Арганізатары “Арт-вакацый”: “На нас ускладзена важная місія”

- 16:23Культура

Гала-канцэртамі ў Салігорску (Мінская вобласць) і Лідзе (Гродзенская вобласць) Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Арт-вакацыі” завяршыў сваё турнэ па краіне. У кожнай вобласці на суд членаў рэспубліканскага журы былі прадстаўлены лепшыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы. Лепшыя з іх будуць запрошаны на заключны рэспубліканскі гала-канцэрт. Уявіць, якім ён атрымаецца, вельмі складана: узровень некаторых нумароў быў вышэйшы не толькі за абласны, але нават і за рэспубліканскі. Асобныя выступленні будучых беларускіх будаўнікоў, цырульнікаў, электрагазазваршчыкаў, кухараў, швачак і сталяроў заслугоўваюць апладысментаў на міжнародных конкурсах.

Такога больш нідзе не было

Кожная вобласць, рыхтуючы свой гала-канцэрт, вельмі імкнулася да таго, каб, праглядзеўшы канцэртную праграму, члены рэспубліканскага журы адзначылі: “Такога мы яшчэ не бачылі, такога ў рэспубліцы больш нідзе не было”. Гэта датычыцца нават дробязей. У Мінскай вобласці, напрыклад, спецыяльна да арт-вакацыйнага абласнога канцэрта былі выпушчаны афішы і паштоўкі з сімволікай рэспубліканскага фестывалю. Ды і пастаноўка канцэрта была настолькі арыгінальнай, што невядомым чынам гледачы апынуліся спачатку ў тэатры, а потым у кіно. Хор Ашмянскага дзяржаўнага пра фесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа Тут ужо сваю ролю адыграў рэжысёрскі талент начальніка аддзела Мінскага абласнога метадычнага цэнтра Вольгі Анатольеўны Цімохінай.
Але самыя прыемныя і каштоўныя адкрыцці абласных канцэртаў — унікальныя, абсалютна ні на каго не падобныя выканаўцы і творчыя калектывы. Напрыклад, падчас канцэрта Мінскай вобласці і выступлення народнага інструментальнага ансамбля “Нясвіжскія лыжачнікі” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа злавіла сябе на думцы, што ўсе, хто называў сябе лыжачнікамі з тых, каго бачыла дагэтуль, не былі лыжачнікамі, а толькі паходзілі на іх. Як адзначыла рэспубліканскае журы, нумар — шэдэўр з усіх пунктаў гледжання. Журы ведае гэты калектыў ужо многа гадоў і заўважыла, што ансамбль, які дагэтуль шмат эксперыментаваў, знайшоў залатую сярэдзіну, якая спадабалася абсалютна ўсім. Зала сустракала выступленне авацыямі. І калі ў самым пачатку я казала пра “міжнародныя” апладысменты, то “Нясвіжскія лыжачнікі” заслугоўваюць іх па праве.
Усім спадабалася фальклорная група Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя, якой выпаў гонар адкрываць гала-канцэрт Гродзенскай вобласці. Прысуд журы — “такіх калектываў у Беларусі мы яшчэ не чулі”. Бездакорным з усіх пунктаў гледжання народным хорам члены журы назвалі хор Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа, назваўшы яго прыкладам для ўсёй Беларусі.
Вельмі гучна (не голасам, а высокім выканальніцкім узроўнем) заявіў пра сябе сёлета хор Навагрудскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага каледжа (кіраўнік Наталля Аляксандраўна Раманюк). Адзіным аркестрам народных інструментаў у сёлетніх “Арт-вакацыях” быў узорны аркестр гімназіі — каледжа мастацтваў Маладзечна.
Адзінымі, хто ў краіне замахнуўся на танец у стылі мадэрн, былі навучэнцы Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Адзіным арт-вакацыйным фокуснікам (фестываль дае моладзі магчымасці праявіць сябе ў самых розных жанрах) стаў навучэнец Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Урбановіч. Мінская вобласць здзівіла агітбрыгадай “Мой выбар”. Яе ўдзельнікі — тры браты-блізняты, якія сёння вучацца ў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы. І яшчэ адзін нумар, які адзначым, — модны майстар-клас навучэнкі Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя Валерыі Краўцовай (кіраўнік Аліна Альбертаўна Грынчук). На сцэне была прадэманстравана не калекцыя адзення, а калекцыя варыяцый таго, якім чынам можна абыграць адну і тую ж рэч. Вельмі цікава і носіць самы што ні на ёсць практычны характар — абавязковая ўмова навучання на ўсіх рабочых спецыяльнасцях.

