Размова адбылася

- 15:02Адукацыйная прастора, Рознае
У сталіцы падчас трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды ў ролі алімпіяднікаў пабывалі амаль 1500 навучэнцаў школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў Мінска. Лепшыя ў інтэлектуальных спаборніцтвах атрымалі дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені.

Базамі для правядзення трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды былі вызначаны 14 устаноў адукацыі Мінска. Юных інтэлектуалаў па рускай мове і літаратуры прымалі ў гімназіі № 24 (рэсурсны цэнтр); беларускай мове і літаратуры — у гімназіі № 18. Лепшых знаўцаў гісторыі, грамадазнаўства выбіралі ў сярэдняй школе № 4, а матэматыкі — у сярэдняй школе імя Я.Купалы № 19. Фізікаў і астраномаў традыцыйна гасцінна сустракалі ў гімназіі № 29 (рэсурсны цэнтр), а біёлагаў — у гімназіі № 50 (рэсурсны цэнтр) і на біялагічным факультэце БДУ. Інфарматыкі за дыпломы змагаліся на базе ПТК электронікі, а хімікі — у сярэдняй школе № 22 (рэсурсны цэнтр) і на хімічным факультэце БДУ. А вось самых “рукастых” навучэнцаў можна было ўбачыць у сярэдніх школах №№ 25, 26. На базе гэтых навучальных устаноў Мінска праходзіла алімпіяда па працоўным навучанні. Юныя географы спаборнічалі на базе гімназіі № 16.

Сталічная гімназія № 7 Мінска па добрай традыцыі прымала “англічан”, “французаў”, “немцаў” і “іспанцаў”, таму шматмоўе, якое тут гучала тыдзень, нікога не здзіўляла, а, наадварот, толькі натхняла. І калі ў мінулую пятніцу яно раптам скончылася, стала нават сумна. Але гарадскі алімпіядны тыдзень завяршыўся, і трэба было ўручаць дыпломы. У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах удзельнічалі 229 сталічных школьнікаў, з якіх у алімпіядзе па англійскай мове прынялі ўдзел 100 чалавек, па нямецкай — 63, па іспанскай — 20 і па французскай 46 навучэнцаў. Як было адзначана падчас закрыцця алімпіяды, павялічылася колькасць удзельнікаў алімпіяды па нямецкай і французскай мовах. Традыцыйна алімпіяда па замежнай мове складалася з трох тураў: пісьмовая граматычная работа, тур праверкі навыкаў вуснага маўлення і аўдзіраванне. Як адзначылі члены журы, школьнікі да алімпіяды падрыхтаваліся добра. Сярод іх былі нават васьмікласнікі, якія, дарэчы, змаглі не проста добра выступіць, але і заваяваць дыпломы. — Удзельнікаў алімпіяды па французскай мове не так многа, як хацелася, але яны былі вельмі падрыхтаваныя (за што вялікі дзякуй іх педагогам). Першай праводзілася пісьмовая работа. Заданні былі, канечне, розныя, і адказы таксама. Часта здараецца так, што гавораць алімпіяднікі лепш, чым пішуць адказы на заданні пісьмовай работы. І гэты год не стаў выключэннем. Падчас гаварэння некаторыя разгубіліся, бо тур быў заснаваны на французскіх прыказках. Трэба было зразумець прыказку, перакласці і асэнсаваць. Самых моцных гэты факт абсалютна не засмуціў, тым больш, што нашы прыказкі і французкія падобныя і не маюць кардынальна розных значэнняў. Безумоўна, дзеці рабілі памылкі: і граматычныя, і фанетычныя, але яўнага перакосу ў нейкі бок не было. Калі гаварыць пра аўдзіраванне, то былі два тэксты. Адзін з іх больш просты, а другі — складаны. Зноў-такі гэта неабходна для таго, каб выявіць наймацнейшага. Другі тэкст быў заснаваны на законе Архімеда, але гэта была не фізічная інфармацыя, а філасофскае эсэ, — заўважыла Людміла Аляксееўна Грачова, дацэнт МДЛУ, выкладчык кафедры другой замежнай мовы (французскай), старшыня журы.

Галіна Аляксееўна Скакун, дацэнт кафедры лексікалогіі нямецкай мовы лінгвістычнага ўніверсітэта, старшыня журы алімпіяды па нямецкай мове, таксама засталася задаволенай узроўнем ведаў алімпіяднікаў, хаця і заўважыла, што былі сярод іх і такія, якія з-за нізкіх ведаў маглі ў алімпіядзе не ўдзельнічаць, але гэта былі адзінкі. — У цэлым я вельмі задаволена, бо дзеці адказвалі вельмі добра. Некаторыя — проста фантастычна. Ведаеце, пасрэднага вучня настаўнік можа давесці да высокага ўзроўню і, наадварот, не вельмі добры настаўнік таленавітага вучня можа давесці да добрага ўзроўню. Але калі таленавіты настаўнік сустракаецца з таленавітым вучнем, то атрымліваецца тое, што ў мастацтве і ў літаратуры называецца шэдэўрам. І ў нас была адна такая дзяўчынка — Кацярына Масэ з сярэдняй школы № 73. Яна выкарыстоўвае нямецкую мову не як нешта вывучанае, а карыстаецца ёй як роднай. Яна ўжо носьбіт нямецкай мовы, якая дапамагае ёй выказваць не толькі свае думкі, але і пачуцці. Гэта што тычыцца вуснага маўлення. Пісьмовую работу дзеці таксама добра выканалі, але не без памылак. Некаторыя памылкі сведчылі, што вучні не зусім разумеюць, што ад іх патрабуецца. Былі і тыповыя памылкі, як, напрыклад, парадак слоў у сказе, асабліва ў даданым, памыляліся і з артыклем. Што тычыцца аўдзіравання, то тут асабліва памылак не было. Былі два тэксты. З адным справіліся лепш (ён быў прасцейшым), а над другім давялося папрацаваць. Першы тэкст прысвячаўся веласіпедным прагулкам па Берліне, а другі — дыскусіі: колькі грошай неабходна на ўтрыманне дзяцей. Разам з тым найбольш поўна веды па замежнай мове праяўляюцца падчас гаварэння. Алімпіяда паказала, што дзеці гавораць, а палова робіць гэта выдатна, але гэта не азначае, што не трэба вучыць граматыку. Менавіта на граматыцы заснавана мова, — расказала Галіна Аляксееўна Скакун. Хоць іспанская мова і не такая прадстаўнічая, як англійская ці нямецкая, але ў нашай краіне развіццю гэтай мовы надаецца асаблівае значэнне. Ёсць “іспанскія” школы, гурткі і факультатывы, а ёсць і факультэт іспанскай мовы ў лінгвістычным універсітэце, які, дарэчы, з’яўляеца адзіным у СНД. — Да ўсіх удзельнікаў алімпіяды па іспанскай мовы мы ставімся вельмі прыхільна, бо цэнім намаганні, якія яны прыкладаюць, каб авалодаць іспанскай мовай да алімпіяднага ўзроўню. Многія яе вывучаюць толькі факультатыўна. У алімпіядным руху я ўжо не першы год, таму магу канстатаваць, што ўзровень ведаў дзяцей не падае. І гэты год не стаў выключэннем. З заданнямі школьнікі справіліся і паказалі годныя вынікі, — паведаміла Вольга Чаславаўна Байдак, старшы выкладчык кафедры лексікалогіі іспанскай мовы МДЛУ, старшыня журы. — Калі гаварыць пра заданні, то для 11 класа яны былі даволі складаныя. Радуе той факт, што яны аказаліся для нашых удзельнікаў “пад’ёмнымі”. У межах пісьмовай работы прапаноўваліся заданні па краіназнаўстве, на дапасаванне часоў. Тэндэнцыяй апошніх гадоў сталі тэкставыя заданні на камунікатыўныя стратэгіі. Тэксты для аўдзіравання былі вельмі актуальныя. Адзін з іх прысвячаўся негатыўнай ролі інтэрнэту ў адукацыі, і ў прыватнасці таму, як сучасныя дзеці выконваюць дамашнія заданні з уключаным тэлевізарам. У другім тэксце ішла гаворка пра сусветную электронную бібліятэку. Падчас вуснага маўлення гаворка ішла па сітуацыях. Карацей, дзеці справіліся, а лепшыя атрымалі дыпломы, — адзначыла Вольга Чаславаўна.

