Для многіх пакаленняў абітурыентаў знаёмства з БДУ пачыналася адсюль, з факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі. Менавіта тут некалькі дзесяцігоддзяў размяшчалася прыёмная камісія ўніверсітэта. І мы добра запомнілі першае ўражанне ад гэтага корпуса — шмат паветра, святла і подых вялікай навукі. Яно і нядзіўна: будынак — адзін з найстарэйшых у БДУ і мае вельмі цікавую гісторыю.
Почырк Казіміра Малевіча
Корпус факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі пабудаваны 90 гадоў назад у стылі канструктывізму (архітэктары Іван Запарожац і Георгій Лаўроў). На той час гэта быў мегасучасны будынак з мноствам цікавых рашэнняў. Праект аказаўся настолькі ўдалым, што корпус і цяпер застаецца адным з самых прыгожых і зручных у БДУ.
Ёсць меркаванні, што некаторыя эскізы для будынка рабіў сам Казімір Малевіч.
— Я не маю гістарычных доказаў, але такое цалкам можа быць, — гаворыць дацэнт кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій Аляксей Яротаў. — Калі І.Г.Лангбард выйграў праект на забудову плошчы, то яму дапамагала шмат маладых архітэктараў. Сярод іх мог быць і Казімір Малевіч.
Зрэшты, загадчыца Музея землязнаўства Валянціна Смалякова сумняваецца, што Казімір Малевіч браў непасрэдны ўдзел у рабоце над праектам.
— Малевіча на той час ужо не было тут. Хутчэй за ўсё, архітэктарам прыйшлі ідэі пад уплывам яго работ. Мы бачым у інтэр’ерах будынка відавочныя адсылкі да кубізму, — заўважыла Валянціна Лявонцьеўна.
Як бы там ні было, але перад намі яркі авангард. Усе інтэр’еры, лесвіцы, вокны, столі — усё гаворыць пра тое, што руку да праекта прыклалі вельмі таленавітыя людзі.
— Звярніце ўвагу на сістэму лесвічных пралётаў — з іх адкрываецца від ва ўсе бакі. Увогуле, гэта характэрна для палацавых комплексаў, — адзначае Аляксей Яротаў. — Малевіч (ці той, хто рабіў эскізы) хацеў паказаць, што гэта сапраўдны палац навукі.
За 90-гадовую гісторыю будынак перажыў розныя, у тым ліку вельмі драматычныя, падзеі. Падчас вайны тут быў нямецкі гебітскамісарыят, у падвалах адбываліся расстрэлы. Пазней у будынку арганізавалі шпіталь на 1600 месцаў. А калі немцы пакідалі Мінск, замест таго, каб вывезці дакументы, проста падпалілі іх.
Пасля вайны пашкоджаны будынак быў адноўлены, але ў змененым выглядзе. На заходнім баку з’явілася каланада, было зменена шкленне над уваходам і нададзены рысы неакласіцызму ў выглядзе ляпніны.
— І ўсё ж нашаму корпусу ў пэўным сэнсе пашанцавала, ён захаваўся. Падобны будынак былога хімічнага факультэта (тых жа часоў і той жа стылістыкі) быў часткова знесены падчас будаўніцтва метрапалітэна, — заўважыў прафесар кафедры геаграфічнай экалогіі Міхаіл Брылеўскі.
У канцы 90-х гадоў адбылася рэканструкцыя будынка факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, падчас якой пастараліся максімальна захаваць яго знешняе аблічча і інтэр’еры. Мае суразмоўнікі расказваюць, як карпатліва падбіралі патрэбныя матэрыялы, цесна ўзаемадзейнічалі з архітэктарамі і будаўнікамі, самі прыклалі шмат намаганняў, каб іх корпус быў менавіта такім — адначасова гістарычным і сучасным.
— Мы хацелі прыдумаць штосьці такое, чаго нідзе няма, — расказвае Валянціна Смалякова. — І прыдумалі геалагічную падлогу! Звярніце ўвагу на мазаіку пад нагамі ў калідоры: там папарна размешчаны 27 узораў горных парод, якія ў БДУ выкарыстоўваюцца як абліцовачныя. І мы ведаем усе іх уласцівасці.
