Будучыя медыкі — адмысловыя турысты

- 9:54Вышэйшая школа, Рознае

Каманда Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта ўпэўнена пацвердзіла заяўленае ў мінулым годзе лідарства і другі раз запар стала пераможцай Адкрытага рэспубліканскага турыстычнага злёту студэнтаў.

Злёт, арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства і ўстановы вышэйшай адукацыі, праходзіў напрыканцы верасня ў Аршанскім раёне. Старт турыстычнаму святу быў дадзены падчас урачыстай акцыі “Моладзь — будучыня Саюзнай дзяржавы” на плошчы калегіума езуітаў у Оршы, дзе студэнты сустрэліся з удзельнікамі дзясятага, юбілейнага, велапрабегу “Моладзь Расіі і Беларусі — дарога ў будучыню Саюзнай дзяржавы”. Сумесная акцыя, а потым адкрыты дыялог “Маладзёжнае міжнароднае супрацоўніцтва, праблемы і перспектывы” на пляцоўцы лядовай арэны сабралі ў адзіную каманду ўдзельнікаў велапрабегу, турзлёту і актыў аршанскай моладзі.

— На гасціннай аршанскай зямлі сёння сустрэліся наш юбілейны, дзясяты, велапрабег і першы турыстычны злёт студэнтаў Беларусі і Расіі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. — Гэта сімвалічна і вельмі прыемна. Менавіта такія мерапрыемствы ўмацоўваюць сяброўства паміж нашымі народамі.

Віктар Віктаравіч падкрэсліў важную ролю маладзёжных арганізацый у развіцці адносін паміж дзвюма краінамі і даў высокую ацэнку праведзенай маладзёжным актывам рабоце. Дэпутат Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі Аляксандр Сягоднік акцэнтаваў увагу на неабходнасці пошуку новых форм узаемадзеяння ў ІТ-сферы паміж расійскімі і беларускімі маладзёжнымі арганізацыямі, а начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная — на практыцы работы студэнцкіх атрадаў і рэалізацыі праекта “Моладзь будуе саюз”. Кансультант аддзела па справах моладзі дэпартамента Смаленскай вобласці па адукацыі, навуцы і справах моладзі кіраўнік дэлегацыі Расійскай Федэрацыі па велапрабегу Саюзнай дзяржавы Аляксей Лагуноў прапанаваў зрабіць сумеснай акцыю “Доброхота” і выступіў з ідэяй байдарачнага паходу па Дняпры, што мае выток на Смаленшчыне. Якраз на беразе Дняпра размясцілі свае палаткі ўдзельнікі турыстычнага злёту. Наперадзе студэнтаў чакала некалькі дзён прыгод, спаборніцтваў, экскурсій, цікавых знаёмстваў. З няпростай справай — па ўсіх правілах арганізаваць турысцкі лагер (што, дарэчы, цяпер ацэньваецца як асобны конкурс) — маладыя людзі справіліся выдатна.

Спартыўная праграма злёту, як заўсёды, складалася са спаборніцтваў на кароткай і доўгай камандных дыстанцыях. У конкурснай праграме вызначаліся лепшыя: турыстычны лагер, прадстаўленне каманд, турысцкая песня і газета “Будні злёту”. Спрабаваць да пачатку спаборніцтваў вызначыць фаварытаў — справа рызыкоўная. Штогод высокія паказчыкі дэманструе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, але ў мінулым годзе ўпершыню ў турзлёце прыняў удзел Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт і нечакана змог абысці лідараў. Сёлета будучыя медыкі даказалі: пра выпадковасць размовы не ідзе, галоўны фактар перамогі — моцная каманда з выдатнай фізічнай і псіхалагічнай падрыхтоўкай. У выніку прадстаўнікі ВДМУ зноў перамаглі, прычым па суме месцаў яны больш чым удвая пераўзышлі сваіх найбліжэйшых сапернікаў — каманду БДУФК, якая заняла 2-е месца. Пераможную тройку замыкае каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Дастойную канкурэнцыю лідарам склалі студэнты Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь 4-е месца). Па суме месцаў яны ішлі поруч з гродзенцамі, а ў падобных выпадках перавага аддаецца камандзе, якая мае лепшы вынік у камандным двухбор’і. Нельга не адзначыць яркія і запамінальныя выступленні каманд Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, выдатную газету, падрыхтаваную студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

— Сёлета мы ўпершыню гаворым аб правядзенні турыстычнага злёту студэнтаў як мерапрыемстве Саюзнай дзяржавы, — паведаміла намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства галоўны суддзя злёту Лідзія Жур. — Разам з беларусамі ў спаборніцтвах удзельнічаюць расіяне. Хочацца нагадаць, што ў адрозненне ад студэнцкага турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы праходзіць з 2007 года: традыцыйна два гады запар ён арганізоўваецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, потым на адзін год гаспадыняй злёту становіцца Рэспубліка Беларусь. Наступны год наш, і падчас студэнцкага турзлёту мы канчаткова вызначылі, наколькі аршанская пляцоўка падыходзіць для правядзення згаданага мерапрыемства. Што тычыцца злёту каманд устаноў вышэйшай адукацыі, то ўзровень мерапрыемства расце, шырыцца кола ўдзельнікаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.