На актуальныя для летняга сезона пытанні, як адпачыць, куды паехаць, што паглядзець, настаўнікі Шаркаўшчынскага раёна прапануюць свой адказ: завітаць на іх малую радзіму і азнаёміцца з яе гістарычнымі і прыроднымі славутасцямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Пачакай, затрымайся!
Упэўнены, многія з нас пажадаюць летам адправіцца на Браслаўскія азёры або палюбавацца знакамітым балотам Ельня на Міёршчыне. І ў першым, і ў другім выпадку наш шлях з вялікай верагоднасцю будзе пралягаць праз Шаркаўшчынскі раён. Дык чаму б не затрымацца тут, не дадаць у спланаваны маршрут некалькі цікавых аб’ектаў? Тым больш што паглядзець у гэтым маляўнічым краі ёсць на што. Гэта і старадаўнія храмы, і помнікі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, і музеі, і прыродныя аб’екты (напрыклад, рака Дзісна, а таксама ўжо згаданае балота Ельня). Але самае галоўнае — гэта цікавыя людзі, у першую чаргу настаўнікі. Яны ласкава сустрэнуць, прыветліва ўсміхнуцца і з вялікай любоўю раскажуць пра куточак Радзімы, дзе жывуць і працуюць.
Пачаць знаёмства з Шаркаўшчынскім краем варта з самога райцэнтра — кампактнага, утульнага гарадскога пасёлка. У крокавай даступнасці тут усе сацыяльныя аб’екты плюс шмат цікавага захавалася з часоў мінулых: больш за сотню гадоў у люстэрка Дзісны глядзіцца драўляная Успенская царква, побач з Домам культуры ўзвышаецца яе равесніца — мураваная царква іконы “Усіх смуткуючых Радасць”.
Палюбавацца варта і грамадзянскай архітэктурай пачатку мінулага стагоддзя. А калі падысці да будынка “Белпошты”, то каля ўвахода на памятным валуне можна прачытаць такія словы: “На гэтым месцы ў 1907 годзе быў пабудаваны прыгожы драўляны касцёл Узвышэння Святога Крыжа”. На жаль, у 1963 годзе святыня была зруйнавана… Але захаваліся яе фотаздымкі. Багатая іх калекцыя прадстаўлена на выставе ў сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны.
— Інтэрактыўная краязнаўчая выстава “Шаркаўшчына ў старых фотаздымках”, якую падрыхтавала і аформіла настаўніца гісторыі Аксана Анатольеўна Бабоўская, размешчана ў школьнай рэкрэацыі “Краязнаўства”. Акрамя копій старых чорна-белых фотаздымкаў, тут можна ўбачыць намаляваныя на сцяне выявы храмаў раёна, а QR-код дазваляе азнаёміцца з іх гісторыяй. Выстава з’яўляецца часткай візітоўкі школы. Калі да нас прыязджаюць педагогі з іншых рэгіёнаў, удзельнікі розных семінараў, то мы абавязкова знаёмім іх з выставай. Аповед Аксаны Анатольеўны і яе выхаванцаў заўсёды захапляльны. Прычым гэта аповед не толькі пра гісторыю будынкаў, але і пра прадстаўнікоў розных прафесій, папулярных у Шаркаўшчыне ў розныя перыяды гісторыі. Таму экскурсія з’яўляецца яшчэ і часткай прафарыентацыйнай работы з вучнямі, — паведаміла дырэктар школы Ірына Рычардаўна Рымдзёнак.
Імя герояў
Калі ў 1-й школе прадстаўлены фотаздымкі помнікаў архітэктуры, то ў выставачным цэнтры сярэдняй школы № 2 Шаркаўшчыны, якая з 1 верасня 2021 года носіць імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына, можна ўбачыць малюнкі архітэктурных славутасцей раёна.
