Студэнцкі быт па-новаму

- 11:43Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Днямі пасля капітальнага рамонту ў Мінску адкрыўся інтэрнат для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Урачыстае адкрыццё інтэрната № 2 па вуліцы Л.Бяды было прымеркавана да Дня горада.

Інтэрнат гасцінічнага тыпу займае 14-павярховы будынак — 245 блокаў з санвузламі і душавымі кабінамі, ёсць кухні ў кожным крыле, трэнажорныя залы, іншыя агульныя памяшканні. Пакоі разлічаны на 2—3 чалавекі, а чатыры нумары абсталяваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Капітальны рамонт гэтага інтэрната, пабудаванага яшчэ ў 1983 годзе, патрабаваў нямала часу — каля трох гадоў, і нямала грошай — каля 40 мільярдаў рублёў са сродкаў дзяржаўнага бюджэту і ўласных сродкаў універсітэта. Рамонт пры гэтым праводзіўся толькі з частковым адсяленнем студэнтаў. Так, тут падчас рамонту жылі студэнты з Туркменістана Назар Бабаеў і Агагельды Худайберэнаў, да якіх мы завіталі. Хлопцы кажуць, што ўмовы ў інтэрнаце пасля рамонту ім вельмі падабаюцца, як задавальняе і плата — 120 тысяч рублёў у месяц.
А вось беларуская студэнтка Дар’я Астрэйка, якая зараз вучыцца на чацвёртым курсе, жыве ў гэтым інтэрнаце з 1 верасня. Жыллём таксама задаволена, як і першакурснік з Нігерыі Джонсан Агбара, які на падрыхтоўчым факультэце жыў у іншым інтэрнаце. Усяго ж адрамантаваны будынак разлічаны на 1255 месцаў.
Нагадаем, што не так даўно БДУІР адкрыў два новыя інтэрнаты, адзін з іх — у студэнцкай вёсцы. Але і зараз забяспечанасць студэнтаў месцамі ў інтэрнатах, якая, канечне, прыкметна павысілася, складае 70%. “Мы ў сваім інтэрнаце ў студэнцкай вёсцы выдзелілі 200 месцаў для студэнтаў БНТУ, — патлумачыў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Паўлавіч Батура. — Калі гэтыя месцы пяройдуць да нашых студэнтаў, забяспечанасць імі студэнтаў БДУІР падымецца да 75—77%. Думаю, гэта вельмі нядрэнна”. Выступаючы на ўрачыстым адкрыцці інтэрната № 2, М.П.Батура заўважыў, што камфортныя ўмовы, створаныя для студэнтаў, будуць выкарыстаны цалкам, маладыя людзі, якія закончаць універсітэт, прынясуць карысць дзяржаве.
Павіншаваў студэнтаў і намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык:
— Сёння БДУІР з’яўляецца інавацыйнай вышэйшай навучальнай установай, такім жа інавацыйным павінна быць і студэнцкае жыццё: і яго спартыўны, і сацыяльны складнік. Гэта чарговая веха на шляху дзяржаўнай падтрымкі студэнцтва.
Таксама павіншаваў студэнтаў кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна Мінска Аляксандр Рыгоравіч Пазняк. Са словам у адказ выступіла старшыня студэнцкага савета інтэрната № 2 Яна Дамброўская, зачытаўшы абяцанне навасельцаў. Ад імя ўсіх насельнікаў інтэрната яна паабяцала лічыць яго родным домам.
Дарэчы, па словах В.В.Якжыка, за апошнія 5 гадоў у сталічным рэгіёне пабудавана або адкрыта пасля капітальнага рамонту 17 інтэрнатаў вядучых ВНУ. У планах — ужо сёлета ўвесці ў строй інтэрнаты БНТУ і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ў 2015—2016 гадах плануецца цалкам завяршыць будаўніцтва інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.