Пасільны дыяпазон творчасці

Падводзячы вынікі абласных гала-канцэртаў, члены журы адзначылі вялікую работу з дзецьмі кіраўнікоў па вакале, сёлета як ніколі вырас выканальніцкі ўзровень удзельнікаў. На змену крыку ў мікрафон і добрым, але запетым да дзірак кампазіцыям Ірыны Дарафеевай, Анжалікі Агурбаш і Пятра Ялфімава прыйшло выкананне душой і новыя творы. І тут нельга не адзначыць выступленне навучэнца Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Аляксандра Кладкевіча і Алены Бабук з Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы. Навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Віктар Урублеўскі
— У якасці парады кіраўнікам і рэжысёрам канцэрта хацелася б сказаць наступнае. Навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі не распешчаны сцэнай і выхадам на яе перад вялікай аўдыторыяй. Калі бачыце, што дзіця хоча выступаць, але не вельмі ўпэўнена адчувае сябе на сцэне, не пакідайце яго сам-насам з залай, падтрымайце яго, напрыклад, якім-небудзь мультымедыйным рашэннем, падтанцоўкай, тэатрам моды ці бэк-вакалам. І, наадварот, калі бачыце ўпэўненасць і тое, што ў навучэнца ўсё атрымліваецца, не перагружайце выступленне нейкімі дадатковымі элементамі: гэта адцягвае ўвагу ад якаснага і без таго цікавага выступлення. Напрыклад, Валерыі Еўдакімавай з Ваўкавыскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы і Вользе Лабан з Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа можна смела выходзіць на сцэну адным, — сказала сакратар журы метадыст аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Таццяна Валер’еўна Грышукевіч.
Адзначым яшчэ адзін момант. Многія нумары, асабліва ў канцэрце Мінскай вобласці, былі падрыхтаваны сумеснымі сіламі навучэнцаў розных устаноў адукацыі. Тут асабліва адзначым музычна-харэаграфічную кампазіцыю “Крок наперад”, у якой былі задзейнічаны навучэнцы адразу трох навучальных устаноў Мінскай вобласці: са Слуцка, Салігорска і Маладзечна. Шматжанравы нумар, які далікатна спалучыў у сабе сучасныя маладзёжныя субкультуры, журы назвала абсалютным прыкладам добрай работы з моладдзю. У тым, што некаторыя нумары канцэртнай праграмы падрыхтавалі навучэнцы розных устаноў адукацыі, ёсць яшчэ адзін важны момант: выступаючы на сцэне разам з равеснікамі з іншых каледжаў і ліцэяў, самадзейныя артысты абараняюць гонар ужо не канкрэтнай установы адукацыі, а вобласці ўвогуле. Агульная справа і хваляванне за вынік іх збліжае, яны знаёмяцца, працягваюць актыўна стасавацца і пасля “Арт-вакацый”.
— Вельмі імпануе, калі кіраўнікі дакладна вызначаюць творчыя магчымасці моладзі, іх пасільны творчы дыяпазон. І вельмі падабаецца выраз “ад кожнага па магчымасцях” — кожнаму навучэнцу “Арт-вакацый” было прапанавана праявіць сябе ў тым жанры, нумары і вобразе, у якім ён сябе камфортна адчувае, — гаворыць намеснік старшыні журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч. — Падчас абласных гала-канцэртаў мы адчулі клапатлівую руку дарослых (рэжысёраў канцэртаў, педагогаў), якая далікатна засцерагала, накіроўвала і падтрымлівала моладзь. Вельмі хочацца, каб усе дарослыя разумелі, што ў нашых руках важная місія: мы выхоўваем маладое пакаленне. Мы павінны быць яму не наглядчыкамі, а партнёрамі. Моладзь сёння больш камунікатыўная, больш інфармацыйна падкаваная, добра валодае камп’ютарнымі тэхналогіямі. Праз некаторы час нашы навучэнцы будуць нашымі калегамі, таму з самага пачатку трэба будаваць вельмі паважлівыя партнёрскія адносіны.

І дыялог, і час, і творчасць

Яшчэ адзін важны момант — дэвіз сёлетняга Рэспубліканскага фестывалю “Эпоха таленавітых — дыялог часу і творчасці”. У Мінскай і Гродзенскай абласцях ён асабліва выразна праходзіў чырвонай ніткай праз канцэртныя праграмы.Інструментальны ансамбль "Новае гучанне" Гуманітарнага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы Напрыклад, пра навучэнца Іўеўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Яўгена Немава, які прадставіў на сцэне маналог пана Быкоўскага з п’есы “Паўлінка”, член журы Уладзімір Іванавіч Бабошын (загадчык мастацка-пастановачнай часткі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі) сказаў так: “Пан Быкоўскі, пра якога пісаў Купала, быў менавіта такі”. Ансамбль “Карані” Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва ўвогуле прадставіў на “Арт-вакацыях” народныя побытавыя танцы “Полька-бабочка” і “Лысы”, якія запісаў падчас этнаграфічнай экспедыцыі ў вёску Ятра Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці. У гэтым кантэксце адзначым таксама Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй за тэатр сцэнічнага касцюма “Вобраз сярэдневякоўя” і сярэдневяковы танец “Джыга”. І дыялог, і час, і творчасць.
— І кіраўнікам творчых калектываў, і нам, членам журы, трэба заўсёды памятаць, што наша галоўная задача — выхаваўчая, выхоўваць моладзь мастацкай творчасцю. І не трэба лічыць, што ўсе самыя таленавітыя ідуць ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэта няпраўда. Мы, калі глядзелі выступленні навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, часам нават забываліся, што перад намі не прафесійныя артысты, а моладзь, якая вучыцца і набывае далёкія ад сцэнічнага майстэрства спецыяльнасці, — гаворыць кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву ансамбля танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анатоль Леанідавіч Карповіч. — Што наконт выступлення ўвогуле, то выйгравалі, канечне, тыя выступоўцы, якія рабілі на сцэне тое, што яны ўмеюць і робяць гэта з задавальненнем. Калі хтосьці пачынаў рабіць тое, што не ўмее, нумар адразу губляўся.
У Мінскай вобласці канцэрт скончыўся вельмі сімвалічнай песняй “Усё проста”.
— Назва гэтай песні павінна стаць дэвізам для ўсіх. Не ганіцеся за пяцігалоссем, за надрывам. Задачы ў нас зусім іншыя. Нічога не ўскладняйце і рабіце ўсё з душой, — гаворыць Таццяна Валер’еўна Грышукевіч. — Сёлета злавіла сябе на думцы, што сяджу і ацэньваю прафесійныя нумары. Паблажлівасць да дзіцячай самадзейнасці — нават не ўчарашні, а пазаўчарашні дзень для “Арт-вакацый”.

Марына ПЫРКОВА.

pyrkova@ng-press.by

Фота аўтара.