Педагог Гожскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Аляксей Пілюкоў у час жніва дапамагае гаспадарцы.
З Аляксеем Уладзіміравічам я сустрэлася на зернесушыльным комплесе СВК “Гожа” Гродзенскага раёна. У гэты дзень ён заступіў на змену, але працаваць прыходзіцца суткі, затым можна двое адпачываць. Работа не з лёгкіх, але прафесійны спартсмен не скардзіцца і нават знаходзіць у гэтым нейкую рамантыку. Дапамагаць гаспадарцы летам прыйшоў упершыню, раней у гэты час працаваў у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Дружба”.
— Хацелася змяніць сферу дзейнасці, — расказвае Аляксей Пілюкоў. — У спорце так заведзена: на лета мы распускаем дзяцей, каб яны адпачылі, аднавіліся пасля трэніровак. Вось і я вырашыў змяніць спецыфіку работы. Мне заўсёды хацелася папрацаваць у аграрным сектары. Яшчэ ў падлеткавым узросце, знаходзячыся на канікулах у бабулі, пайшоў працаваць на зернесклад, тады нам давяралі простыя падсобныя работы. А цяпер вырашыў прыняць удзел ва ўборачнай кампаніі. Старшыня СВК “Гожа” Э.Р.Балюк прапанаваў работу на зернесушылцы. Я згадзіўся і не пашкадаваў.
Цяпер зона адказнасці педагога — якасць высушанага зерня. Ён кантралюе працэс яго загрузкі ў загрузачную частку зернесушылкі, а затым выгрузкі, каб усё прайшло без збояў. Педагог гаворыць, што вельмі карысна змяніць на час сваю дзейнасць і проста займацца фізічнай працай.
— Работа цікавая, я нават сказаў бы, рамантычная, — дадае Аляксей Уладзіміравіч. — У пяць гадзін раніцы так прыемна назіраць, як устае сонейка, слухаць, як пяюць птушкі, адчуваць прыемны водар свежага зерня. Усё гэта мяне вельмі натхняе. Упэўнены, што падчас такой працы я адпачну душой і з новымі сіламі вярнуся ў школу да сваіх выхаванцаў.
Тут жа на зернесушыльным комплесе працуюць і школьнікі. Адзінаццацікласнік Раман Жукоўскі і выпускнік Гожскай школы, а сёння навучэнец каледжа камунальнай гаспадаркі Аляксандр Фурмантовіч расказалі, што працай у гаспадарцы задаволены. Дапамагаюць з зернем, зграбаюць, каб не прапала ніводнае зярнятка.
Дарэчы, СВК “Гожа” на працягу многіх гадоў у летні час прадастаўляе школьнікам работу. Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гожскай сярэдняй школы Жанна Завіноўская, у пачатку лета на базе школы быў арганізаваны лагер працы і адпачынку, выхаванцы якога дапамагалі гаспадарцы. Дзеці заўсёды з ахвотай ідуць у такі лагер, бо тут і занятасць у летні час, і добры заробак.
Тым часам у школе дзеці чакаюць Аляксея Пілюкова не толькі як настаўніка, але і як трэнера. У 2013 годзе ён прыйшоў у Гожскую сярэднюю школу, маючы за плячыма вучобу ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, работу трэнерам і настаўнікам.
— Калі пераехалі з сям’ёй у Гожу, пайшоў працаваць у школу, таму што хацеў займацца з дзецьмі. Калі яшчэ сам трэніраваўся, бачыў, як да мяне адносяцца трэнеры. Вось і мне захацелася перадаць свой вопыт дзецям. А дзе гэта можна зрабіць, як не ў школе? Дапамагае мая спартыўная загартоўка, я ведаю, якую нагрузку даць дзецям, як дапамагчы аднавіцца і паказаць больш высокія вынікі, — расказвае настаўнік фізічнай культуры і здароўя.
Як толькі трапіў у школу, Аляксей Пілюкоў пачаў культываваць тут свой любімы від спорту — цяжкую атлетыку. Выйшаў на кіраўніцтва Скідзельскай СДЮШАР, прапанаваў адкрыць у школе секцыю цяжкай атлетыкі, і яму пайшлі насустрач, дапамаглі з абсталяваннем. Фінансавыя сродкі на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыю выездаў дзяцей на спаборніцтвы выдзяляе і СВК “Гожа”. Спачатку крыху сумняваліся бацькі. Але час паказаў, што дзецям падабаецца і ў іх усё атрымліваецца. Ужо ў першы год трэнер падрыхтаваў 5 чэмпіёнаў вобласці. Цяпер бацькі прыводзяць у секцыю нават маленькіх дзяцей.
За 9 гадоў работы ў школе Аляксей Пілюкоў падрыхтаваў 3 майстроў спорту, прычым усе яны дзяўчаты, 4 кандыдатаў у майстры спорту, 6 чалавек увайшлі ў склад нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы. Тры гады Гожская школа прызнавалася самай спартыўнай школай Гродзенскай вобласці. Год назад калега Аляксея пачаў развіваць тут лёгкую атлетыку.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.