Пра навуку з гумарам

- 13:36Навіны рэгіёнаў

Той, каму давялося трапіць на Першую навуковую баталію магістрантаў Science slam-2015, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту, цяпер ведае, што і пра навуку можна расказаць з гумарам, а важнасць прадмета даследавання пры гэтым нікуды не знікне.

Science slam з’ява не новая. Гэты напрамак, а дакладней, міжнародны праект папулярызацыі навукі, паспяхова развіваецца ў шэрагу еўрапейскіх краін, а таксама ў Расіі. Прычым у асобных краінах ён не толькі інтэнсіўна развівацца, але і трансфармуецца ў цэлую сетку самастойных мерапрыемстваў, накіраваных на распаўсюджванне навукі. Жорсткіх патрабаванняў да ўдзельнікаў Science slam няма. Існуе ўсяго некалькі фармальных правіл: выступленне навукоўца павінна быць заснавана на ўласных навуковых даследаваннях і распрацоўках, быць зразумелым шырокай публіцы, а яго працягласць не павінна займаць больш за 10 хвілін.
Піянерамі Science slam сталі 7 магістрантаў. Зразумела, юнакі і дзяўчаты хваляваліся, бо раней такіх спаборніцтваў сярод маладых навукоўцаў Гомельшчыны, а магчыма, і краіны, не было. Падтрымлівала сваіх падапечных дэкан факультэта магістарскай падрыхтоўкі і прафарыентацыі прафесар А.Б.Няўзорава. Яна і з’яўляецца ідэйным натхняльнікам мерапрыемства. Ала Браніславаўна цікавіцца замежным вопытам у рабоце са студэнтамі, адаптуе яго для нашых УВА і нашай моладзі.
— Мяне вельмі зацікавіў гэты праект, — дзеліцца прафесар А.Б.Няўзорава. — Такая форма работы з сур’ёзнымі даследаваннямі дапамагае моладзі не губляць цікавасць да прадмета, да навуковай дзейнасці і напаўняе рабочую руціну займальнымі і запамінальнымі падзеямі.
І вось падрыхтоўка скончана, выступленні гатовы. Баталіі сабралі гледачоў, на суд якіх магістранты ўніверсітэта транспарту прадставілі свае навуковыя даследаванні. Менавіта сапраўдныя даследаванні, бо, як ужо гаварылася, гэта адна з умоў удзелу ў праекце, як і тое, што навуковая работа павінна быць зразумелай кожнаму, хто сядзіць у зале. Перад маладымі навукоўцамі стаяла няпростая задача: за кароткі час яны павінны былі ў гумарыстычнай форме расказаць пра вынікі магістарскіх даследаванняў. Іншымі словамі, абараніць магістарскую з гумарам.
Дзмітрый Сідорка, Дар’я Гюнтар, Ягор Жалязяка, Марына Ганчар, Максім Кавалевіч, Сяргей Аксёнаў і Марына Кілочыцкая прадставілі работы ў такіх кірунках, як транспарт, будаўніцтва, эканоміка і архітэктура. “Апгрэйд нетыпавой бухгалтэрыі” — так назвала сваю працу Дар’я. З дапамогай казачнай балабушкі дзяўчына расказала пра нетрадыцыйныя бухгалтарскія падыходы, паспрабаваўшы даказаць, што фінансавыя даследаванні хоць і пабудаваны на лічбах, але ўсё ж могуць быць вельмі цікавымі. Пра тое, у чым правініўся рэйкавы стык, расказаў Максім Ганчар. На самай справе ў выступленне была закладзена даволі сур’ёзная тэма: прычыны змянення шырыні стыку рэек і навуковы пошук ліквідацыі гэтага недахопу. Выкарыстаўшы метад аналогіі, магістрант даходліва растлумачыў што, чаму і як. У сваёй рабоце “Рэлаксуючыя трубаправоды” Ягор спрабаваў разабрацца ў надзейнасці водаправода, пра што і расказаў з гумарам у вершаванай форме.
Усе без выключэння выступленні былі арыгінальнымі і цікавымі. Першая спроба аказалася даволі ўдалай. Гледачы засталіся задаволенымі і даведаліся шмат новага і цікавага аб навуковых даследаваннях, якія праводзяцца ва ўніверсітэце. Асалоду ад Science slam атрымалі і магістранты. Яны нават не ўтрымаліся і, выкарыстаўшы прысутнасць на мерапрыемстве мясцовых тэлеканалаў, выступілі з прапановай развіваць праект далей і не толькі ў рамках сваёй альма-матар. Хлопцы кінулі выклік студэнтам і магістрантам іншых УВА Гомеля. Паглядзім, што атрымаецца. Вядома ж, дух саперніцтва нараджае цікавыя ідэі і адкрывае новыя гарызонты.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.