Літаратурны музей-тэатр, амаль што дакладная копія помніка Коласу, які зараз стаіць на мінскай плошчы, 160-гадовая гісторыя, а таксама дуб, пасаджаны самім Прэзідэнтам. Чым ганарыцца Верхменская сярэдняя школа імя В.А.Тумара Смалявіцкага раёна, дзе некалі настаўнічаў малады Колас і якую ён падрабязна апісаў у сваёй эпічнай трылогіі “На ростанях”, высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Тая самая Верхань
Сама школа размешчана ў аграгарадку Алесіна. Мясціны тут маляўнічыя: да вёскі вядзе алея, абсаджаная векавымі дубамі, што засталіся яшчэ з часоў, калі тут панавалі знакамітыя Ваньковічы — у вёсцы захаваліся будынкі іх сядзіб. На ціхім возеры гняздуюцца лебедзі, а побач пачынаецца вялікі біялагічны заказнік “Пекалінскі”. На месцы былога ўрочышча Тумель на рацэ Уша б’е крыніца, дзе любіў адпачываць малады настаўнік Колас.
— Настаўнічаць Канстанцін Міцкевіч прыехаў сюды ў 1906 годзе — верхменскія краявіды так натхнілі яго, што і саму вёску, і школу, якая тады была народным вучылішчам і ўяўляла сабой звычайную драўляную хату, а таксама свой клас ён апісаў у знакамітай трылогіі, — расказвае дырэктар установы Марына Крэсік. — Тады гэтае вучылішча знаходзілася ў суседнім сяле Верхмень, літаральна за кіламетр адсюль. У 1960-я гады нашу школу перанеслі ў Алесіна, але назву захавалі.
Вёску Верхмень у сваім творы Колас называў Верханню: “Тут, на высокай i даволi прасторнай пляцоўцы, i знайшло сабе цiхi прытулак сяло Верхань. Сяло працягнулася ў адну доўгую лiнiю, кiламетра на паўтара. На адным яго канцы, тут жа непадалёку, узнiмалiся дзве школьныя будынiны, а насупраць, цераз вулiцу, яшчэ большы дом валаснога праўлення”. У Верхмені беларускі класік набіраўся народнай мудрасці ад тутэйшых жыхароў. Захапляўся прыродным багаццем нашай Радзімы: у мясцовых лясах і да гэтага часу шмат жывёл (водзіцца нават янотападобны сабака), азёры напоўнены рыбай. Падчас верхменскага перыяду Колас напісаў некалькі вершаў і апавяданне “Слабада”, у якіх адлюстраваў няпростае жыццё беларускіх сялян.
У створаным у школе ў 1969 годзе літаратурным музеі Якуба Коласа аднавілі аўтэнтычны клас, у якім ён выкладаў, і нават ставяць у ім спектаклі пра тое, як малады настаўнік Лабановіч прыязджае ў Верхань. Пра выгляд класа даведаліся з самой трылогіі. Твор вучні ведаюць добра, нават пішуць па ім даследчыя работы. Напрыклад, “Параўнанне краявідаў Верхмені з трылогіяй “На ростанях”. Самы вялікі экспанат музея — гіпсавая скульптура Якуба Коласа. Скульптуру музею падарыў сам аўтар сталічнага манумента Сяргей Селіханаў, народны мастак БССР, скульптар.
Дарэчы, музеяў у школе два: баявой славы і літаратурны музей Якуба Коласа. Ёсць яшчэ экалагічная зала, дзе частку пакоя займае сапраўдны кавалачак Пекалінскага заказніка — з дрэвамі, натуральным мохам, які дзеці штогод збіраюць і аднаўляюць, і чучаламі жывёл.
Што ў чамадане песняра
Акрамя літаратурнай экспазіцыі і шматлікіх прадметаў народнага побыту, ёсць у музеі вялікі чамадан.
— З ім мы робім прэзентацыю “Што было ў чамадане Лабановіча”, — гаворыць Марына Крэсік. — У кнізе мы спецыяльна шукалі інфармацыю пра прадметы, якія насіў з сабой малады настаўнік, нешта дадумалі самі, і атрымалася цікавая пастаноўка. З ёй мы нават выязджаем у суседнія школы — дзецям падабаецца такі музей у чамадане. У ім ляжаць гармонік, кнігі, фотаапарат, грэбень і нават грэцкі арэх — з твора вядома, што Лабановіч іх любіў. Ёсць у нас і падручнікі XIX стагоддзя, па якіх мог выкладаць малады настаўнік Міцкевіч, а таксама старыя выданні яго ўласных твораў.
