Юныя хімікі на сусветным алімпе

- 14:14Апошнія запісы, Рознае

Беларуская каманда юных хімікаў бліскуча выступіла на 48-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, якая 1 жніўня завяршылася ў Тбілісі. У нашай скарбонцы — адзін залаты і тры сярэбраныя медалі.

Міжнародная алімпіяда па хіміі (IChO, International Chemistry Olympiad) — штогадовае спаборніцтва па хіміі для школьнікаў з розных краін свету. Асноўная задача алімпіяды — павышаць цікавасць навучэнцаў да хімічных навук ва ўсім свеце. Кожную краіну прадстаўляе каманда, якая складаецца не больш чым з чатырох школьнікаў і двух настаўнікаў. Афіцыйна міжнародная алімпіяда — асабістае першынство. Удзельнікі павінны быць не старэйшыя за 20 гадоў і не вучыцца ў ВНУ.

Віншуем пераможцаў!

Канстанцін Анісовіч, адзінаццацікласнік з гімназіі №13 Мінска, — “золата”.

Раман Ларковіч, навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ, — “серабро”.

Рыгор Сіненка, навучэнец 11 класа Ліцэя БДУ, — “серабро”.

Міраслаў Макарэвіч, вучань 11 класа сярэдняй школы № 47 Мінска, — “серабро”.

Трэнеры каманды — дацэнт кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Мікалаевіч Хвалюк і спецыяліст лабараторыі хіміі біякан’югатаў Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максім Аляксандравіч Фаміч.

І Міжнародная хімічная алімпіяда адбылася ў Празе ў 1968 годзе. З тых часоў мерапрыемства праводзіцца кожны год, за выключэннем 1971 года. Дэлегацыі, якія прынялі ўдзел у першых спаборніцтвах, прадстаўлялі ў асноўным краіны былога Усходняга блока.

Алімпіяда складаецца з двух тураў — эксперыментальнага і тэарэтычнага. Абодва туры доўжацца да 5 гадзін і праводзяцца ў розныя дні. На тэарэтычным туры можна зарабіць 60 балаў, а на практычным — 40. Кожны тур ацэньваецца незалежна адзін ад аднаго, а сума вынікаў іспытаў вызначае агульны вынік удзельніка.

Міжнароднае журы, якое складаецца з двух настаўнікаў кожнай з краін-удзельніц, абмяркоўвае задачы і перакладае іх на мову, зручную для ўдзельнікаў з той ці іншай краіны. Кіраўнікі каманд паралельна з арганізатарамі правяраюць рашэнні заданняў членаў сваёй каманды і выстаўляюць адзнакі. Гэтыя адзнакі параўноўваюцца з тымі, якія паставілі арганізатары на працэдуры апеляцыі (на алімпіядзе яе называюць арбітраж). Канчатковая афіцыйная адзнака кожнаму ўдзельніку ставіцца толькі пры ўзаемнай згодзе бакоў.

Краіна, якая хоча ўдзельнічаць у Міжнароднай хімічнай алімпіядзе, павінна папярэдне накіраваць назіральнікаў на дзве алімпіяды, якія папярэднічаюць першаму году ўдзелу гэтай краіны. Дарэчы, Грузія ў Міжнароднай хімічнай алімпіядзе першы раз удзельнічала ў 2014 годзе.

У Тбілісі прыехалі 264 юныя хімікі з 76 краін свету. 170 з іх атрымалі ўзнагароды: 30 залатых, 57 сярэбраных, 83 бронзавыя медалі. Міжнародная хімічная алімпіяда праходзіла на базе Аграрнага ўніверсітэта Грузіі. Самым лепшым знаўцам хіміі быў прызнаны школьнік з Румыніі, а лепшай камандай у неафіцыйным заліку стала каманда з Кітая.

Каб трапіць у склад беларускай зборнай на Міжнародную хімічную алімпіяду, неабходна прайсці праз шэраг выпрабаванняў. Найперш — стаць пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, якая па сваім змесце набліжана да міжнароднай. Сёлета пасля алімпіяды былі вызначаны чарговыя прэтэндэнты на ўдзел у міжнароднай алімпіядзе. Затым трэба прайсці праз этапы падрыхтоўчых збораў на хімічным факультэцэ БДУ, па выніках якіх і прымаецца канчатковае рашэнне.

У каманду трапляюць самыя моцныя, тыя, хто здольны не толькі рашаць сучасныя хімічныя задачы, але і бездакорна валодае тэарэтычнымі ведамі. Акрамя таго, на інтэлектуальных спаборніцтвах такога ўзроўню неабходна ўмець своечасова канцэнтравацца па пастаўленай задачы і ўпэўнена ісці наперад.
Вынікі сёлетняй беларускай зборнай сведчаць, што хлопцы былі адразу нацэлены на перамогу. Хімічнай загартоўцы беларускіх школьнікаў паспрыяла і тое, што ўсе яны былі ўдзельнікамі і пераможцамі 50-й Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі, дзе Канстанцін Анісовіч таксама заваяваў залаты медаль, а Раман, Рыгор і Міраслаў атрымалі сярэбраныя медалі. Дзякуючы школьным настаўнікам і ўніверсітэцкім выкладчыкам, юнакі змаглі спазнаць усю прыгажосць хіміі, а мы — парадавацца сусветнаму прызнанню не толькі нашых вучняў, але і нацыянальнай сістэмы хімічнай адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.