У выхаванні дзяцей з асаблівасцямі развіцця не бывае нязначных дробязей: трэба кожнаму навыку і ўменню ўдзяліць максімум увагі — толькі так можна падрыхтаваць дзіця да самастойнага жыцця. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У цэнтр мы завіталі ў пахмурны дзень, але сам будынак, пафарбаваны ў сонечны колер, выглядаў радасна і гасцінна.
— Гэта і ёсць наша мэта — каб дзецям і іх бацькам да нас хацелася прыходзіць, — заўважае дырэктар Лепельскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяна Вайцяховіч. — Каб ім не здавалася, што тут іх будуць ацэньваць ці нават асуджаць (бывае, і такія думкі стрымліваюць людзей ад
наведвання нашага цэнтра). Мы пастараліся, каб тут усім было спакойна і камфортна. Хаця работа наша вельмі сур’ёзная: праводзім індывідуальную дыягностыку кожнага дзіцяці, вызначаем для яго адукацыйны маршрут, аказваем карэкцыйна-педагагічную дапамогу, вядзём базу даных дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а іх сёння ў раёне 516.
Таццяна Уладзіміраўна праводзіць мяне па памяшканнях цэнтра, каб паказаць, як працуюць з выхаванцамі, якіх тут сёння 20. Будынак невялікі, аднапавярховы, але ўнутры складваецца адчуванне прасторы: сцены — светлыя, вокны — вялікія. Усё гэта, па словах педагога-псіхолага Алены Шэпель, пазбаўляе дзіця ад страхаў, дапамагае яму адчуць давер да дарослых, бо ў цэнтры ёсць дзеткі з праблемамі адаптацыі, расстройствамі аўтыстычнага спектра — узрушыць іх спакой можа любая дробязь. З кожным такім маленькім чалавекам у педагогаў наладжаны добры кантакт. Дарэчы, у цэнтры працуюць 3 выхавальнікі па суправаджэнні дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра, а таксама настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, педагог сацыяльны, 3 настаўнікі, 4 выхавальнікі. Дзейнічае летні лагер, на працягу года праводзяцца экскурсіі, напрыклад, у Лепельскі краязнаўчы музей.
Сёння Лепельскі ЦКРНіР — шматфункцыянальная пляцоўка для сацыяльнай, псіхічнай і фізічнай адаптацыі дзяцей.
— Адзін з прыярытэтных напрамкаў — работа з бацькамі, — адзначае Таццяна Вайцяховіч. — Без заняткаў дома цяжка ажыццяўляць комплекснае выхаванне дзіцяці з парушэннямі ў развіцці, што б мы ў цэнтры ні рабілі. Таты і мамы — нашы першыя памочнікі. Вось глядзіце — гэта стэнд “Люблю маю Беларусь”, малюнкі на тэму роднай зямлі дзеці рабілі сумесна з бацькамі і педагогамі, па тэхналогіі “рука ў руцэ”. Выстава на працягу года пастаянна мяняецца. Дарэчы, у цэнтры створаны бацькоўскі клуб “Надзея”. А работу з дзецьмі з АПФР мы пачынаем ужо ва ўзросце да 3 гадоў. Для іх працуе кабінет ранняй комплекснай дапамогі. Вельмі важна пачаць як мага раней, таму што і бацькі разам з дзеткамі шмат чаму вучацца ад нас, педагогаў: матывацыі, спакою, вытрымцы, розным практыкаванням.
Наша мэта — павышэнне якасці жыцця дзяцей з інваліднасцю. Калі мы не дапаможам гэтым дзеткам, то хто?
Ёсць у цэнтры сенсорны пакой, свая варкаўт-пляцоўка, адаптаваная для інвалідаў-калясачнікаў. Шмат чаго для заняткаў тут створана рукамі педагогаў і бацькоў. Выхавальніца Галіна Канавальчык зрабіла вялікі вязаны куб, які спрыяе развіццю дробнай маторыкі. Самі педагогі аформілі і так званы бізіборд — дошку з рознымі дробнымі прадметамі. На ім можна папрактыкавацца адмыкаць замок, пагуляць з уключальнікам святла, пакруціць цыферблат гадзінніка, уставіць шнур у разетку, навучыцца завязваць шнуркі.
— Ёсць у нас шмат дыдактычных гульняў і дапаможнікаў, у тым ліку самаробных, якія прызваны азнаёміць выхаванцаў з навакольным светам, — дэманструе нам адну з такіх распрацовак намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Кацярына Макерава. — Дзеці вучацца разумець, што такое пара года, якія бываюць рабочыя інструменты, адзенне. Нават які бывае настрой, эмоцыі — гэтаму іх таксама трэба вучыць.
— Наш цэнтр каардынуе работу ўсіх педагогаў-дэфектолагаў раёна — у школах, дзіцячых садах, — расказвае Таццяна Вайцяховіч. — Мы ажыццяўляем актыўную метадычную дзейнасць, удзельнічаем у абласных семінарах-практыкумах, тэматычных кансультацыях. Каб добра вучыць, трэба і самім увесь час вучыцца.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара