100 ідэй і мільён магчымасцей

- 9:55Адукацыйная прастора

Старт рэгіянальным этапам конкурсу “100 ідэй для Беларусі” быў дадзены на Міншчыне. Першая ў гэтым годзе абласная выстава-прэзентацыя Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу прайшла ў Барысаве. Барысаў-Арэна, якая гасцінна прымала мерапрыемства, здаецца, месца, якое найбольш падыходзіць для правядзення конкурсу. Яе выгляд такі ж фантазійны і неверагодны, як і ідэі, якія тут агучваліся.

Асноўная мэта конкурсу “100 ідэй для Беларусі” — актывізаваць дзейнасць маладых беларусаў, вучоных і вынаходнікаў у галіне інавацыйнай дзейнасці. І гэтая задача, безумоўна, вырашаецца: штогод колькасць удзельнікаў спаборніцтва на Міншчыне павялічваецца. Так, сёлета на першапачатковым этапе было прадстаўлена больш за 300 праектаў. У пяці занальных адборах, якія прайшлі ў Маладзечанскім, Салігорскім, Стаўбцоўскім, Мінскім і Барысаўскім раёнах, удзельнічала больш за паўсотні работ. 27 праектаў, якія стварылі канкурсанты 15 раёнаў Міншчыны, заваявалі права экспанавацца на абласной выставе-прэзентацыі.

Аўтары 12 праектаў атрымалі пуцёўку ў фінал рэспубліканскага конкурсу. Сярод іх ёсць як вопытныя даследчыкі, так і пачаткоўцы. Напрыклад, Уладзімір Пасавец, супрацоўнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, са сваім праектам удзельнічаў раней у іншых навуковых і інавацыйных конкурсах. Работа заняла не адзін год, і ў выніку аўтару разам з камандай аднадумцаў удалося стварыць нанаматэрыялы для вузлоў трэння. Над гэтай праблемай працуюць навукоўцы ўсяго свету. А навучэнцы Праўдзінскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Ягор Калач, Ілья Ільін і Артур Войстрыкаў робяць пакуль што першыя крокі ў навуцы і вынаходніцтве, аднак таксама прадставілі годны праект: яны стварылі прыбор, які з дапамогай геатэрмальнай энергіі прадухіляе зімой гібель рыбы ў азёрах і сажалках.

Некаторыя канкурсанты былі ўжо добра знаёмыя журы: яны раней паспелі заявіць пра сябе ў фінале і на сёлетні абласны этап прыйшлі з новым праектам. Напрыклад, Максім Буракоў, які жыве ў Смалявічах і вучыцца ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва, у мінулым годзе атрымаў прыз за створаную ім камп’ютарную гульню “Штурм Рэйхстага”. Сёлета ён прэзентаваў новую гульню — “Хачу ў БРСМ”, якая папулярызуе гэтую арганізацыю, а таксама грамадскую і валанцёрскую дзейнасць у краіне. Навучэнцы Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа Дзмітрый Каспяровіч і Аляксандр Стафановіч таксама ўдзельнічалі ў конкурсе ў мінулым годзе, аднак узнагарод на фінальным этапе не атрымалі. Хлопцы рукі не апусцілі, а стварылі новы праект “Сэрвіс патокавага прайгравання музыкі MusicGO” і спадзяюцца ўзяць рэванш. Дарэчы, вялікая колькасць праектаў у сферы IT, прысвечаных распрацоўцы мабільных дадаткаў і электронных адукацыйных рэсурсаў, — адметная рыса сёлетняга конкурсу.

Для ўдзельнікаў абласнога этапу была аргнізавана работа стартап-школы, у якой прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА дзяліліся сакрэтамі паспяховай прэзентацыі праекта, яго папулярызацыі праз сацыяльныя сеткі, а таксама знаёмілі з азамі менеджменту. Безумоўна, гэтыя веды будуць карыснымі як для фіналістаў конкурсу, так і для аўтараў новых праектаў.

— Ідэя праекта “100 ідэй для Беларусі” ўнікальная тым, што кожны малады чалавек — школьнік гэта, студэнт або спецыяліст — мае магчымасць быць пачутым і ўбачаным, — кажа Дзмітрый Варанюк, першы сакратар Мінскай абласной арганізацыі БРСМ. — У нашай моладзі — мноства ідэй, аднак куды пайсці з гэтымі ідэямі, ведаюць далёка не ўсе. Мы ж ствараем умовы, калі для годнага прымянення і рэалізацыі сваёй ідэі дастаткова прыйсці ў тэрытарыяльны камітэт БРСМ.

Многія творчыя і ініцыятыўныя маладыя людзі скарысталіся такой магчымасцю. Ідэі, прапанаваныя на конкурсе, ужо рэалізоўваюцца на Міншчыне. У дзень правядзення абласной выставы ў адным з цэхаў БелАЗа ў Жодзіне была ўрачыста замацавана шыльда з лагатыпам конкурсу “Рэалізавана ў рамках праекта “100 ідэй для Беларусі”. У 2015 годзе фіналістам рэспубліканскага этапу конкурсу стаў Дзмітрый Мельнік, інжынер-тэхнолаг упраўлення галоўнага тэхнолага. У сваім праекце ён прапанаваў замяніць на прадпрыемстве існуючыя асвятляльныя прыборы на святлодыёдныя. Ідэя была рэалізавана на новых участках завода і дала магчымасць эканоміць да 70 працэнтаў электраэнергіі.

Спецыяльнымі шыльдамі да канца года плануецца адзначыць усе рэалізаваныя ў рамках конкурсу інавацыйныя распрацоўкі на Міншчыне. І, мяркуючы па паспяховых выступленнях прадстаўнікоў вобласці на ўсіх этапах конкурсу, колькасць такіх знакавых шыльд штогод будзе павялічвацца.

Дар’я РЭВА
Фота аўтара.