Грані пачаліся з Багдановіча

- 15:14Культура, Рознае

Днямі ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўрачыста адкрылася І Рэспубліканская выстава студэнцкай творчасці “Грані творчасці” — новы культурна-асветніцкі праект, адмысловы працяг праекта “АРТ-акадэмія”. Больш за дзве з паловай сотні творчых работ студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі сталі першым шчаслівым “уловам” арганізатараў выставы “Грані творчасці”, і сёння можна ўжо дакладна гаварыць, што гэтая экспазіцыя — новая старонка наогул у мастацкай творчасці студэнтаў Беларусі. Творчасць студэнтаў шматгранная, і таму гэта яшчэ і праект яднання з культурнымі і гістарычнымі гранямі НББ. У бібліятэцы выстава будзе дэманстравацца да 5 ліпеня.

.

Павіншаваць удзельнікаў выставы “Грані творчасці” 31 мая ў Нацыянальную бібліятэку прыйшлі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная, сябры экспертнай групы з ліку вядомых персон беларускай арт-прасторы: намеснік дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь Дзяніс Валер’евіч Барсукоў, дырэктар выдавецкага дома “Мэджык” Юрый Іосіфавіч Будзько, галоўны спецыяліст інфармацыйнай палітыкі ААТ “Белгазпрамбанк” кіраўнік праекта “Арт-Беларусь” Аляксандр Аляксандравіч Зіменка, намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” Наталля Аляксандраўна Барсукова, сябар гільдыі рэкламных фатографаў Расіі, сябар Саюза дызайнераў Беларусі, дырэктар фотастудыі MARXSTUDIO, фотамастак Міхаіл Міхайлавіч Маруга, сябар Беларускага саюза мастакоў і Беларускага саюза дызайнераў, шэф-рэдактар часопіса TAXI, мастак Сяргей Уладзіміравіч Стэльмашонак.

Ужо ў сваіх прывітальных словах яны прыадкрылі некаторыя канцэптуальныя асаблівасці праекта “Грані творчасці”. Ён разлічаны на 10 гадоў. Кожны год будуць мяняцца постаці, якія вызначаць тэму і інтрыгу выставы. Сёлета, у 125-ы год з дня нараджэння Максіма Багдановіча, гэта, натуральна, ён, наш страцім-лебедзь (адпаведна, тэма-дэвіз сёлетняй экспазіцыі — “Багдановіч. Маладыя жаданні”). Дарэчы, інтрадукцыя выставы адбылася ў дзень памяці Максіма Багдановіча ў музеі паэта ў Мінску 25 мая.

У выніку ж, як зазначыў Віктар Віктаравіч Якжык, будзе створана залатая калекцыя студэнцкай мастацкай творчасці — сучаснае мастацкае асэнсаванне сакральных беларускіх аўтараў.

Імпрэза-адкрыццё выставы ўвесь час трымала… не, не ў напружанні, а ў лірычным багдановічаўскім трымценні. Чаргаваліся нумары чытальнікаў і вакалістаў, як быццам бы перагортваліся старонкі нашага вечнамаладога класіка. Сапраўдны фурор выклікаў нумар, калі да мікрафонаў падышлі кітайскія студэнты з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мэн Сян Чэнь, Ван Балунь, Сун Юй і прачыталі па-беларуску знакаміты верш “Слуцкія ткачыхі”. Выстава “Багдановіч. Маладыя жаданні” адкрылася на шчымлівай ноце.

