Лепшымі з фізічных баёў выйшлі ліцэісты БДУ

- 14:37Адукацыйная прастора, Рознае
Зборная каманда Ліцэя БДУ стала абсалютным пераможцам XXII Рэспубліканскага турніру юных фізікаў. Усяго ў інтэлектуальных спаборніцтвах узялі ўдзел 17 каманд (90 школьнікаў) з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія на працягу трох дзён трымалі бой за магчымасць стаць лепшай камандай краіны. Акрамя таго, у гэтым сезоне з беларускімі школьнікамі змагалася зборная з Варонежа (Расія).

Баі праходзілі на пляцоўцы Ліцэя Белдзяржуніверсітэта. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі Міністэрства адукацыі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
У пяцёрку лідараў-ліцэістаў увайшлі адзінаццацікласнікі Мікіта Акуліч, Антон Сілюк, Данііл Мнявец, Віктар Лойка і дзесяцікласніца Настасся Казлова. Набраўшы максімальную колькасць балаў, юныя фізікі былі ўганараваны пераходзячым кубкам турніру і дыпломам I ступені. Дыпломы II ступені атрымалі каманды 10-х класаў Ліцэя БДУ і гімназіі № 29 Мінска.
Акрамя таго, былі вызначаны і лепшыя гульцы турніру. Так, у індывідуальным заліку лідарам прызнаны вучань 11 класа сталічнай гімназіі № 29 Антон Хвалюк, а лепшым апанентам стаў ліцэіст БДУ Данііл Мнявец.
Больш актыўнымі і ўпартымі на шляху перамогі становяцца і рэгіянальныя каманды. У прыватнасці, Мінскую вобласць сёлета прадстаўлялі чатыры каманды: Мінскага абласнога дзяржаўнага ліцэя і зборныя каманды ўстаноў адукацыі Нясвіжскага, Слуцкага і Чэрвеньскага раёнаў.
Па выніках турніру зборная каманда Нясвіжскага раёна (кіраўнікі Жанна Іванаўна Скачко, Таццяна Анатольеўна Мірашнічэнка) была ўзнагароджана дыпломам III ступені. Дыплома III ступені была ўдастоена і зборная каманда Чэрвеньскага раёна (кіраўнікі Анатоль Канстанцінавіч Шабусаў, Барыс Пятровіч Батурчык).
Шлях да рэспубліканскай перамогі ляжыць праз рэгіянальныя турніры, а правядзенне абласных турніраў па вучэбных прадметах у Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі стала традыцыяй. Прынамсі, абласны турнір юных фізікаў праводзіўся пяты раз.
Адметнасцю турніру юных фізікаў з’яўляецца работа дзяцей у камандзе. Удзельнікі турніру — прыхільнікі калектыўнай навуковай творчасці, бо на сённяшні дзень любая навуковая лабараторыя — гэта калектыў. Фізік не можа працаваць і рабіць адкрыцці самастойна. Тут дзеці вучацца працаваць у калектыве. Акрамя таго, удзельнікі турніру набываюць вопыт публічнага выступлення, бо ў час яго праходжання нічога не пішуць, а толькі размаўляюць. Яны прэзентуюць свае рашэнні вусна, апаніруюць і рэцэнзуюць рашэнні іншых таксама вусна.
Каб стаць удзельнікам турніру юных фізікаў, старшакласнікам папярэдне неабходна рашыць як мінімум дзевяць з дванаццаці прапанаваных эксперыментальных задач. Напрыклад, такіх як “Крышталь з бурбалак”. Вялікая колькасць вельмі маленькіх аднолькавых паветраных бурбалак плавае на паверхні мыльнай вадкасці. Бурбалкі могуць самаарганізавацца ў рэгулярную структуру падобную да крышталічнай рашоткі. Прапануйце спосаб атрымання бурбалак аднолькавага памеру і даследуйце працэс утварэння крышталя з бурбалак.
Мэта такіх задач — паставіць удзельніка ў тыя ж умовы, у якіх знаходзіцца звычайны даследчык. Рашэнне задачы і нават спосаб рашэння невядомы, таму турнірныя задачы публікуюцца загадзя. Гэта дае магчымасць правесці ўсе неабходныя эксперыменты, знайсці патрэбную інфармацыю і атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў.
Трэба адзначыць, што беларускі Рэспубліканскі турнір юных фізікаў з’яўляецца адборачным турам міжнароднага турніру, таму задачы распрацоўваюцца фізікамі краін — удзельніц міжнароднага турніру. Адметнасць гэтых задач заключаецца ў першую чаргу ў іх уніфікаванасці для ўдзельнікаў кожнай краіны.
Па выніках XXII Рэспубліканскага турніру будзе сфарміравана зборная каманда Беларусі, якая прадставіць краіну на XXVII Міжнародным турніры юных фізікаў, які пройдзе ў ліпені гэтага года ў Англіі.

 

Вольга ДУБОЎСКАЯ.