Натуральна, самай прадстаўнічай групай сярод удзельнікаў алімпіяды па замежнай мове з’яўляюцца “англічане”. Як адзначыў Міхаіл Віктаравіч Драздоў, дацэнт кафедры лексікалогіі англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, член журы алімпіяды, сённяшнія алімпіяднікі прадэманстравалі бліскучае валоданне англійскай мовай. — Канечне, у гарадской алімпіядзе прымаюць удзел ужо адабраныя дзеці, але разам з тым школьнікі вельмі парадавалі. Некаторыя карыстаюцца англійскай мовай вельмі свабодна. Не сказаў бы, што нейкі адзін тур быў самым паспяховым. Самым паказальным стаў тур гаварэння, дзе дзеці паказалі не толькі свае веды, але і свае пачуцці, эмоцыі, нават характар, — сказаў Міхаіл Віктаравіч Драздоў. У выніку дыпломы атрымалі 99 чалавек. 44 з іх былі ўручаны “англічанам”, 27 — “немцам”, 21 — “французам”, 7 —”іспанцам”. Сем дыпломаў на рахунку гаспадароў гарадской алімпіяды па замежнай мове — гімназіі № 7, якія не толькі здолелі арганізаваць спрыяльныя ўмовы для алімпіяднікаў і членаў журы, але і сябе годна паказаць. Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды 2014 года па кожным вучэбным прадмеце з ліку раённых каманд навучэнцаў былі вызначаны каманды-пераможцы і кіраўнікам каманд уручаны кубкі. На алімпіядзе па замежнай мове кубкі атрымалі: – Англійская мова — каманда Ленінскага раёна. – Французская мова — каманда Кастрычніцкага раёна. – Нямецкая мова — каманда Першамайскага раёна. – Іспанская мова — каманда Першамайскага раёна. А найлепшыя вучні атрымалі дыпломы І ступені. Сярод удзельнікаў алімпіяды па англійскай мове ў 11 класе першымі сталі Кацярына Ванькевіч з гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны (настаўніца В.П.Бандзюк), Вераніка Мураўская з гімназіі № 39 (настаўніца А.А.Жыгар), Алена Маўрычава, прадстаўніца гімназіі № 7 (настаўніца Н.М.Караленя), Хрысціна Лазарчык (настаўніца В.І.Варанковіч). У 10 класе дыпломы І ступені атрымалі: Вікторыя Кучынская з ліцэя № 2 Мінска (настаўніца Н.В.Пратаповіч), Кірыл Шаркоўскі з гімназіі № 61 (настаўніца Г.Ф.Каваленка), Антон Гацко (настаўніца А.Б.Нарожнава), Мікіта Кліменка з гімназіі № 29 (настаўніца Н.М.Галяновіч). Сярод “французаў” дыпломы І ступені атрымалі: у 11 класе Аліна Строгая з гімназіі № 8 (настаўніца Л.У.Навіцкая), у 10 класе Марыя Аленіна з Ліцэя БДУ (настаўніца Н.Г.Каранкевіч), а таксама вучаніца 9 класа Ксенія Бярэзіна з гімназіі № 74 (настаўнік Туфік Кімуш). Два першыя дыпломы атрымалі “іспанцы”: у 10 класе Ганна Есіс з сярэдняй школы № 139 (настаўніца В.Я.Ржавуцкая), у 11 класе Настасся Лаўрык, прадстаўніца сярэдняй школы № 114 імя Сімона Балівара (настаўніца Л.М.Гаранкова). Сярод удзельнікаў гарадской алімпіяды па нямецкай мове лепшымі сталі два вучні Ірыны Рыгораўны Какоз з сярэдняй школы № 73 — гэта адзінаццацікласніца Каця Масэ і дзесяцікласніца Элен Сюзан Груневальд. Акрамя таго, дыпломы І ступені атрымалі Маргарыта Левановіч, вучаніца 10 класа гімназіі № 56 (настаўніца Т.В.Бандарэнка), Ягор Жарын, вучань 10 класа сярэдняй школы № 34 (настаўніца С.Г.Зыкава).

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.