Для ўсенароднага абмеркавання

- 11:43Насустрач рэферэндуму

Водгукі патрэбныя і важныя

На рэферэндум неабходна выйсці з канчатковым варыянтам тэксту Канстытуцыі, які не выклікаў бы сумненняў у большасці насельніцтва Беларусі. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Ігар Сергяенка адзначыў, што водгукі насельніцтва на праект патрэбныя і важныя:

— Мы гатовы ўспрымаць усё. Але хацелася б, каб былі канструктыўныя прапановы. Можа, на этапе падрыхтоўкі мы нешта не ўбачылі, не ўлічылі — вось на гэтым невялікім адрэзку, які застаўся, хацелася б гэта дапрацаваць.

Гаворачы аб канкрэтных палажэннях, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу, што па праекце УНС становіцца вышэйшым прадстаўнічым органам улады:

 — Мяркуецца, што да 1,2 тысячы чалавек будуць выбірацца дэлегатамі на пяцігодку. І на працягу пяці гадоў іх статус будзе захоўвацца.

Ігар Сергяенка адзначыў шырыню паўнамоцтваў УНС, а таксама яго прадстаўнічы склад:

— Гэтакі калектыўны прэзідэнт, які надзяляецца дастаткова шырокімі паўнамоцтвамі.

Падзеі 2020 года, а таксама папярэдніх выбарчых кампаній, паводле слоў Ігара Сергяенкі, падштурхнулі да таго, каб уключыць у праект забарону на замежнае фінансаванне выбарчых кампаній.

А фіксацыя абавязку дзяржавы і грамадзян захоўваць памяць, гістарычную праўду аб подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, на думку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, — гэта неабходнасць часу. Паколькі з’яўляецца маладое пакаленне, якое пра падзеі той эпохі даведваецца з розных крыніц, не заўсёды правераных.

Уключыцца ў дыялог

Працэс абмеркавання праекта Канстытуцыі не абмежаваны часавымі рамкамі і зойме столькі часу, колькі патрэбна.

Аб гэтым заявіў дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Андрэй Мацельскі і дадаў, что зараз атрымліваецца каля 300 прапаноў грамадзян у дзень. Прыкладна 98 працэнтаў водгукаў накіравана на падтрымку вынесеных на абмеркаванне палажэнняў праекта. Часам людзі выказваюць сваё пэўнае бачанне па тым ці іншым пытанні, удакладніў Андрэй Мацельскі:

— Напрыклад, адзін грамадзянін напісаў, што не трэба ў Канстытуцыі замацаванне нормы, што ў Беларусі развіваецца атамная энергетыка. Хоць пераважная большасць людзей піша, што гэта выдатна: развіваецца навука, тэхналогіі, вытворчасці, ствараюцца рабочыя месцы. Два чалавекі напісалі: давайце вернемся да парламенцкай рэспублікі. Хоць пераважная большасць якраз каменціруе падрыхтаваны праект Асноўнага закона, што ён забяспечвае моцную Беларусь, сфарміраваныя традыцыі, што ў нас захоўваецца прэзідэнцкая рэспубліка. Але ўсе прапановы мы ўлічваем, і меркаванне кожнага адлюструем у падагульняючым дакуменце.

Прыкладна 98 працэнтаў водгукаў накіравана на падтрымку вынесеных на абмеркаванне палажэнняў праекта.

Сярод тэм, якія часта паўтараюцца ў пісьмах, — норма аб Усебеларускім народным сходзе.

— Некаторыя прапануюць выключыць гэтую новую главу ў праекце Асноўнага закона. Але ў большасці сваёй людзі задаюць пытанні: а наколькі гэтыя палажэнні будуць адпавядаць прынцыпу падзелу ўлад? Ці не атрымаецца, што гэты новы орган будзе дубліраваць дзейнасць парламента? Людзі ўключаюцца ў дыялог і фарміруюць зусім справядлівыя пытанні, — сказаў Андрэй Мацельскі.

Напрыклад, з улікам кампетэнцый, якімі надзяляецца па праекце УНС, лю­дзей хвалюе, якім будзе яго склад і ці дастаткова ён прафесійны для прыняцця такіх важных рашэнняў. Андрэй Мацельскі адзначыў, што ўсе гэтыя дэталі бу­дуць удакладнены ў законе аб УНС, які прапануецца распрацаваць на працягу года пасля прыняцця Канстытуцыі.

Алег ДЗЯЧЭНКА,
член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя А.А.Куляшова:

— Сённяшні пра­ект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Беларусі — гэта наша будучыня. Важна, што галоўны пасыл абноўленага Асноўнага закона прадугледжвае не толькі захаванне, але і развіццё сацыяльных гарантый грамадзян. У цэнтры ўвагі застаецца зацвярджэнне правоў і свабод чалавека, прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства.

Змены закрануць і сферу адукацыі. Усім вядома, якое вялікае значэнне мае права на адукацыю для кожнага беларуса. Так гістарычна склалася, што адукаванасць успрымаецца ў свядомасці нашых людзей у якасці адной з асноўных жыццёвых каштоўнасцей. І тут не мае значэння ўзрост. Усімі формамі адукацыі ў нашай краіне ахоплены некалькі соцень тысяч грамадзян — ад дашкалят да пажылых людзей.

У праекце Канстытуцыі гарантуецца даступнасць агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, а таксама атрыманне на конкурснай аснове бясплатнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў дзяржаўных навучальных установах.

Больш за тое, дзяржавай ужо сёння рэалізавана сістэма мер па забеспячэнні далейшага развіцця сістэмы адукацыі ў мэтах больш поўнага задавальнення патрэбнасцей краіны ў спецыялістах і кваліфікаваных рабочых. Заканадаўцамі прыняты абноўлены Кодэкс Рэспуб­лікі Беларусь аб адукацыі, павышаецца эфектыўнасць работы ўсіх звёнаў і форм адукацыі і падрыхтоўкі кадраў, развіваецца дыстанцыйная форма навучання.

Асаблівая ўвага ў прапанаваным праекце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі ўдзелена пытанням падрыхтоўкі падрастаючых пакаленняў да грамадска карыснай працы, прывіцця культуры і павагі да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі, захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подз­вігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым напрамку ўжо шмат зроблена — рэалізуецца праграма бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2021—2025 гады, зацверджана праграма патрыятычнага выхавання насельніцтва на 2022—2025 гады і інш. Гэта цягне за сабой удасканаленне ўсіх форм і метадаў грамадзянска-патрыятычнага і ваенна-патрыятычнага выхавання ў школе, і перабудову ў прамым сэнсе гэтага слова ўсёй выхаваўчай і ідэалагічнай работы ўстаноў адукацыі нашай краіны ў адпаведнасці з новымі патрабаваннямі і выклікамі.

Наогул, рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь — гэта неабходнасць, якую дыктуюць сучасныя рэаліі. Сёння вельмі важна зра­біць агульны ўпэўнены крок для будучыні дзяржавы і прыйсці на лютаўскі рэферэндум, бо толькі нам вырашаць, у якой краіне і па якіх законах мы будзем жыць.

Алена АНУФРОВІЧ,
дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства:

— Праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прасякнуты клопатам пра дабрабыт беларускага народа, захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць — гэта ўвага да адукацыі, культуры і, безумоўна, падтрымка моладзі. Асаблівае месца ў праекце змяненняў і дапаўненняў адведзена тэме патрыятызму, дзе прапісана, што “праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа з’яўляецца абавязкам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”.

Гістарычная памяць, патрыятызм — не проста словы. І пра гэта трэба не толькі гаварыць, а выхоўваць у сабе, у дзецях і моладзі справамі, учынкамі, ставіцца да гісторыі Беларусі, беларускага народа трапятліва і ўважліва. У сувязі з гэтым набываюць асаблівую значнасць маладзёжныя праекты, прысвечаныя тэме захавання гістарычнай памяці, накіраваныя на фарміраванне прававой культуры і законапаслухмянасці, навыкаў правільнай ацэнкі падзей, грамадзянскай пазіцыі, на пазнанне гісторыка-культурных каранёў, усведамленне непаўторнасці Айчыны, яе лёсу і непарыўнасці з ім.

Аб’яўленне Года гістарычнай памяці дапаможа расставіць акцэнты ў такой рабоце. Наша галоўная задача — максімальна далучыць навучэнцаў да дзейнасці па захаванні спадчыны краіны праз занятасць у аб’яднаннях па інтарэсах, практычныя справы, удзел у праектах.

Выхоўваць грамадзя­ніна і патрыёта неабходна, абапіраючыся на шматвяковую беларускую гісторыю, культурныя і духоўныя традыцыі нашага народа. Гістарычная памяць — самае запаветнае, што ёсць у любога народа.

Падрабязней на pravo.by