Нам расказалі, што ў гэтым будынку зімой цёпла, а летам прахалодна. Што акустыка тут, як у оперным тэатры. І натуральнае асвятленне ёсць практычна ўсюды.
— Пашукайце іншы такі праект, дзе нават ноччу відно. А ў нас асветлены і калідоры, і аўдыторыі, — гаворыць дэкан факультэта Дзмітрый Курловіч.
Гледзячы на супрэматычную столь і мазаічныя падлогі ў гэтым будынку, мне падабаецца думаць, што ўсё ж не абышлося без Казіміра Малевіча. І нават калі не эскізы, то яго ідэі знайшлі тут сваё адлюстраванне. Няшмат будынкаў, дзе можна атрымліваць эстэтычную асалоду проста ад самой прысутнасці. І з гэтым факультэту геаграфіі і геаінфарматыкі вельмі пашанцавала.
У мансардзе будынка ёсць аранжарэя, якую таленавітыя архітэктары спраектавалі 90 гадоў назад. Сёння тут прадстаўлены сукуленты, трапічныя травяністыя мнагалетнікі, драўняныя і хмызняковыя расліны. Некаторыя віды дайшлі да нас ажно з мезазойскага і юрскага перыядаў. У аранжарэі праходзяць практычныя заняткі, а таксама пазнавальныя экскурсіі.
Бясцэнная калекцыя
Славутасцю факультэта, напэўна, яшчэ большай, чым інтэр’еры ў стылі Казіміра Малевіча, з’яўляецца Музей землязнаўства. Гэта не проста вучэбны, навуковы, асветніцкі цэнтр для студэнтаў. Неверагоднай прыгажосці экспанаты робяць яго цэнтрам эстэтычнага прыцягнення. Тут успамінаюцца казкі Бажова, малахітавыя і бурштынавыя пакоі… Раскоша каштоўных камянёў дзіўным чынам спалучаецца з навукамі аб Зямлі — і гэтую магію падтрымлівае загадчыца музея Валянціна Смалякова.
Яе можна слухаць бясконца, бо Валянціна Лявонцьеўна ведае гісторыю кожнага экспаната, можа расказаць пра яго як з пункту гледжання навукі, так і па-жыццёваму проста. Многія камяні яна і яе калегі прывезлі з Сібіры, Кольскага паўвострава і іншых рэгіёнаў, дзе бывалі ў навуковых экспедыцыях.
У факультэцкім холе ля ўваходу ў музей устаноўлены вялікія і вельмі прыгожыя крышталі.
— Такіх няма ні ў адным маскоўскім ці піцерскім музеі, — гаворыць Валянціна Лявонцьеўна. — А ў нас іх чатыры. Самы вялікі важыць амаль паўтоны — 440 кг.
У музейнай калекцыі прадстаўлена ўсё багацце зямных нетраў. Тут і цудоўныя аметысты, вельмі рэдкія чараіты, неверагодны крэмній, з якога пачыналася наша цывілізацыя (крэмніевыя прылады працы) і будзе працягвацца далей (крэмній — галоўны матэрыял у камп’ютарнай індустрыі). У выставачнай зале змешчана каля 10 тысяч экспанатаў, а ўсяго ў музеі назапашана 30 тысяч.
Гэта сапраўды бясцэнная калекцыя. Валянціна Лявонцьеўна гаворыць, што яна самая багатая ў нашай краіне і адна з найлепшых у свеце.
Самыя дарагія экспанаты ў калекцыі — вялізныя кавалкі… жалеза. Але не зямнога, а іншапланетнага. Валянціна Смалякова звяртае нашу ўвагу на метэарыты. Адзін вагой 39 кг, а другі — 126.
— Метэарыты бываюць жалезныя, каменныя ці жалезакаменныя. Часцей за ўсё трапляюцца апошнія. Каменных таксама многа, але яны разбураюцца. А самыя рэдкія метэарыты (іх усяго 10%) жалезныя, — тлумачыць Валянціна Лявонцьеўна. — І вось гэтыя бясцэнныя знаходкі павінны былі трапіць у Кітай разам з ломам, як простае кавалкавае жалеза. На шчасце, мытнікі заўважылі і папрасілі нас ацаніць гэты “лом”. Так удалося захаваць для навукі, для гісторыі найкаштоўнейшыя экспанаты. Сёння ў свеце сталі вельмі моднымі ўпрыгажэнні з жалезных метэарытаў. Іх кошт у Еўропе дасягае 100 долараў за грам. А кітайскія наведвальнікі кажуць, што ў іх краіне яны каштуюць яшчэ даражэй. Вось і лічыце!
Дарэчы, дзякуючы мытнікам, музей атрымаў больш як дзве тысячы вельмі рэдкіх і каштоўных экспанатаў.
— Мы дасканала ведаем усе мінералы і дапамагаем мытнікам ацаніць знаходкі — можам вызначыць, дзе сапраўдныя камяні, а дзе падробка, — гаворыць Валянціна Смалякова. — Таксама да нас прыходзяць архітэктары, скульптары — кансультуем іх, расказваем пра ўласцівасці розных матэрыялаў. А нядаўна праводзілі курсы павышэння кваліфікацыі для супрацоўнікаў Следчага камітэта.
Валянціна Лявонцьеўна з лазернай указкай у руках правяла і для нас маленькі майстар-клас. Востры праменьчык святла, скіраваны на крышталь, нібы запальвае яго: камень ажывае, пачынае прамяніцца, ззяць бліскавіцамі.
— Здараецца, людзі набываюць камяні, думаючы, што гэта сапфіры, рубіны, тапазы. А паказваюць нам, я накіроўваю прамень лазера — і не бачу гэтай гульні святла. Сляпы камень, шклянка. Пераліваюцца толькі каштоўныя крышталі, і толькі імі можна любавацца бясконца, — гаворыць Валянціна Лявонцьеўна.
Музей землязнаўства прыгожы, сучасны і вельмі інфармацыйна насычаны. Тут можна вывучаць хімію, фізіку, біялогію і іншыя навукі. У кожным аддзеле ёсць сэнсарныя экраны, дзе можна атрымаць разнастайныя звесткі, паглядзець тэматычныя прэзентацыі, фільмы. Ёсць аўдыягіды на трох мовах: англійскай, рускай і кітайскай. Штогод тут праводзіцца звыш 200 экскурсій для студэнтаў і школьнікаў. Сюды запрашаюць пачэсных гасцей БДУ. Можна сказаць, што музей — візітоўка не толькі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, але і ўсяго ўніверсітэта.
Дарэчы
Да 100-годдзя БДУ навукоўцы і студэнты гістарычнага факультэта стварылі інтэрактыўную карту map.bsu.by. Гэта індэксаваная калекцыя фотаздымкаў і нанесеных на карту месцаў, якія адносяцца да гісторыі ўніверсітэта з моманту яго стварэння да нашых дзён.
Карыстальнікам прапаноўваецца выбраць карту (гістарычную або сучасную) і паглядзець, як выглядалі ўніверсітэцкія будынкі ў розныя гады. На сайце прадстаўлена звыш 350 гістарычных фотаздымкаў і архіўных дакументаў.
— Над праектам працавалі некалькі гадоў, — расказвае студэнтка гістарычнага факультэта Аляксандра Мядзведзева. — У 1921—1941 гадах будынкі БДУ былі раскіданы па ўсім горадзе, і трэба было візуалізаваць іх размяшчэнне. Мы сядзелі ў архівах, шукалі звесткі і фотаздымкі тых часоў. Даведаліся, што было ў розных будынках да таго, як іх перадалі ўніверсітэту, што было падчас СССР. Усяго выявілі больш як 35 будынкаў. Многія, на жаль, былі разбураны, некаторыя так і не аднавіліся. На карце мы проста пазначылі месцы, дзе яны размяшчаліся. Дарэчы, у рэалізацыі гэтага ўнікальнага праекта нам дапамагалі студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Яны зрабілі аснову карты, а мы напоўнілі яе гістарычнымі звесткамі.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.