Падрыхтоўка да ЦТ. І не толькі…

- 11:44Выбар прафесіі

На фізічным факультэце БДУ пачала працаваць вочна-завочная школа для абітурыентаў.

На факультэцкім сайце ўжо змешчаны прыклады разбору рашэння задач па асноўных тэмах школьнай праграмы, а таксама прапанаваны задачы для самастойнага рашэння. Імі могуць скарыстацца ўсе, хто цікавіцца фізікай і матэматыкай і рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання па гэтых прадметах.

Мінчанам і жыхарам прыгарада пашанцавала яшчэ больш. Па суботах двойчы ў месяц на фізічным факультэце арганізавана вочная школа для абітурыентаў.Першыя вочныя заняткі ў школе прайшлі ў мінулую суботу. Сёлета арганізатары адмовіліся ад папярэдняй рэгістрацыі слухачоў, проста запрасілі ўсіх жадаючых. У выніку на стартавыя заняткі прыехала больш як 80 абітурыентаў з трыццаці ўстаноў адукацыі Мінска і Мінскай вобласці.

На першых занятках вывучалі кінематыку, а таксама вучыліся рашаць найбольш складаныя задачы па матэматыцы, якія прапаноўваліся на цэнтралізаваным тэсціраванні 2016 года. Дацэнт кафедры агульнай фізікі Ірына Мікалаеўна Мядзведзь, якая праводзіла заняткі, адзначыла вялікую зацікаўленасць аўдыторыі. Дзеці не толькі ўважліва слухалі, але і задавалі пытанні, прасілі даць дадатковыя тлумачэнні, а некаторыя засталіся высветліць пэўныя моманты нават пасля заняткаў.— Па вопыце мінулых гадоў мы ведаем, што не ўсе слухачы ў будучыні прыйдуць на фізічны факультэт (сёлета, напрыклад, такіх было каля дзесяці чалавек), — гаворыць намеснік дэкана Ігар Саладухін. — Але тое, што моладзь цікавіцца фізікай і хоча ведаць фізіку, безумоўна, радуе.

Дарэчы, на факультэцкім сайце выкладзены тэмы ўсіх будучых заняткаў ажно да сярэдзіны красавіка, і абітурыенты могуць уключыцца ў праграму ў любы момант. Заняткі будуць праводзіць вядучыя выкладчыкі фізічнага факультэта. Акрамя таго, абітурыенты атрымаюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з вучэбнымі і навуковымі лабараторыямі, пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі, што ў будучыні дазволіць ім зрабіць больш усвядомлены прафесійны выбар.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.