Аляксандр Лукашэнка: беларуская дзяржава з вялікай павагай ставіцца да ўзаемаадносін з рэгіёнамі Расіі

- 11:21Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

“Я асабіста і наша дзяржава з вялікай павагай ставімся да ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі і паміж рэгіёнамі і Беларуссю”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Расія пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах, так і станоўчыя моманты. “Мы сапраўды разумеем, што адбываецца вакол нас. Хапае і ў нас праблем, таму мы і збіраемся на такія рэгіянальныя мерапрыемствы (форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. — Заўв. БелТА.)”, — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар нагадаў, што калі расійскія губернатары бываюць у Беларусі, то няма такога выпадку, каб кіраўнік дзяржавы асабіста не сустрэўся з кіраўніцтвам рэгіёнаў і не пацікавіўся бягучымі справамі, “што трэба, што мы можам зрабіць, што разам можам зрабіць”.
“Я заўсёды дзякую рэгіёнам Расіі. Нашы беларуска-расійскія адносіны ў ранейшыя часы былі выратаваны толькі рэгіёнамі Расіі. Калі б тады ў нас не было супрацоўніцтва з імі, нам было б вельмі складана ўтрымаць адносіны, якія ў нас былі ў складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду былі найцяжэйшыя часы”, — нагадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі тавараабарот з некаторымі рэгіёнамі Расіі вышэйшы, чым з іншымі дзяржавамі. “Прыкладна палова ўсяго беларускага тавараабароту прыпадае на Расію. Адсюль і каштоўнасць, і значнасць нашых адносін”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Кажучы аб форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтае мерапрыемства набыло рэзананс. “Для верхніх палат парламентаў знайшлі сур’ёзную канкрэтную тэму, і яны з задавальненнем гэтым займаюцца”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка і падзякаваў Уладзіміру Пуціну, губернатарам за добра арганізаванае мерапрыемства і выказаў упэўненасць, што яно стане традыцыйным.