Дык што ж канкрэтна ўяўляюць сабой “Грані творчасці”? Распрацавана структура выставы-конкурсу. Гэта, па-першае, канцэптуальны візуальны сэт (сёлета мае назву “Спасціжэнне красы”), дзе прадстаўлены аўтарскія работы ў розных кірунках і тэхніках выяўленчай творчасці. Па-другое, фотаальтэрнат (сёлета — “Я хацеў бы спаткацца з вамі…”). У гэтай намінацыі прадстаўляюцца аўтарскія дакументальныя і мастацкія фотаработы ў такіх кірунках 3D-візуалізацыі, як time lapse (інтэрвальная здымка), freezelight (маляванне святлом), selfie (фотаздымак сябе), auteurism (аўтарскі стыль), true eye (праўдзівае вока), wild camerawork (камбінаваная здымка), phantasmagoria (паказ светлавых карцін пры дапамозе аптычных прыстасаванняў) і інш. Нарэшце, па-трэцяе, летэрынг (сёлета — “Вянок вянкоў”). Слова летэрынг паходзіць ад англійскага letter (літара, пісьмо). Адсюль летэрынг — гэта літаральна маляванне словамі, калі самі цытаты з твораў з’яўляюцца мастацкімі вобразамі. І ўсё гэта ў сувязі з асобай Максіма Багдановіча сапраўды сёння прадстаўлена на выставе ў галерэі “Ракурс” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Мне было цікава, а як нараджаліся ў студэнтаў іх вобразы на багдановічаўскую тэму. Адным з маіх рэспандэнтаў стала Карына Шавярноўская, студэнтка БНТУ, аўтар графічнай работы “Дзед” (паводле аднайменнага верша Максіма Багдановіча), якую, дарэчы, высока ацаніла група экспертаў. Вось што сказала мне Карына: “Наогул, працаваць у кірунку графічнага дызайну для мяне не ў навіну. Адна мая работа была нават надрукавана на старонках газеты “Нясвіжскія навіны”. Што ж тычыцца гэтага конкурсу, то ён мяне адразу зацікавіў. Я дастаткова доўга думала-шукала, які верш Максіма Багдановіча мне выбраць. Перачытала бадай што ўсю яго паэзію, але неяк ні за што не магла зачапіцца. А потым я ўспомніла, што казала мне калісьці адна мая настаўніца: “Карына, калі ты ў нечым шукаеш сэнс, то трэба першы сэнс, які ты знайшла, адразу адкінуць і капацца далей — да другога, да трэцяга… І ты тады аднойчы дакапаешся, зразумееш, што вось менавіта гэта і ёсць тваё”. Так яно і адбылося. Чарговы раз перагортваючы, перачытваючы Багдановіча, я раптам наткнулася на яго верш “Дзед”. Я зразумела, што гэта менавіта мой “Дзед”! Ён настолькі мяне ўзрушыў! Вы ж толькі паслухайце: “Так цёпла цэлы дзень было, // Што дзед — і той сцягнуўся з печы, // Ля рэчкі сеў, дзе больш пякло, // І грэў пад старай світкай плечы. // Сінеўся бор, цякла вада, // Скрозь пахла мёдам і травою… // А дзеду нат і не шкада, // Што хутка будзе ён зямлёю”. Але гэтае маё азарэнне было акурат перад сном, і, кладучыся спаць, я вельмі баялася, што назаўтра я пра ўсё забуду. Але я нічога не забыла! Доўга яшчэ насіла гэтага “Дзеда” ў сваёй галаве, але, як толькі села за стол маляваць, мяне літаральна панесла на крылах фантазіі, мяне было ўжо не спыніць. Я нават сама ад сябе такога не чакала. Не думала, што мяне так натхніць Максім”.

Дарэчы, постаць Максіма Багдановіча ў вачах сённяшняй моладзі, пераасэнсаванне яго творчасці сённяшнімі маладымі людзьмі — гэтыя пытанні былі ў цэнтры дыскусіі на пасяджэнні экспертнай групы пасля адкрыцця выставы “Багдановіч. Маладыя жаданні”. Я запытаў у экспертаў наўпрост: “А якім вы тут убачылі нашага класіка?”

Многія адказы былі вельмі цікавымі.

Вось, напрыклад, меркаванне Аляксандра Зіменкі: “Адназначна, мы ўбачылі тут не таго Багдановіча, якога прывыклі бачыць яшчэ са школы. І гэта цудоўна! У свой час Максім напісаў “Слуцкіх ткачых”: паясы там ткалі жанчыны. Ён не ведаў, што насамрэч паясы ткалі мужчыны, і стварыў свой вобраз, дадумаў сваю ўяўную Беларусь, якой амаль ніколі не бачыў. Вось і сённяшнія студэнты, аўтары выставы, ствараюць свой вобраз, свайго Багдановіча. На нашых вачах нараджаецца новы Багдановіч. Сёння, дарэчы, многія музейшчыкі спрачаюццца пра тое, што на кананічным фотаздымку Багдановіча з вусамі зусім не ён. І мы бачым, як рэальная персона пачынае набываць статус сімвала. Часам гэта нядобра, як з тым бервяном Уладзіміра Ільіча… Але іншы раз гэта ідзе на карысць культуры і людзям. Мне здаецца, што для кожнай культуры патрэбны такія знакавыя фігуры-легенды, што неабавязкова псаваць прыгожую гісторыю неадступнымі фактамі. Мы бачым у творах аўтараў выставы Максіма Багдановіча не сур’ёзным дзядзькам, а найперш рамантыкам. Чалавекам, які любіў тое, чаго ў яго ніколі не было. Ён быццам бы кажа сённяшнім маладым людзям: “Цаніце тое, што ў вас ёсць. Бачыце, у мяне гэтага не было, але я цаніў і любіў”. У гэтым сэнсе праект “Грані творчасці” і, у прыватнасці, яго першы крок “Багдановіч. Маладыя жаданні” — гэта сапраўды выдатны прыклад таго, з чаго трэба пачынаць. Гэта пачатак міфатворчасці ў добрым сэнсе. І калі за 10 гадоў створыцца цэлы мастацкі пантэон, гэта будзе азначаць, што такія постаці стануць моладзі крыху бліжэйшымі… Самае галоўнае якраз вобразы: не проста твары, якія глядзяць на нас з кніг, а менавіта вобразы, прыдуманыя, у нечым міфалагізаваныя”.

У падобным рэчышчы разважае і Дзяніс Барсукоў: “Калі нейкая асоба ўнесла магутны ўклад у развіццё культуры, яна працягвае жыць і ў наступных пакаленнях. Але яна, безумоўна, мяняецца ў кантэксце сучаснасці. Мы ўжо не можам жыць тым Багдановічам, які жыў у пачатку ХХ стагоддзя. Але яго творы жывуць, па-іншаму выяўляючыся. Гэта як тая зорка: яна згарэла, але яе святло, яе агонь працягвае ляцець… Гэтае святло мы і бачым на выставе “Багдановіч. Маладыя жаданні”.

Але вернемся непасрэдна да праекта “Грані творчасці”. Яго аўтар і ініцыятар, ідэйны кіраўнік, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і ініцыятыў студэнцкай і навучэнскай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч падкрэслівае два галоўныя прынцыповыя аспекты “Граняў творчасці”.

Па-першае, эстэтычна-тэхнічны — менавіта гэтае спалучэнне тэксту і візуальнай інфармацыі. У аснове праекта ляжыць не літаратура, не выяўленчая творчасць, а сэнс.
Па-другое, праект “Грані творчасці” мае выразны культурна-асветніцкі характар. “Нам вельмі

пашанцавала адкрыцца менавіта цяпер, у пачатку лета, калі нас змогуць паглядзець школьнікі, якія будуць актыўна прыходзіць на экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку”, — гаворыць Алена Сяргееўна. А затым арганізатары праекта плануюць завітаць з выставай “Багдановіч. Маладыя жаданні” ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт і завяршыць культурна-асветніцкае турнэ ў Гродне, дакладней, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, адзначыць там у снежні юбілейны дзень нараджэння паэта. “І ў кожным з гэтых гарадоў ажыццяўляўся б сімвалічны ланцужок: вечнамаладога Багдановіча чытаюць маладыя студэнты, працуючы ўжо на тых, хто ідзе за імі, — на сённяшніх школьнікаў. Гэта падарунак лёсу, што мы пачалі наш праект менавіта з маладога Максіма Багдановіча, якога маладым не трэба перакладаць”, — дадае Алена Сяргееўна.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з партала www.artviva.by.