Аўтарам работ з’яўляецца вучаніца 11 класа Вольга Еўдакімава. Дзяўчына неаднаразова станавілася прызёрам творчых конкурсаў. Напрыклад, у гэтым годзе на абласную акцыю-конкурс “Дарогамі Перамогі” ў намінацыі “Гераічны летапіс вызвалення” яна даслала работу, дзе адлюстравала абарону чырвонаармейцамі моста праз Дзісну ў ліпені 1944 года. Журы высока ацаніла талент юнага мастака і ўзнагародзіла Вольгу дыпломам І ступені.
Што тычыцца самога моста, то сёння ён носіць імя камандзіра 1720-га зенітна-артылерыйскага палка ўраджэнца Грузінскай ССР Мінаса Назарэцяна, які геройскі загінуў, абараняючы стратэгічны аб’ект ад налётаў варожай авіяцыі. Пра той час нагадваюць памятныя шыльды, усталяваныя з абодвух бакоў моста, а таксама помнік гвардыі лейтэнанту, пастаўлены ў цэнтры Шаркаўшчыны на сродкі яго пляменніка Назарэта Абгаравіча. Менавіта па яго просьбе і хадайніцтве ў 2011 годзе мост атрымаў імя мужнага чырвонаармейца, пасмяротна ўзнагароджанага ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Ведаюць вучні 2-й школы і пра подзвігі Рамана Сцяпанавіча Кудрына. У выставачным цэнтры яму прысвечаны асобны куток. Як паведаміла дырэктар школы Ядвіга Вітальеўна Балай, ствараць экспазіцыю было няпроста. Нягледзячы на тое, што Раман Сцяпанавіч пасля Вялікай Айчыннай вайны жыў у Шаркаўшчыне (захаваўся нават яго дом), ніякіх асабістых рэчаў ветэрана, на жаль, не засталося. Аднак у інтэрнэце былі знойдзены дакументы аб здзейсненых ім подзвігах і ўзнагародныя лісты, таксама знайшліся фотаздымкі героя. Дзякуючы гэтым матэрыялам была аформлена экспазіцыя.
Пра баявы шлях Рамана Сцяпанавіча паведаміў настаўнік гісторыі Міхаіл Часлававіч Пугаўка. Па яго словах, Раман Кудрын нарадзіўся ў Бранскай вобласці ў 1916 годзе. Праходзіў службу ў Чырвонай Арміі ў 1937—1939 гадах. Пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны прызваны паўторна. На фронце — з ліпеня 1941 года. У 1945 годзе камандаваў 1-м батальёнам 82-га стралковага палка. Падчас вайны чатыры разы быў паранены. 31 мая 1945 года капітан Раман Кудрын быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пасля Вялікай Айчыннай вайны працаваў на партыйных пасадах, пражываў у Шаркаўшчыне, дзе памёр і пахаваны ў студзені 2003 года.
Любіць тое, у што верыш
Помнікаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, у Шаркаўшчыне некалькі. Акрамя памятных знакаў у гонар Мінаса Назарэцяна, гэта абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан на плошчы Леніна, насупраць 2-й школы — помнік землякам, якія загінулі ў гады вайны, стэла ў гонар вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і валун з шыльдай у памяць пра Рамана Кудрына на плошчы 1 Мая. Гэтыя месцы таксама вартыя для наведвання, тым больш што знаходзяцца яны, як ужо адзначалася, у крокавай даступнасці.
Яшчэ ў Шаркаўшчыне пры выездзе на Глыбокае не лішнім будзе спыніцца каля арыгінальных банераў. На вялікіх палотнах — выявы і кароткія звесткі пра знакамітых людзей, чыё жыццё звязана з шаркаўшчынскай зямлёй, а таксама іх яркія выказванні. Мне, напрыклад, запомнілася такое: “Люблю тое, у што веру, а веру ў тое, што люблю”. Гэтыя словы ў свой час сказаў наш знакаміты мастак, педагог, этнограф Язэп Драздовіч.
Вымаўляем правільна
Пэўны час ён працаваў у Сталіцы — вёсцы побач з Германавічамі. Цяпер каля Германавіцкай сярэдняй школы ў будынку сядзібнага дома канца XVIII стагоддзя знаходзіцца мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н.Драздовіча. Сярод шэрага арыгінальных работ мастака прадстаўлена карціна з выявай Германавіцкага касцёла. Яшчэ адна славутасць аграгарадка — дзеючая стараверская царква.
З лёсам гэтых святынь Германавіч, з багатай гісторыяй сучаснага аграгарадка азнаёмімся ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі. Але перад экскурсіяй невялікая рэмарка: у назве Германавіч, калі хто не ведае, націск трэба рабіць на другім, а не на першым складзе. Калі мясцовыя жыхары пачуюць ад вас правільнае вымаўленне, паверце, ім будзе вельмі прыемна.
Унікальныя храмы
Свае дзверы музей адчыніў 9 мая 1985 года. Яго экспазіцыя складаецца з некалькіх раздзелаў, якія расказваюць пра гісторыю Германавіч ад першага ўпамінання ў гістарычных крыніцах да нашых дзён, падзеі Вялікай Айчыннай вайны, летапіс Германавіцкай сярэдняй школы. Асобны акцэнт падчас экскурсіі робіцца на святынях Германавіч, тым больш што яны ўнікальныя. Адна з іх — дзеючая Свята-Успенская стараверская царква.
— Гэты помнік народнага дойлідства быў пабудаваны з дрэва на правым беразе ракі Дзісны ў 1926 годзе. Царква не спыняла сваёй дзейнасці нават у гады Вялікай Айчыннай вайны і ў савецкі час. У 2006 годзе, пасля смерці духоўнага настаўніка, быў перапынак у службах, але 17 снежня 2017 года яны аднавіліся, — так коратка расказала пра лёс святыні кіраўнік музея Ганна Васільеўна Свілёнак.
Наогул, расказваць пра храм настаўніца можа доўга і цікава, паколькі сама з’яўляецца яго прыхаджанкай. А мы падыдзем да яшчэ адной святыні Германавіч — касцёла, узведзенага ў другой палове XVIII стагоддзя ў стылі віленскага барока. Цікавы факт: калісьці ўсе дарогі, якія вялі ў Германавічы, сыходзіліся каля храма. Таму кожны падарожнік, які праязджаў праз гэтыя мясціны, любаваўся святыняй.
У гонар зенітчыкаў
— Раздзел “Ніхто не забыты — нішто не забыта” змяшчае імёны і прозвішчы землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воінаў 1406-га зенітна-артылерыйскага палка і 166-й стралковай дывізіі, якія загінулі пры вызваленні нашага краю 1 ліпеня 1944 года. Захоўваюцца ў раздзеле і цікавыя рэчы, знойдзеныя пошукавай групай вучняў. Гэта салдацкія каскі, гадзіннікі, пляшкі, ручкі.
А вось гэты экспанат мы называем “параненае дрэва”. Яго знайшоў у заказніку “Ельня” і перадаў у музей наш выпускнік Валерый Кавалёнак. Незвычайны экспанат нагадвае пра чэрвень 1944 года, калі на балоце Багна-Мох дыслацыраваліся партызанскія брыгады падчас карнай гітлераўскай экспедыцыі. Захоўваюцца ў музеі фотаздымкі партызан і падпольшчыкаў, дзённік партызана Фёдара Іванавіча Маляванкіна, — паведаміла кіраўнік музея.
Асобны пакой расказвае пра вызваленне Германавіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго экспазіцыя аформлена ў выніку сустрэч з воінамі 1406-га зенітна-артылерыйскага палка. Першы, з кім наладзілі сувязь германавіцкія пошукавікі, быў Сяргей Міхайлавіч Прохараў. Потым ён звязаўся з аднапалчанамі, камандзірам палка, і ў 1985 годзе ветэраны разам з сем’ямі прыехалі ў Германавічы, наведалі месцы баёў, у тым ліку мост праз Дзісну, які яны абаранялі ад налётаў нямецкай авіяцыі. У музеі, дарэчы, прадстаўлена схема таго бою. Усяго адбылося чатыры сустрэчы з ветэранамі, у выніку якіх экспазіцыя школьнага музея значна папоўнілася, была складзена гісторыя палка. Значную дапамогу тут аказаў палкавы летапісец Пётр Цітавіч Вастранкоў.
Цікава, што на месцы сённяшняга будынка школы ў час вайны знаходзіўся штаб палка, таму цалкам лагічна, што ў 1989 годзе пасля хадайніцтва ветэранаў у школьным двары была пастаўлена 37-міліметровая зенітка.
Плённае супрацоўніцтва
Тое, што мастацка-этнаграфічны музей імя Я.Н.Драздовіча знаходзіцца побач з Германавіцкай сярэдняй школай, безумоўна, дапамагае ўстанове адукацыі і ўстанове культуры разам выхоўваць падрастаючае пакаленне.
Па словах дырэктара школы Людмілы Георгіеўны Маркевіч, да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў супрацоўнікі музея распрацавалі маршрут “Шляхамі памяці і смутку”. А падарожжа па турыстычным маршруце “Сцяжынкамі Язэпа Драздовіча” дазваляе дзецям азнаёміцца з мясцінамі, якія натхнялі мастака на стварэнне арыгінальных палотнаў.
— Музейна-педагагічныя заняткі — адзін з найважнейшых кірункаў супрацоўніцтва музея з установай адукацыі. Яны прадугледжваюць работу з дзецьмі рознага ўзросту з выкарыстаннем музейных прадметаў. Іх тэматыка разнастайная: “Да роднай мовы і культуры крок зрабі”, “Час і памяць”, “Беларускі лён”, “У госці да бабулі Ваструхі” і г.д. Мы з вучнямі заўсёды наведваем выставы, якія ладзяцца ў музеі. У гэтым навучальным годзе азнаёміліся з матэрыяламі выстаў “Без тэрміну даўнасці”, “Бацькоўская зямля — душы натхненне”, “Вайна. Перамога. Памяць”, “Духоўным стаў яго хлеб надзённы” (да 135-годдзя з дня нараджэння Язэпа Нарцызавіча Драздовіча). Мы з’яўляемся і актыўнымі ўдзельнікамі міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, а ў жніўні абавязкова прыходзім на бульбяны фэст “Мой край, мой рай бульбяна-жытны”, які ладзіцца супрацоўнікамі музея, удзельнічаем у прэзентацыі страў з бульбы. Цяпер разам з музейшчыкамі збіраем матэрыялы аб прадстаўніках башкірскага народа, якія загінулі пры вызваленні Шаркаўшчынскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — паведаміла дырэктар школы.
Лужкаўская зямля
У падарожжа па Шаркаўшчынскім раёне варта абавязкова ўключыць яшчэ адзін пункт — Лужкі, тым больш што знаходзяцца яны недалёка ад Германавіч. Тут таксама і касцёл, і царква, і цікавыя маршруты, распрацаваныя настаўнікамі Лужкаўскай сярэдняй школы. Рэалізуецца педагогамі і цікавы праект шостага школьнага дня “Малая радзіма — лужкаўская зямля”.
— Праект знаёміць вучняў са старонкамі гісторыі роднага краю, дапамагае ім дакрануцца да мінулага, асэнсаваць сучаснасць, зазірнуць у будучыню. Уся інфармацыя па рэалізацыі праекта размяшчаецца на спецыяльным стэндзе ў будынку школы. Таксама на сайце ўстановы адукацыі ёсць рубрыка “Шосты школьны дзень”. Змяшчаюцца матэрыялы праекта і ў школьнай газеце “Экспрэс-навіны”, — расказвае дырэктар школы Наталля Віктараўна Вершаловіч.
Праект уключае некалькі блокаў, якія рэалізуюцца на працягу аднаго месяца. Напрыклад, у верасні дзеці вывучаюць гісторыю і традыцыі былога мястэчка Лужкі, у сакавіку — адметнасці прыроды роднага краю. Кастрычнік цалкам прысвечаны вывучэнню архітэктурных помнікаў Шаркаўшчынскага краю. З адметнасцямі аграгарадка знаёміць і экскурсійны маршрут “Лужкі — зямля нашых продкаў”.