Шмат для развіцця школьных музея і тэатра рабіла былы педагог школы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Лявонцьеўна Лютарэвіч, вельмі натхнёная Коласам. Яна ж вяла тут літаратурны гурток “Спадчына”.
— Зараз мы чакаем новага настаўніка беларускай мовы і літаратуры, які прыедзе да нас у верасні, — заўважае дырэктар. — Але традыцыі Святланы Лявонцьеўны працягваем, напрыклад, рэгулярна праводзім у школе “Каласавіны” — мерапрыемствы да дня нараджэння пісьменніка 3 лістапада.
З мясцовых жыхароў, вядома, ніхто ўжо асабіста не сустракаўся з вялікім пісьменнікам, але тут жывуць нашчадкі тых, каго ён вучыў. Адзін з вучняў Коласа — Мікалай Сцяпанавіч Мініч — нават стаў прататыпам героя твора “На ростанях” Грышкі Мініча. Клас, які створаны ў музеі, — з драўлянымі лавамі, чорнай дошкай, над якой, па тагачаснай традыцыі, вісіць партрэт цара Мікалая II, стаў выдатнай пляцоўкай для тэатралізаваных пастановак пра тое, як малады настаўнік пачынае сваю дзейнасць у вясковай школе. Тут узноўлены і пакой, дзе жыў малады Колас. Сам будынак, дзе ён спыняўся падчас свайго верхменскага перыяду, не захаваўся. Але зараз ёсць планы ўстанавіць на тым месцы памятны знак.
Штогод навучэнцы Верхменскай школы ходзяць у палатачныя паходы па коласаўскіх мясцінах. Наступны такі чакаецца ў жніўні для дзяцей ад 11 да 17 гадоў. Яны наведаюць вёскі, дзе бываў малады пясняр, рэчку Ушу, Тумельскую крыніцу. Адначасова спыняцца пакланіцца брацкім магілам герояў Вялікай Айчыннай вайны, якіх у наваколлі некалькі.
— Сапраўдная цікавасць да творчасці Коласа прачынаецца ў школьнікаў ужо ў старшых класах, падчас вывучэння твора, — гаворыць дырэктар Марына Аляксандраўна. — Малодшым цяжка спасцігнуць усю яго глыбіню. Аднак, дзякуючы такім паходам, а таксама нашаму музею і спектаклям, коласаўскім духам вучні пранікаюцца ўжо з дзяцінства. Самы першы ўрок у верасні ў нас праходзіць у музеі, тут мы адзначаем і Дзень беларускага пісьменства, святкуем Дзень роднай мовы. Я ганаруся, што некаторыя нашы вучні мараць стаць настаўнікамі менавіта беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, наша школа ўвогуле беларускамоўная.
Высокія госці
Верхменскае народнае вучылішча было заснавана ў 1863 годзе — колькі пакаленняў жыхароў навакольных вёсак тут вучылася, ужо не злічыць. Сярод іх і дырэктар Марына Крэсік.
— Я нарадзілася ў суседняй вёсцы Студзёнка, у сям’і звычайных працоўных людзей, дарэчы, мнагадзетнай, — расказвае яна. — На свет з’явілася 1 верасня, так што, лічу, мне наканавана было стаць настаўніцай. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, атрымала прафесію настаўніцы фізічнай культуры. Потым прайшла перападрыхтоўку ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — атрымала кваліфікацыю “менеджар у сферы адукацыі”. Але вярнулася выкладаць у родныя мясціны, у сваю школу. Спачатку настаўніцай фізкультуры, затым стала намеснікам дырэктара і зараз дырэктарам. Цяпер тут вучацца і мае дзеці.
На сёння ў школе больш за 100 навучэнцаў. У розныя гады ёй пашчасціла прымаць у сябе высокіх гасцей. Тройчы бываў тут сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, наведвалі школу замежныя дэлегацыі з Расіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Нідэрландаў. У 2001 годзе сюды прыязджаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка — ён пасадзіў тут маленькі чырвоны дубок. Зараз гэты дуб ужо вялікі, каля яго ўстанавілі памятную дошку. Дарэчы, кажуць, у свой час і сам Якуб Колас пасадзіў каля былога вучылішча ліпы, якія зараз сталі часткай верхменскага
парку.
Сёння школа і яе музей з’яўляюцца адным з культурных цэнтраў смалявіцкай зямлі — гэта месца сустрэчы творчых людзей: літаратараў, мастакоў, настаўнікаў.
— Спадзяёмся, так будзе і далей, — заўважае Марына Крэсік. — “Спасцігаем новае, захоўваючы традыцыі” — гэта наш дэвіз. Нават назву школы нам пакінулі як памяць пра вёску, дзе выкладаў наш літаратурны класік.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара