Таленавіты, энергічны, сціплы, выхаваны, галантны, творчы, адкрыты да ўсяго новага і неверагодна любімы вучнямі — сталічны настаўнік хіміі Міхаіл Максімавіч Дунаеў.
Усё жыццё на Зямлі непарыўна звязана з хіміяй. Так, у чалавечым арганізме кожную секунду адбываецца мноства хімічных рэакцый. І, напэўна, наўрад ці знойдзецца чалавек, які ў дзяцінстве не спрабаваў бы зрабіць хаця б адзін просты хімічны дослед. З асабліва цікаўных і дапытлівых дзяцей якраз і вырастаюць сапраўдныя хімікі. Некаторыя, стаўшы педагогамі, з задавальненнем дзеляцца сваім вопытам з падрастаючым пакаленнем. Адзін з іх — малады спецыяліст М.М.Дунаеў, які, працуючы ў сярэдняй школы № 173 Мінска, другі год дапамагае вучням авалодваць тэарэтычнымі і практычнымі ведамі і навыкамі хімічнай навукі.
“Міхаіл Максімавіч прыйшоў да нас у жніўні 2020 года пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка, дзе ён атрымаў спецыяльнасць “Хімія. Біялогія” на факультэце прыродазнаўства. Урокі маладога педагога заўсёды цікавыя, крэатыўныя і пазнавальныя. Дзякуючы яго творчаму падыходу, нашы вучні трапляюць у дзівосны свет хімічных элементаў і працэсаў, якія паасобку і пры спалучэнні могуць так шмат расказаць аб прыродзе Зямлі”, — падзялілася меркаваннем пра настаўніка дырэктар школы Ірына Леанардаўна Шукелойць.
Праўда, у палон да хіміі Міхаіл Максімавіч трапіў не адразу. Калі з 1 па 9 клас вучыўся ў сталічнай гімназіі № 11, перавагу аддаваў нямецкай мове і фізічнай культуры. А вось у 10-м класе, перайшоўшы ў сярэднюю школу № 94, захапіўся навукай аб рэчывах і іх пераўтварэннях. “У 10 класе маім класным кіраўніком стала настаўніца хіміі — цудоўны, неверагодна мудры педагог Таццяна Андрэеўна Радоўская, на якую я зараз раўняюся ў сваёй дзейнасці. Яна заўсёды знаходзіла зерне разладу ў класе і кампетэнтна тлумачыла прычыну здарэння, пры гэтым пакідаючы магчымасць і самім вучням паразважаць і прыйсці да неабходных высноў”, — дадаў М.М.Дунаеў.
Першыя ўрокі маладога настаўніка, па яго прызнанні, атрымаліся крыху скомканымі, аднак чым больш ён практыкаваўся, тым больш цікавымі і разнастайнымі яны станавіліся. “Ведаеце, я ніколі не разумеў, як хімія можа быць нецікавай. Але, бачачы стомленыя вочы вучняў на 6—7 уроку, разумееш, што ў іх проста ўжо няма сіл для засваення складанага матэрыялу. У такія моманты стараюся не загружаць іх вялікімі аб’ёмамі тэорыі або задачамі і вылічэннямі, а прапаноўваю пэўную разгрузачную інфармацыю. Увогуле, я стараюся вар’іраваць лекцыйныя заняткі з дабаўленнем цікавага матэрыялу і практычныя заняткі з хімічнымі эксперыментамі, — патлумачыў Міхаіл Максімавіч. — Чым больш вопыту я набываю, тым больш удала спалучаю класічны ўрок і яго аблегчаную версію, даючы вучням выбар: проста прачытаць тое, што патрабуецца па праграме, ці вывучыць нешта новае і больш паглыбленае”.
Невядомасць і пошук праўды заўсёды прывабліваюць дзяцей, бо задаткі даследчыка ёсць у кожным, галоўнае — іх разварушыць.
Каб захапіць дзяцей хіміяй, М.М.Дунаеў прадстаўляе яе як гісторыю вялікага падману: “З года ў год я пераконваю дзяцей у тым, што вось гэта зараз ведаць трэба, але азначэнне, што такое хімія, будзе мяняцца і пашырацца. Атрымліваецца, што пакуль вас крыху падманулі, не сказаўшы ўсёй праўды. І якраз для пошуку праўды дзеці актывізуюцца, бо ім становіцца цікава дакапацца да ісціны. Да таго ж пры пабудове некаторых урокаў выкарыстоўваю не толькі веды па хіміі, але і па біялогіі і фізіцы. Гэта дае магчымасць паведаміць вучням разнастайныя цікавыя факты, расказаць пра сучасныя дасягненні вучоных. Невядомасць і пошук праўды заўсёды прывабліваюць дзяцей, бо задаткі даследчыка ёсць у кожным, галоўнае — іх разварушыць”.
Міхаіл Максімавіч, нягледзячы на даволі малады ўзрост, з’яўляецца класным кіраўніком 11 класа. Дзякуючы яму, будучыя выпускнікі пабывалі на шматлікіх прафарыентацыйных мерапрыемствах і змаглі вызначыцца, куды паступаць далей, а таксама пазнаёміліся з культурнай спадчынай Мінска, наведаўшы многія музеі і выставы вядомых мастакоў. “З моладдзю я даволі лёгка знаходжу агульную мову. Таму нават старшакласнікі прынялі мяне хутка і адкрыта, прыходзяць да мяне па параду, давяраюць, я ў сваю чаргу таксама магу падзяліцца з імі сваімі перажываннямі. І гэта вельмі каштоўна”, — прызнаўся педагог.
Па яго словах, самы вялікі прафесійны страх — страх эмацыянальнага выгарання, бо ён цалкам аддаецца вучням. А галоўнае табу для яго як педагога — праяўленне слабасці і няведанне прадмета. “Канечне, нейкую інфармацыю можна і не ведаць ці зрабіць выгляд, што не ведаеш, каб паглядзець, як вучань думае і разважае. Бо я ў першую чаргу стараюся навучыць дзяцей крытычна думаць, каб яны разумелі, наколькі вялізны і ў той жа час маленькі наш свет. Асабліва добра вучні пачынаюць гэта разумець у 10 класе пры вывучэнні арганічнай хіміі, — пракаменціраваў педагог і дадаў: — Самае прыемнае ў педагогіцы — разуменне таго, што настаўнік з’яўляецца для дзяцей правадніком да вялікіх ведаў і іх будучага станаўлення. І мне будзе вельмі прыемна, калі, дзякуючы маім урокам, нехта з маіх вучняў у хіміі ці ў любой іншай навуцы даб’ецца поспеху”.
Вольга АНТОНЕНКАВА.