— Пачынаецца маршрут у скверы каля брацкай магілы савецкіх воінаў. Далей экскурсантаў чакае праваслаўная царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, будынак былой сінагогі, вадзянога млына, касцёл Святога Міхаіла Архангела, капліца, месца сядзібы графа Плятэра-Зіберга, магіла партызанкі Настассі Бельскай, замкавая гара, школьны дэндрарый, зімовы сад, музей прыроды, музей гісторыі ўстановы адукацыі. Заканчваецца экскурсія ў скверы аграгарадка, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Алена Генрыхаўна Арэхава.
У любога падарожжа, тым больш такога цікавага, абавязкова павінен быць працяг. Таму не буду падрабязна расказваць пра аб’екты маршруту. Думаю, вы і самі завітаеце ў Лужкі і паслухаеце цікавы аповед настаўнікаў.
Сумесныя дасягненні
З асаблівай цеплынёй пра славутасці шаркаўшчынскай зямлі, адметнасці работы школ па грамадзянска-патрыятычным і працоўным выхаванні вучняў на працягу ўсёй маёй камандзіроўкі расказвала начальнік аддзела па адукацыі Шаркаўшчынскага райвыканкама Кацярына Рыгораўна Міхнёнак:
— Наш раён невялікі, і сістэма агульнай сярэдняй адукацыі прадстаўлена шасцю школамі, такая ж колькасць і дзіцячых садоў. Усяго ў нас 1231 навучэнец. Кожная ўстанова — гэта дружная сям’я, у якой старэйшыя клапоцяцца пра малодшых, а малодшыя з павагай ставяцца да дарослых. Таму нам удаецца паспяхова рэалізоўваць адукацыйныя задачы: вучыць і выхоўваць сапраўдных грамадзян.
Што тычыцца краязнаўчай работы, то ў кожнай установе адукацыі настаўнікамі распрацаваны экскурсійныя маршруты па малой радзіме. Напрыклад, у Іодскай сярэдняй школе — “Боль і памяць іодскай зямлі”, у Лужкаўскай сярэдняй школе — “Лужкі — зямля нашых продкаў”, у Більдзюжскай сярэдняй школе распрацоўваюць веласіпедныя маршруты па родным краі, у сярэдняй школе № 1 Шаркаўшчыны падрыхтавана краязнаўчая квест-гульня па вуліцах райцэнтра.
Нашы ўстановы актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У гэтым годзе па выніках абласной акцыі-конкурсу “Дарогамі Перамогі” дыплом І ступені атрымала вучаніца Вольга Еўдакімава з сярэдняй школы № 2 Шаркаўшчыны імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. У мінулым навучальным годзе ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў Глеб Свілёнак з Германавіцкай сярэдняй школы заняў 2-е месца. Вучні старшых класаў гэтай жа ўстановы адукацыі сталі пераможцамі рэспубліканскага анлайн-конкурсу “Гісторыя маёй краіны”, а Ганна Высоцкая перамагла на рэспубліканскім конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны” ў рамках беларуска-расійскага праекта “Цягнік Памяці”. У гэтым годзе Віцебскую вобласць на праекце будзе прадстаўляць яшчэ адзін вучань з Германавіч Уладзіслаў Фёдараў.
Падобнымі дасягненнямі можа падзяліцца кожная ўстанова адукацыі раёна. Куратарам работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні школьнікаў з’яўляецца Шаркаўшчынскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі.
Творчае заданне
Наш маршрут па Шаркаўшчынскім раёне пралягаў пераважна па берагах Дзісны — звілістай і своеасаблівай ракі, над якой узвышаюцца і храмы ў Шаркаўшчыне, і святыні ў Германавічах.
Калі будзеце падарожнічаць па раёне і здымаць помнікі архітэктуры, паспрабуйце пашукаць ракурс, каб на здымку храмы глядзеліся ў люстэрка Дзісны. У вас павінен атрымацца сапраўдны фоташэдэўр! Падказка: пачаць можна з Успенскай царквы ў Шаркаўшчыне. Для мяне гэта таксама будзе творчым заданнем на чарговую камандзіроўку ў маляўнічы, багаты на гістарычныя і прыродныя славутасці край.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара