэнта таго гарэлі вочы на занятках. Ён так упэўнена заражаў энтузіязмам і цікавасцю навакольных дзяцей! Вядома, студэнтаў 1 курса Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (фізіка-матэматычны факультэт) на месца кіраўніка не прымалі, але Аляксандр Уладзіміравіч за яго паручыўся, і Аляксей Валянцінавіч стаў яго пратэжэ.
Менавіта пад уплывам гэтага чалавека ён рос і развіваўся. Цяпер кіраўнік гуртка ўпэўнены, што асобу чалавека часткова фарміруюць людзі, калектыў, у якім даводзіцца працаваць. Аляксей Валянцінавіч упэўнены, што галоўны яго педагагічны сакрэт — у шчырасці, у тым, што ён імкнецца ў кожным дзіцяці бачыць чалавека.
Гэтак жа шчыра ён дзеліцца сваім вопытам і з педагогамі вобласці і рэспублікі. Вельмі часта сам выходзіць з ініцыятывай.
— Я заўсёды рады сустрэць любога педагога на сваёй пляцоўцы, прычым у любы дзень. Заняткі, як я ўжо адзначаў, у нас праходзяць кожны дзень, таму заўсёды можна будзе паказаць і расказаць, як мы працуем, што канкрэтна робім. Акрамя таго, мы заўсёды гатовы прадэманстраваць усе тыя матэрыялы, якія назапасілі за гады работы.
Напрыклад, у Светлагорску ёсць настаўніца, якая гарыць жаданнем стварыць такі гурток, які дзейнічае ў нас. Пакуль яны знаходзяцца на пачатковай стадыі. Некалькі разоў ужо прыязджалі да нас. Я для іх праводзіў прадметныя экскурсіі, яны ж удзельнічалі ў разборы алімпіядных задач.
Яшчэ супрацоўнічаю з настаўніцай пасёлка Акцябрскі. Мы з ёй узаемадзейнічаем з дапамогай скайпа. А пазнаёміліся на Абласной алімпіядзе па інфарматыцы, калі ўсе выкладчыкі чакаюць сваіх вучняў у трэнерскай і абмяркоўваць свае напрацоўкі і праблемы. Дарэчы, падчас такіх абмеркаванняў і было вырашана ініцыіраваць абмен вопытам у сценах Гомельскага абласнога інстытута адукацыі.
Увогуле на апошняй абласной нарадзе па алімпіядах было агучана, што Мазырскі клуб юных пажарных гатовы да супрацоўніцтва як у дыстанцыйным рэжыме, так і вочным. Але сёння нашым настаўнікам катастрафічна не хапае часу. У іх дастаткова навыкаў, каб падрыхтаваць школьніка да алімпіяды, а вось з часам праблемы.
Яшчэ адзін аспект — спецыяльная літаратура. У нас яна ёсць у дастатковай колькасці ў электронным выглядзе, і калі педагогу нешта патрэбна, мы заўсёды прадастаўляем. Разам з тым, каб дасягнуць пэўных вынікаў, трэба шмат часу. Ён неабходны, каб атрыманыя веды абагульніць і прымяніць на практыцы, паспрабаваць з дзецьмі розныя методыкі, выбраць самую эфектыўную. На жаль, у школьных настаўнікаў такога багацця, як час, няма, — заўважыў Аляксей Валянцінавіч.
У канцы нашай размовы мне ўсё ж хацелася пачуць некаторыя рэкамендацыі ад Барунова. Магчыма, некаму яны дапамогуць зрабіць першыя крокі, а можа, рушыць далей. Мы паспрабавалі з ім скласці спіс неабходнай літаратуры.
Першым аўтарам з’яўляецца беларускі выкладчык Уладзімір Міхайлавіч Котаў. Цяпер ён працуе са студэнтамі, але ў яго ёсць падручнікі, дзе аўтар піша пра работу са школьнікамі. І гэтыя падручнікі папулярныя і актуальныя і сёння. Па словах Аляксея Валянцінавіча, тэорыя ў іх выкладзена на высокім узроўні. Тым больш цяпер некалі вельмі складаныя тэарэтычныя аспекты з’яўляюцца абавязковымі.
Далей у нашым спісе значыцца даведнік Т.Кормана (матэматыка і праграміста, які прысвяціў сваё жыццё распрацоўцы алгарытмаў). Ён вялікі і тоўсты, але папулярны і рэгулярна перавыдаецца. Яшчэ адна кніга Кормана “Алгарытмы, пабудова і аналіз” з’яўляецца настольнай кнігай праграмістаў, якія распрацоўваюць эфектыўныя, хуткія праграмы, напрыклад, для пошукавых сістэм, сістэм штучнага інтэлекту.
І калі гаварыць пра базавыя падручнікі для настаўнікаў і іх вучняў, то найперш трэба звяртацца да тых, у якіх разбіраюцца стандартныя задачы. Яны могуць сустрэцца на рознага кшталту спаборніцтвах. Ёсць падручнікі, прысвечаныя тэматычным алімпіядам. Напрыклад, падручнік А.Х.Шэня “Маскоўскія алімпіяды па праграмаванні”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.